Вячорка: Моцнай патрэбы ў супрацы з расійскім ліберальным колам у дэмсіл сёння няма

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра новае інтэрв’ю лідаркі дэмсіл, якое абурыла расіян. Вытрымкі з меркавання дарадцы прыводзіць «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Свабоды Premium».

svetlana_tikhanovskaya_riga_20220608_franak_vyachorka_22.jpg

Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю расійскаму выданню «Новая газета. Европа». У ім палітык падкрэсліла, што намагаецца, каб Беларусь і Расію не клалі ў адзін кошык, а таксама некалькі разоў падкрэсліла, што паміж беларусамі і расіянамі істотная розніца, таму, напрыклад, несправядліва для іх уводзіць аднолькавыя абмежаванні ў Еўропе.

— Мы ж бачым знакі Z на вуліцах у Расіі, бачым расійцаў, вельмі агрэсіўна супраць Украіны настроеных. У Беларусі вы такога не ўбачыце ніколі. У нас беларусы проста не разумеюць, як можна напасці на суседнюю краіну, на блізкую краіну, — сказала Ціханоўская. — У расійцаў усё ж такі ёсць імперыялістычныя амбіцыі, і яны распаўсюджваюцца на большасць насельніцтва, на жаль.

Ціханоўская таксама адзначыла, што Пуціна ў адрозненне ад Лукашэнкі прызнаюць легітымным кіраўніком.

Такія выказванні лідаркі беларускіх дэмсіл абурылі некаторых прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, пра што яны пачалі пісаць у сацыяльных сетках.

— Я думаю, што Святлана так сказала, таму што яна так думае і бачыць розніцу ў паводзінах грамадстваў у Беларусі і Расіі. Гэта бачаць і ўкраінцы, і еўрапейцы. Адрозніваюцца кантэксты, і менавіта на гэта звярнула ўвагу Ціханоўская, — кажа Вячорка ў інтэрв’ю. — Ці яно кагосьці пакрыўдзіла? Магчыма, так. Ці адпавядае яно рэчаіснасці? Значыць, у беларускай перспектыве адпавядае.

Безумоўна, гэта не значыць, што ўсе расійцы — пуцінцы і за вайну. Ёсць розныя людзі, і тыя, хто актыўна супрацьстаяць Пуціну: многія зараз у турмах, нехта страціў жыццё, многія працуюць у эміграцыі.

Але калі казаць пра грамадства ў цэлым, то, вядома, яно замбіравана прапагандай, верыць Пуціну і хворае на імперыялізм. Нехта пра гэта мусіць казаць, і Святлана Ціханоўская гэта ў інтэрв’ю выразна абазначыла.

Глядзіце таксама

Вячорка звярнуў увагу, што ў беларускай і расійскай апазіцый адрозніваюцца кантэксты.

— У Святланы Ціханоўскай ёсць выбарная легітымнасць і легітымнасць, якую яна здабыла цягам апошніх трох гадоў актыўнай працы дзеля інтарэсаў Беларусі. У расійскай апазіцыі гэтага няма.

Як толькі на нейкім форуме ў дыскусіі з’яўляецца беларуская і расійская тэма, расійская пажырае любыя размовы пра Беларусь. Пра Беларусь забываюць і пачынаюць гаварыць толькі пра Расію.

Былі некаторыя дыскусіі, і мы бачылі: з’яўляюцца расійскія апазіцыянеры, і ўвага аўдыторыі адразу толькі на расійскую тэму. Таму нам не вельмі спрыяе абмеркаванне Беларусі ў кантэксце з Расіяй. Мы тады становімся часткай вялікай праблемы.

Уся ж дзейнасць Ціханоўскай накіравана на тое, каб паказаць, што Беларусь — гэта асобная праблема і патрабуе асобнага падыходу, стратэгіі, і нас не трэба класці з расійцамі ў адзін кошык. Стратэгіі па Расіі і Беларусі павінны адрознівацца.

У беларусаў і расійцаў розныя нацыянальныя інтарэсы. Так, мы суседзі, але наш інтарэс зараз — захаваць незалежнасць, суверэнітэт, суб’ектнасць на міжнароднай арэне. Моцнай і вострай патрэбы ў супрацы з расійскім ліберальным колам на сёння няма.

Прынамсі, нешта прапанаваць, даць, узмацніць нашу працу і рух яны не могуць. Але гэта не адмяняе заслуг людзей, якія працуюць на разгром пуцінскага рэжыму.