604-ты дзень вайны Расіі з Украінай: У РФ — рэкордныя страты салдат і тэхнікі

Расія ўчора вырашыла пайсці на сутачны рэкорд па стратах жывой сілы і тэхнікі — больш за 1380 салдат РФ загінулі. Кітай пастаўляе Расіі зброю, хоць афіцыйна і не прызнае гэтага,  — у прыватнасці, беспілотнікі, стралковую зброю і тэхніку, паведаміла брытанская выведка.

Украінскія вайскоўцы. Фота Генштаба УСУ

Украінскія вайскоўцы. Фота Генштаба УСУ

Кітай масава пастаўляе ў Расію беспілотнікі і стралковую зброю

Кітай, нягледзячы на адмаўленне гэтага, пастаўляе Расіі зброю. У прыватнасці, беспілотнікі, стралковую зброю і тэхніку.

У справаздачы Пентагона гаворыцца, што Кітай усё ж пастаўляе Расіі зброю і тавары падвойнага прызначэння. Па выніках аналізу даных расійскай мытні, пастаўкі ажыццяўляюць як дзяржаўныя, так і прыватныя кампаніі КНР. Гаворка ідзе аб беспілотніках, стралковай зброі, навігацыйным абсталяванні, запасных частках, ахоўным рыштунку. 

Пентагон звярнуў асаблівую ўвагу на беспілотнікі, паколькі вялікі і нерэгуляваны рынак беспілотнікаў у Кітаі дазваляў расіянам набываць іх. Гаворка ідзе пра невялікія беспілотнікі падвойнага прызначэння і БПЛА, якія расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць для вайны супраць Украіны.

Толькі за дзевяць месяцаў 2022 года дронаў у РФ было прададзена на 12 мільёнаў долараў.

У жніўні 2023 года Кітай заявіў, што ўпершыню ўвядзе кантроль на рынку беспілотнікаў. Гэтаму папярэднічаў міжнародны ціск наконт выкарыстання грамадзянскіх беспілотнікаў у агрэсіўнай вайне супраць Украіны.

Выкарыстанне Украінай ATACMS: Выведка Брытаніі — пра наступствы для РФ

Украіна ўпершыню ўжыла амерыканскія ракеты ATACMS для ўдараў па аэрадромах у Бярдзянску і Луганску. Верагодна, гэтыя атакі акажуць уплыў на здольнасць Расіі як абараняцца, так і наступаць на фронце. Пра гэта са спасылкай на сваю выведку паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі ў Х (раней Twitter).

Расіяне выкарыстоўваюць Бярдзянск у якасці перадавой аператыўнай базы на поўдні Украіны. Гэты горад — важны лагістычны вузел, ад якога залежыць як наступальная, так і абаронная здольнасць РФ, адзначаюць брытанскія разведчыкі.

«Калі гэта будзе пацверджана, па ўсёй верагоднасці, гэтыя страты паўплываюць на здольнасць Расіі як абараняць, так і весці далейшую наступальную дзейнасць на гэтым кірунку», — лічаць у Мінабароны Брытаніі.

Кампенсаваць страты авіяцыі РФ будзе складана ў кароткай і сярэднетэрміновай перспектыве. Таксама страты верталётаў узмоцняць ціск на расійскіх лётчыкаў і самалёты, дадаюць у ведамстве.

Паводле звестак брытанскай выведкі, у выніку ўкраінскага ўдару з дапамогай ATACMS па аэрапорце ў Бярдзянску былі пашкоджаныя дзевяць расійскіх вайсковых верталётаў, у Луганску — пяць. Пры гэтым аналітыкі дадалі, што ступень пашкоджання пакуль не пацверджаная. 

Выведка прагназуе, што гэты ўдар прымусіць Расію зноў перанесці свае аперацыйныя базы і вузлы кіравання далей ад лініі фронту, а гэта павялічыць нагрузку на лагістычныя ланцугі.

Навіны вайны

  • Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што ўначы за горадам прагрымела некалькі выбухаў, самыя магутныя — у раёне Авіягарадка, дзе расіяне арганізавалі сваю вайсковую базу на захопленым аэрадроме. Таксама мясцовыя жыхары паведамілі, што чулі гул тэхнікі. Пазней стала вядома, што начны выбух у Мелітопалі — гэта праца партызан, якія «падарвалі аўто з акупантамі», паведаміў мэр горада Іван Фёдараў. З ягоных слоў, гэтыя расіяне рэгулярна адсочвалі і рабавалі пустыя кватэры. Выбух адбыўся ў раёне Авіягарадка, у момант загрузкі нарабаванага ў аўто.
  • Расіяне нанеслі авіяўдар чатырма кіраванымі авіябомбамі (КАБ) па Берыславе Херсонскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Таксама ўдар дзвюма КАБ прыйшоўся па Наваберыславу, маштабы разбурэнняў там удакладняюцца. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці сем чалавек атрымалі раненні.
  •  Раніцай расіяне абстралялі вёску Кучарыўка Купянскага раёна Харкаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміла пракуратура.
  • Каля паўночы РФ нанесла ракетны ўдар па гарадскім пасёлку Купянск-Вузлавы Купянскага раёна Харкаўскай вобласці. Ракета трапіла ў зямлю, пашкоджаныя навакольныя крамы, пацярпелых няма, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў
  • За мінулыя суткі армія РФ абстрэльвала населеныя пункты Чугуеўскага, Ізюмскага і Купянскага раёнаў. У выніку абстрэлаў у горадзе Ваўчанск Чугуеўскага раёна пашкоджаны дом дзіцячай і юнацкай творчасці і чатыры жылыя дамы, параненыя два чалавекі.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 20 кастрычніка: асабовага складу — каля 292 060 (+1380 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5047 (+55), баявых браніраваных машын — 9557 (+120), артылерыйскіх сістэм — 7012 (+29).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

На Аўдзееўскім кірунку войска РФ аднавіла наступальныя дзеянні і не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. УСУ трымаюць абарону, таксама адбілі атакі войска РФ у раёнах Новакалінава, Стэпавага і Паўночнага Данецкай вобласці. За мінулыя суткі страты РФ на гэтым кірунку склалі: забітымі і параненымі амаль 900 чалавек, знішчаныя і пашкоджаныя амаль 50 танкаў і больш за 100 адзінак браняванай тэхнікі праціўніка.

Усяго на фронце за мінулыя суткі адбылося 90 баявых сутыкненняў. На Купянскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі расійскіх салдат раёнах Сінькоўкі, Іванаўкі Харкаўскай вобласці, а таксама каля Надзежды Луганскай вобласці. На Ліманскім кірунку ўкраінскія сілы не дапусцілі страты пазіцый у раёне Макееўкі Луганскай вобласці. На Бахмуцкім кірунку РФ беспаспяхова спрабавала аднавіць страчанае становішча ў раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. У сваю чаргу, сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

На Мар'інскім кірунку УСУ адбілі атакі РФ у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — у раёнах Залатой Нівы і Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім — у раёне Вербавай Запарожскай вобласці. Таксама сілы абароны Украіны працягваюць наступ на Мелітопальскім кірунку.

Глядзіце таксама

Пуцін наведаў Растоў-на-Доне, дзе пабываў у штабе Узброеных Сіл РФ, паведаміў Пяскоў. Там аб ходзе вайны кіраўніку Крамля далажыў начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў. У прыватнасці, Герасімаў паведаміў Пуціну, што аб'яднаная групоўка войскаў РФ «вырашае задачу ў адпаведнасці з планам спецаперацыі».

Расія размясціла чатыры знішчальнікі МіГ-31 на аэрадроме Бельбек у Севастопалі — адпаведныя спадарожнікавыя здымкі апублікаваў OSINT-аналітык MT Anderson. На іх відаць, што акрамя Су-30 і Су-27 на ўзлётнай паласе таксама размешчаны чатыры МіГ-31. Аналітык адзначае, што некаторыя з іх пакрытыя камуфляжнай сеткай і шынамі.

Навіны заходніх саюзнікаў Украіны

  • Байдэн у сваім звароце да нацыі заявіў, што неабходна працягваць дапамогу Украіне і Ізраілю. «ХАМАС і Пуцін прадстаўляюць розныя пагрозы. Але ў іх ёсць і нешта агульнае: яны хочуць цалкам знішчыць суседнюю дэмакратыю. Для ХАМАС мэта існавання — знішчэнне Ізраіля і забойства габрэяў. Пуцін адмаўляе, што Украіна калі-небудзь была дзяржавай. Ён сцвярджае, што СССР стварыў Украіну», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.

«Чаму гэта важна для Амерыкі? Гісторыя вучыць, што калі дыктатары не плацяць за агрэсію, яны прыносяць яшчэ больш хаосу, тэрору і больш разбурэнняў. Яны працягваюць, і пагроза для Амерыкі і свету расце», — падкрэсліў Байдэн. Ён растлумачыў, што калі ЗША не спыняць «прагу Пуціна да ўлады і кантролю над Украінай, ён не абмяжуецца толькі адной краінай». У гэтай сувязі кіраўнік Белага дома назваў дапамогу Украіне «разумнай інвестыцыяй», якая прынясе дывідэнды будучым пакаленням.

Таксама Байдэн паведаміў, што ў пятніцу, 20 кастрычніка, накіруе «тэрміновы бюджэтны запыт» у Кангрэс, каб «прафінансаваць патрэбы нацыянальнай бяспекі Амерыкі для падтрымкі нашых крытычна важных партнёраў, уключаючы Ізраіль і Украіну».

Глядзіце таксама

  • Кансультацыі паміж Еўракамісіяй і краінамі ЕС адносна дэталяў 12-га пакета санкцый супраць РФ пачнуцца неўзабаве і павінны завяршыцца ў лістападзе-снежні 2023 года. Украіна разам з партнёрамі працуе над 12-м пакетам санкцый ЕС супраць Расіі. «Трэба ўзмацняць абмежаванні. Расійская энергетыка, ВПК, а таксама тэхналогіі — важныя складнікі», — паведамілі ў офісе ўкраінскага прэзідэнта.
  •  Харватыя перадала Украіне ўсе свае верталёты Мі-8, заявіў кіраўнік Пентагона Лойд Осцін падчас сустрэчы з міністрам абароны Харватыі Марыё Баножычам.