Прэзідэнт Латвіі: NATO павінна закрыць Балтыйскае мора, калі за пашкоджаннем трубаправода стаіць РФ

Балтыйскае мора могуць закрыць для суднаходства? Эстонія расследуе магчымы акт дыверсіі на газаправодзе ў Балтыйскім моры, падазраюць датычнасць да здарэння Расіі.

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Фота bialoruska24.org

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Фота bialoruska24.org

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс лічыць, што NATO можа закрыць рух у Балтыйскім моры, калі расследаванне пакажа, што Расія нанесла шкоду газаправоду паміж Фінляндыяй і Эстоніяй, які праходзіць па дне Балтыйскага мора.

Пра гэта Рынкевічс заявіў у чацвер у эфіры LTV. Прэзідэнт Латвіі дадаў, што трэба дачакацца вынікаў расследавання, але «практычна зразумела, у якім кірунку яно ідзе».

«Хоць Швецыя ўсё яшчэ не з'яўляецца чальцом NATO, мы спадзяемся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. Калі такія інцыдэнты адбудуцца, NATO, на мой погляд, павінна проста закрыць Балтыйскае мора для суднаходства. Гэта можна зрабіць. Караблі могуць быць спыненыя», — лічыць прэзідэнт Латвіі.

Раней на гэтым тыдні генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг размаўляў пра сітуацыю з трубаправодам з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нііністэ і заявіў, што NATO гатова падтрымаць саюзнікаў у расследаванні.

«Я гаварыў з прэзідэнтам Саўлі Нііністэ аб разбурэнні падводнай струкруры паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. NATO дзеліцца інфармацыяй і гатова падтрымаць саюзнікаў», — напісаў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг пра размову ў сетцы X (раней Twitter).

NATO таксама ўзмацніла патруляванне ў Балтыйскім моры пасля паведамленняў, што ў рэгіёне была пашкоджаная падводная інфраструктура.

Як гаворыцца ў заяве NATO, узмоцненыя меры ўключаюць дадатковыя назіральныя і разведвальныя палёты, у тым ліку з дапамогай марскіх патрульных самалётаў і беспілотнікаў. Таксама ў рэгіён накіроўваецца флот з чатырох тральшчыкаў.

«Мы працягваем уважліва сачыць за сітуацыяй і падтрымліваем цесны кантакт з нашымі саюзнікамі Эстоніяй і Фінляндыяй, а таксама нашым партнёрам Швецыяй», — заявіў выконваючы абавязкі прэс-сакратара NATO Дзілан Уайт.

Нагадаем, газаправод Balticconnector злучае эстонскую і фінскую газавыя сеткі і дазваляе,  у прыватнасці, Фінляндыі выкарыстоўваць газавыя сховішчы ў Латвіі.

Паведамленне пра аварыю на падводнай лініі паступіла 8 кастрычніка. Пазней стала вядома, што мог быць пашкоджаны кабель сувязі, пракладзены паміж краінамі.

Фінскі аператар філіяла Gasgrid папярэджваў тады, што з трубы пад вадой ідзе ўцечка газу. Эстонскі аператар Elering 9 кастрычніка паведаміў, што расследаванне таго, што адбылося, не выключае ўсіх версій, у тым ліку дыверсіі.

Прэм'ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа 10 кастрычніка паведаміў журналістам, што ўлады пачалі расследаванне інцыдэнту. Ён паведаміў, што Хельсінкі праінфармавалі аб сітуацыі партнёраў па ЕС і NATO. Паводле яго слоў, урад не лічыць, што краіне цяпер пагражае небяспека з-за здарэння.

 Паводле www.holosameryky.com