Патрыярх Кірыл: ядзерную зброю стваралі «пад покрывам прападобнага Серафіма Сароўскага»

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што ядзерная зброя, распрацаваная ў Сарове ў Ніжагародскай вобласці «па невымоўнай боскай волі», дазволіла Расіі застацца свабоднай і незалежнай краінай. 

sarovskiy.jpeg

Пра гэта ён заявіў, калі ўручаў ордэн прападобнага Сергія Раданежскага першай ступені фізіку Ількаеву — ганароваму навуковаму кіраўніку федэральнага ядзернага цэнтра. Словы Кірыла прыводзіць ТАСС.

«Радый Іванавіч — гэта, я б смела сказаў, вялікі рускі навуковец. Ён узначальвае ядзерны цэнтр, той самы, які быў створаны Курчатавым. Калі б не праца Курчатава, Радыя Іванавіча, іх калег, сабратаў, то цяжка сказаць, ці існавала б наша краіна. Яны стварылі зброю пад покрывам прападобнага Серафіма Сароўскага, таму што па невымоўнай боскай волі гэта зброя стваралася ў абіцелі прападобнага Серафіма. Дзякуючы гэтай сіле Расія засталася незалежнай, свабоднай, і, вядома, мы ўсе павінны захоўваць у нашых сэрцах і ў памяці гэты выдатны подзвіг нашых навукоўцаў, якія практычна выратавалі краіну», — сказаў Кірыл.


Глядзіце таксама

  • Радый Ількаеў — спецыяліст у галіне тэарэтычнай і эксперыментальнай ядзернай фізікі, аўтар і сааўтар больш чым 600 навуковых прац па абароннай тэматыцы, адзін з распрацоўшчыкаў тэрмаядзерных зарадаў і мер павышэння бяспекі ядзернай зброі.

  • Серафім Сароўскі (1754 — 1833) — заснавальнік і заступнік Дзівееўскага манастыра. Патрыярх РПЦ Кірыл раней казаў, што прападобны Серафім Сароўскі — «заступнік ядзершчыкаў».

  • У Сарове знаходзіцца расійскі федэральны ядзерны цэнтр — Усерасійскі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай фізікі. Цэнтр распрацоўвае і вырабляе ядзерныя боепрыпасы. У 2019 годзе Цэнтр замовіў 76 абразоў Серафіма Сароўскага са стразамі.

Паводле meduza.io,  www.vgoroden.ru