«Мы адсталі назаўжды». Беларусь ператвараецца ў краіну «трэцяга свету»

Тры гады. Усяго тры гады спатрэбілася цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, каб прывесці краіну ў зону тэхналагічнай адсталасці і практычна поўнага байкоту з боку развітых краін свету. Цяпер Беларусь дэ-факта знаходзіцца ў становішчы нават не краін, якія развіваюцца. І саюзнікі ў яе адпаведныя.

У 2016 годзе 10% насельніцтва Ірана жыло за рысай беднасці. Фота з bangkokbook.ru

У 2016 годзе 10% насельніцтва Ірана жыло за рысай беднасці. Фота з bangkokbook.ru

На гэтым тыдні ў Кітаі прайшоў форум, прысвечаны 10-гадоваму юбілею ініцыятывы «Пояс і шлях». Беларусь спрабавала ў гэтую ініцыятыву ўбудавацца, і мы прыкладалі да гэтага сапраўды значныя намаганні: пачынаючы ад маштабнага «Вялікага камяня», дзе нам абяцалі біятэхналогіі, і заканчваючы вытворчасцю «Джылі» ў краіне. Ну і, вядома, транспартны калідор для кітайскіх тавараў у Еўропу. Здавалася б, дастаткова паглядзець на карту, каб зразумець: без Беларусі тут — нікуды. Але…

Беларускую дэлегацыю на гэты форум не паклікалі. Пры гэтым у папярэдніх двух форумах Лукашэнка браў удзел. А цяпер запрошаны не быў. Нават нягледзячы на тое, што старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў адным з асноўных прыярытэтаў ініцыятывы тое самае развіццё транспартных калідораў у Еўразіі, у прыватнасці — якаснае развіццё цягнікоў Кітай-Еўропа. А кантэйнерныя цягнікі, якія курсуюць паміж Кітаем і Еўропай, складаюць значную частку перавозак па БЧ.

Здавалася б, з-за таго ж геаграфічнага становішча без Беларусі — ніяк. Але абмяркоўваць з намі праекты, наўпрост датычныя нас, не сталі. Дзіўна?

Насамрэч не вельмі. Таму што за ў беларускай улады праблемы не толькі з легітымнасцю, але і з суб'ектнасцю. Пра гэта мы папярэджвалі даўно, яшчэ ў тыя часы, калі Лукашэнка наважыўся «трымацца за ўладу ссінелымі пальцамі», падчас ягонай «таемнай інаўгурацыі». Потым было прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну, напэўна крыўдная для Лукашэнкі мянушка «марыянетка Пуціна», і гэтак далей. Як вынік — Кітай не лічыць магчымым размаўляць з беларускім бокам, паколькі, на яго думку, гэты бок нічога не вырашае.

У выніку Кітай чакае. Чакае таго, чым скончыцца заварушка ў нашым рэгіёне. І ўжо потым будзе дамаўляцца з тым бокам, які будзе мець тую самую суб'ектнасць: напрыклад, з новым урадам Беларусі ці ж з урадам Расіі, які, напэўна, на думку кітайскіх таварышаў, мае значна больш уплыву ў Беларусі, чым само кіраўніцтва Беларусі.

А пакуль больш развітыя краіны ігнаруюць кіраўніцтва Беларусі, даводзіцца абмяжоўвацца тым, што ёсць. Напрыклад, візітам кіраўніка МЗС Венесуэлы Івана Хіля Пінта.

Шчыра кажучы, навіны пра перамовы з Венесуэлай выклікалі некаторае здзіўленне. У прыватнасці, словы кіраўніка нашага МЗС Сяргея Алейніка пра тое, што Беларусь прыкладае намаганні, каб аднавіць працу сваіх вытворчасцяў у Венесуэле. Пры гэтым, паводле яго, беларускі бок ужо «блізкі да поспеху».

Так і хочацца спытаць: «А што здарылася?». Чаму для сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі спатрэбілася «аднаўленне», пры гэтым намаганні прыкладае беларускі бок? Дзе мы там, у сваіх саюзнікаў, накасячылі так, што вытворчасць спынілася?

Як звычайна, Алейнік вінаваціць ва ўсім санкцыі. Так і сказаў, што «спад у двухбаковым эканамічным узаемадзеянні звязаны з наступствамі санкцыйных абмежаванняў». Але дазвольце! Венесуэла ж не далучалася да санкцый, больш за тое — яна сама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША! Чаму ж санкцыі раптам паўплывалі на зборку беларускіх трактароў у Венесуэле? Ці гэтыя трактары былі, мякка кажучы, «не зусім беларускімі»?

Ці ўсё ж беларуская ўласнасць у Венесуэле была арыштаваная тады, калі беларускі бок вырашыў «кінуць» венесуэльскіх партнёраў на паўтара мільярда долараў?

Зрэшты, «аднаўляць вытворчасць» у Венесуэле Алейнік можа яшчэ доўга. Паводле звестак сусветных СМІ, аўтарытарны рэжым Нікаласа Мадуры абмяркоўвае з ЗША ўгоду: прэзідэнцкія выбары пад міжнародным наглядам у абмен на зняцце санкцый. Шэраг медыя паведамляюць, што Вашынгтон і Каракас блізкія да такога пагаднення.

Мадура, праўда, назваў гэтыя публікацыі «аперацыяй спекуляцыі і хлусні аб працэсе глабальных перамоў на шэраг тэм». Аднак, нягледзячы на гнеўную рыторыку, абвяржэння па сутнасці не прагучала.

Гэта значыць, па ідэі, Беларусь у адносінах да Венесуэлы павінна паступіць так, як Кітай у адносінах да Беларусі — пачакаць, пакуль у Венесуэле пройдуць прэзідэнцкія выбары. А яны пройдуць у наступным годзе, да якога засталося няшмат.

Глядзіце таксама

Акрамя венесуэльскага сябра ў Беларусь прыляцеў яшчэ адзін сябар — з Ірана. Першы віцэ-прэзідэнт Махамад Мохбер на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам заявіў, што іранскі бок не жадае весці гандаль з Беларуссю ў «валюце праціўніка» і прапанаваў выкарыстоўваць для ўзаемнага разліку нацыянальныя валюты.

Прапанова вельмі цікавая. Біржавы курс іранскага рыялу да долара ЗША складае на сёння прыкладна 42200 (сорак дзве тысячы дзвесце) іранскіх рыялаў за 1 долар ЗША.

Вядома, Беларусь можа падзяліцца з Іранам паспяховым досведам дэнамінацыі нацыянальнай валюты, але пакуль іранскія рыялы выглядаюць на «фанцікі».

ВУП Ірана на душу насельніцтва — 2700 долараў на год. У Беларусі ў 2021 годзе той паказчык складаў 7300 долараў. У 2016 годзе 10% насельніцтва Ірана жыло за рысай беднасці, і гэта значна лепшы паказчык за 2011 год, калі за рысай беднасці знаходзілася 18,7% насельніцтва.

То-бок, Іран — вельмі бедная краіна, якая прапануе нам свае «драўляныя» грошы, якія потым мы не будзем ведаць, куды падзець.

Такія вось у нас цяпер партнёры і саюзнікі. Гэта значыць, Беларусь сапраўды вывальваецца са спісу краін, якія развіваюцца ў краіны «трэцяга свету». Не будзем нават успамінаць пра нядаўнія візіты да нас афрыканскіх правадыроў…

І на фоне ўсяго гэтага выдатнай заявай адзначыўся міністр інфармацыі РБ Уладзімір Пярцоў. У Светлагорску на выязным пасяджэнні па пытанні «Праца рэгіянальных СМІ з моладзевай аўдыторыяй» ён заклікаў беларускія СМІ «адказаць на выклік сучаснасці і смела ісці ў Інтэрнэт». Паводле яго слоў, «ісці ў Інтэрнэт» — азначае «пашыраць прысутнасць у сацсетках, весці чат-боты і іншае, забяспечваць запатрабаваны кантэнт».

Такім чынам, спадар Пярцоў прызнаўся, што кантэнт прапагандысцкіх СМІ незапатрабаваны. Гэта добрая навіна. А дрэнная — у тым, што беларускія дзяржаўныя СМІ адсталі ў развіцці, падобна, назаўжды. Таму што эпоха сацыяльных сетак і чат-ботаў, за якія «топіць» таварыш Пярцоў — той самы Web2.0, на які ўскладаліся вялікія надзеі — на думку аналітыкаў, цяпер ужо сканчаецца. Пачынаецца эпоха Web3.0, з новымі фарматамі камунікацыі — са штучным інтэлектам, крыптавалютамі замест банкаўскіх карт, NFT і дэцэнтралізацыяй кантэнту... Як мінімум — з TikTok замест YouTube.

Але спадар Пярцоў прапануе дзяржСМІ актыўна ўваходзіць у Web2.0. Што азначае: дзяржСМІ не нават не ўвайшлі ў эпоху, якая ўжо заканчваецца.

Аб якім развіцці наогул ідзе гаворка?

Глядзіце таксама