Беларускія дыпламатычныя прарывы: не на карысць, але для радасці

Што робіцца з дальнімі рубяжамі знешняй палітыкі беларускай улады, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belavia__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__1_logo.jpg

На тыдні ў Мінску прарвала. У сэнсе здарыўся вялікі дыпламатычны прарыў, я хацеў сказаць. Віцэ-прэзідэнт Ірана, міністр замежных спраў Венесуэлы. А ўчора наогул здарылася Экватарыяльная Гвінея. Прычым з Экватарыяльнай Гвінеяй прарвала не проста ў Экватарыяльную Гвінею. У Экватарыяльнай Гвінеі прарвала адразу на ўсю Заходнюю Афрыку. Таму што Экватарыяльная Гвінея павінна стаць, як лічыць беларуская ўлада, для іх новымі афрыканскімі варотамі. 

Ад старых афрыканскіх варот, якімі былі Зімбабвэ, ПАР, Егіпет і шмат хто яшчэ, ключы, мабыць, неяк згубіліся.

Пры гэтым, праўда, кагосьці не паклікалі на саміт у Кітай. Іншыя 130 краін паклікалі, а сяго-таго — не. Хоць, у адрозненне ад іншых ста трыццаці краін, у сяго-таго заўсёды былі асаблівыя пачуцці да вялікага кітайскага народа. 

Ну ці ён думаў, што ў яго такія асаблівыя пачуцці з вялікім кітайскім народам, прычым узаемныя. Аднак у вялікага кітайскага народа пачуцці, мабыць, не такія і асаблівыя. Таму кагосьці і не паклікалі. Ну а як ты яго паклічаш, калі ад ягоных поспехаў на Вялікім Шаўковым шляху адзін толькі сорам?

Глядзіце таксама

І Пуцін таксама з тым-сім не сустрэўся. Хоць з Пуціным у кагосьці сапраўды асаблівыя пачуцці. Ну, таму што Пуціну таксама выбіраць асабліва няма з каго. Але вось сяго-таго ён усё роўна не абраў.

Карацей, прыйшлося кампенсаваць вялікім дыпламатычным прарывам на далёкіх рубяжах. Ну а як? З дыпламатычным прарывам ты ж кірунак не выбіраеш. Ужо куды прарвала — туды і прарвала. Асабліва калі нацэліцца на далёкія рубяжы.

З практычнай карысцю ў галіне дыпламатычнага прарыву, праўда, не вельмі атрымліваецца. Увесь экспарт у Іран за мінулы год — 80 мільёнаў долараў. У Венесуэлу — два мільёны. Што там у Экватарыяльнай Гвінеі, прабач, не ведаю. Не знайшоў неяк інфармацыі. Але, улічваючы, што ўвесь экспарт ва ўсю Афрыку ў мінулым годзе быў 200 мільёнаў, наўрад ці з Экватарыяльнай Гвінеяй атрымаліся ўражлівыя дасягненні.

Вось 200 мільёнаў у Афрыку — гэта паўпрацэнта ад усяго беларускага экспарту. Восемдзесят мільёнаў у Іран— дзве дзясятых працэнта. А колькі тысячных працэнта быў экспарт у Венесуэлу, я табе нават саромеюся палічыць. Калі што, то ў варожую Польшчу за шэсць месяцаў гэтага года Беларусь экспартавала ў тры разы больш, чым у дружалюбны Іран за цэлы мінулы год. Але дыпламатычныя прарывы — яны ж не для карысці. Правільна? Яны для радасці.

P. S. А ўсё таму, што радасці ўсё менш з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.