У РФ затрымалі адвакатаў Навальнага. Здавалася б, прычым тут Беларусь

У Каўроўскім гарадскім судзе 17 кастрычніка пачаўся разгляд пазоваў расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага да папраўчай калоніі № 6 ва Уладзімірскай вобласці. Пры гэтым у палітыка няма адвакатаў, распавядае «Медыязона».

Фота "Медыязоны"

Фота "Медыязоны"

Навальнага падключылі па відэа непасрэдна з калоніі, аднак ён не чуе нічога, сказанага ў зале, бо яму адключылі гук, каб ён не мог мець зносіны з прэсай. Пасля гэтага палітык выступіў з заявай, у якой назваў арышт сваіх адвакатаў «абуральным і беззаконным».

«У цяперашні час я, шчыра кажучы, не вельмі разумею, якая павінна быць мая пазіцыя па гэтым судзе і па ўсіх астатніх. Вось я інфармую суд, напрыклад, што сёння Следчы камітэт адправіў мне дэпешу, што тэрмінова будзе з маім удзелам праводзіць нейкія следчыя дзеянні, з выдатным і здзеклівым дадаткам: «Калі ў вас няма адваката, вы, калі ласка, распачніце нейкія дзеянні, каб знайсці адваката». А якія дзеянні я магу распачаць, калі я нават не разумею, што з маімі адвакатамі, да мяне нікога не пускаюць, я цалкам ізаляваны ад інфармацыі. І радыё нават — дзякуючы вам персанальна — у мяне няма. Нават па радыё «Маяк» я не магу пачуць, што адбываецца ў нашай краіне», — сказаў Навальны.

На думку палітыка, яго адвакатаў пераследуюць за іх прафесійную дзейнасць. Ён назваў тое, што адбываецца «сутаргай гэтай агіднай улады і рэакцыяй», якая паказвае, наколькі ён і яго паплечнікі ў ФБК дзейнічаюць правільна. Навальны адзначыў, што ў яго і паплечнікаў «ёсць права займацца палітычнай дзейнасцю, у мяне ёсць права цалкам прама сказаць, што так, я супраць Уладзіміра Пуціна». У момант згадкі прэзідэнта РФ суддзя перапыніў Навальнага і папрасіў казаць «па справе».


Глядзіце таксама

Траіх адвакатаў Навальнага — Ігара Сяргуніна, Вадзіма Кобзева і Аляксея Ліпцэра — арыштавалі 13 кастрычніка па справе аб удзеле ў «экстрэмісцкай супольнасці» (частка 2 артыкула 282.1 КК РФ). Па гэтым артыкуле ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Паводле версіі следства, адвакаты «рэгулярна перадавалі інфармацыю» ад палітыка ягонай камандзе». Паплечнікі Навальнага лічаць, што пераслед адвакатаў — частка плана па поўнай ізаляцыі палітыка.

16 кастрычніка яшчэ адзін адвакат Навальнага Аляксандр Фядулаў не з'явіўся на пасяджэнні суда ў Дыванове ва Уладзімірскай вобласці і перастаў выходзіць на сувязь. Пазней ён паведаміў, што з'ехаў з Расіі.

Варта адзначыць, што пераследам адвакатаў палітвязняў расійскія ўлады цалкам капіююць практыку рэжыма Лукашэнкі. У Беларусі за апошнія тры гады была цалкам зачышчаная незалежная адвакатура. У кагосьці адабралі ліцэнзіі, нехта выехаў за мяжу, частку рэпрэсавалі і кінулі ў турмы на працяглыя тэрміны.