Пастухоў: Расія ўваходзіць у эпоху згасання рускай цывілізацыі

Расія ў асобе Пуціна настойліва прапануе сябе Кітаю ў якасці малодшага партнёра, а Кітай адмахваецца ад гэтых назойлівых прапаноў, разважае гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Мой сябар, які амаль год не быў у Расіі, вярнуўся поўны уражанняў. Згадаў стандартны набор, які ніколькі не здзіўляе мяне: «Масква — зручны для жыцця еўрапейскі горад», «цэны выраслі, але грошай стала яшчэ больш», «пра вайну альбо добра, альбо ніяк» і яшчэ некалькі такіх жа сентэнцый, што даўно сталі звыклымі. Аднак на пытанне, што ўсё-ткі кінулася яму найперш у вочы па прыбыцці, праз год адсутнасці, вельмі выразна адказаў: мноства надпісаў на кітайскай мове…

Надпісы гэтыя, натуральна, пачынаюцца з метро, дзе яны выцясняюць дубліраванне на англійскай мове, але прысутнічаюць ужо і на шыльдах у крамах, і ў рэстаранных меню, і яшчэ шмат дзе. І гэта не проста жаданне ўцерці нос англасаксам.

Духоўнае ідзе за матэрыяльным. Носьбіты мовы натуральным чынам паступова запаўняюць сабой вакуум, які ўтварыўся пасля зыходу еўрапейцаў. Кітайская прысутнасць усё больш адчувальная ў Маскве (наконт Сібіры і Далёкага Усходу казаць не бяруся – няма інфармацыі, але, мяркую, што і там кітайцы не чужыя). Прынамсі, на ўзроўні ўспрымання.


Глядзіце таксама

Знаёмая скардзілася на цяжкасці са здачай кватэры ў цэнтры: добрыя грошы ў асноўным у кітайскіх кватэранаймальнікаў, але здаваць ім сваё жыллё пакуль боязна.

Наўрад ці на практыцы ўсё зайшло так далёка, але трэнд відавочны. Кітай пранікае ў Расію маштабна, няўхільна і, падобна, незваротна.

Візіт Пуціна ў Кітай знешне касплеіць наезды рускіх князёў у Арду за ярлыком на «вялікае княжанне». Той, хто памятае традыцыйную фанабэрыю рускіх чыноўнікаў (імперскіх, савецкіх і постсавецкіх), іх грэбліва-пагардлівае стаўленне да любых замежнікаў, шмат разоў апісанае ў рускай літаратуры, не можа без здзіўлення назіраць за тым, як Пуцін лісліва ўздымае і сам Кітай, і яго старшыню Сі.

Кітайскае — значыць, выдатнае. Дастаткова бегла прагартаць Яндэкс.Дзэн, каб зразумець, што менавіта гэты слоган з'яўляецца сёння лейтматывам прапаганды. Усе размовы пра «рускі свет» на гэтым фоне здаюцца бутафорскімі.

На практыцы немагчыма схаваць, што Расія ў асобе Пуціна настойліва прапануе сябе Кітаю ў якасці малодшага партнёра, а Кітай моршчыцца і нядбайна адмахваецца ад гэтых назойлівых прапаноў, хаваючы пагарду і халодны разлік мсціўца за шырокай усходняй усмешкай.

Калі адхіліцца ад актуальнай палітычнай позвы, нават такой надзённай, як вайна і ўнутраны тэрор, які падымае галаву, і пастарацца вылучыць тое галоўнае, што характарызуе эпоху, якую перажывае цяпер Расія, то ў сухім астатку будзе менавіта гэты стратэгічны цывілізацыйны разварот ад Еўропы ў бок Кітая — гэтай сучаснай арды «рускага свету».


Глядзіце таксама

Ключавая праблема палягае ў тым, што разварот гэты зроблены не ў інтарэсах Расіі, а ў інтарэсах яе кіруючага клана, які заблытаўся ў ім жа створаным клубку невырашальных праблем і не бачыць іншага шляху забяспечыць захаванне ўлады ў сваіх руках, як аддаць сябе і краіну Кітаю. Для іх гэта сапраўды адзіны выхад у сітуацыі, якая склалася. А вось для Расіі гэта, хутчэй за ўсё, уваход. Уваход у працяглую эпоху згасання той самай рускай цывілізацыі, пра якую Пуцін так шмат распінаўся нядаўна на Валдайскім форуме.

Руская цывілізацыя, калі ўжо казаць як пра такую, заўсёды выжывала менавіта як цывілізацыя-пасрэднік паміж Усходам і Захадам. Пуцін сваёй палітыкай выбівае з-пад яе ног гэтую магчымасць, як кат выбівае табурэтку з-пад ног асуджанага да павешання. Прывязаная да Кітая і пазбаўленая ўраўнаважвальных сувязей з Захадам, Расія бязвольна павісне на кітайскай вяроўцы, губляючы крок за крокам і свой славуты суверэнітэт, пра які так клапоцяцца цяперашнія яе ўладары, і сваю культурную ідэнтычнасць, пра якую так клапоцяцца яе цяперашнія духоўныя айцы.


Глядзіце таксама