Байдэн амерыканцам: мы не дазволім перамагчы тэрарыстам, такім як ХАМАС, і тыранам, такім як Пуцін

ХАМАС і Пуцін нясуць розныя пагрозы. Але ў іх ёсць нешта агульнае: яны абодва хочуць цалкам знішчыць суседнюю дэмакратыю, цалкам яе знішчыць, заявіў Джо Байдэн.

 Джо Байдэн. Фота: Джонатан Эрнст / AP

 Джо Байдэн. Фота: Джонатан Эрнст / AP

Джо Байдэн у звароце да амерыканскага народа папрасіў Кангрэс працягваць пасылаць Украіне зброю, неабходную для далейшай абароны, каб Украіна магла спыніць жорсткае расійскае ўварванне, піша www.holosameryky.com.

Джо Байдэн звярнуўся да амерыканскага народа ў вячэрні прайм-тайм са спецыяльнай прамовай. Гаворка ішла пра расійскую вайну ва Украіне і сітуацыю вакол нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль.

Байдэн падкрэсліў неабходнасць падтрымкі як Украіны, так і Ізраіля ў пераломны момант гісторыі і звярнуўся да Кангрэса з просьбай падтрымаць новае фінансаванне праграм дапамогі, каб спыніць тэрор ХАМАС і агрэсію Пуціна.

Практычная мэта выступу — пераканаць Кангрэс зацвердзіць сумесны пакет ваеннай дапамогі Ізраілю і Украіне на суму больш за 100 мільярдаў долараў. Байдэн абвясціў, што ў пятніцу накіруе «тэрміновы» запыт у Кангрэс аб фінансаванні дапамогі.

У сваім гарачым звароце Байдэн таксама паспрабаваў растлумачыць амерыканскім грамадзянам, чаму яны павінны турбавацца аб войнах за тысячы кіламетраў ад іх дамоў. І чаму амерыканскія падаткаплацельшчыкі павінны адпраўляць грошы за мяжу для дасягнення яго знешнепалітычных мэтаў.

Гісторыя вучыць нас, што калі тэрарысты не плацяць цану за свой тэрор, калі дыктатары не плацяць цану за сваю агрэсію, яны выклікаюць большы хаос і большыя разбурэнні

«Я ведаю, што гэтыя канфлікты могуць здавацца далёкімі. Узнікае натуральнае пытанне, чаму гэта важна для Амерыкі? Такім чынам, дазвольце мне падзяліцца з вамі, чаму забеспячэнне поспеху Ізраіля і Украіны мае жыццёва важнае значэнне для нацыянальнай бяспекі Амерыкі, — сказаў Байдэн. — Вы ведаеце, гісторыя навучыла нас, што калі тэрарысты не плацяць цану за свой тэрор, калі дыктатары не плацяць цану за сваю агрэсію, яны выклікаюць яшчэ большы хаос і яшчэ большыя разбурэнні».

Джо Байдэн, які толькі што вярнуўся з Ізраіля, сказаў, што яго сэрца разбіта падзеямі і ахвярамі на Блізкім Усходзе. А таксама падкрэсьліў, як пацярпелі ўкраінцы пасля расійскага ўварвання: «Мы не забыліся пра масавыя пахаванні, знойдзеныя целы са слядамі катаванняў, пра згвалтаванні, якія расіяне выкарыстоўвалі як зброю, і пра тысячы і тысячы ўкраінскіх дзяцей, гвалтоўна вывезеных у Расію, скрадзеныя ў бацькоў».

Глядзіце таксама

«ХАМАС і Пуцін прадстаўляюць розныя пагрозы. Але ў іх ёсць нешта агульнае: яны абодва хочуць цалкам знішчыць суседнюю дэмакратыю, цалкам яе знішчыць», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Ён таксама падкрэсліў, што ХАМАС не прадстаўляе палестынскі народ, а толькі выкарыстоўвае палестынскіх грамадзянскіх асоб у якасці жывога шчыта, у выніку чаго пакутуюць нявінныя палестынскія сем'і.

«Мы не можам і не дазволім перамагчы тэрарыстам, такім як ХАМАС, і тыранам, такім як Пуцін».

«Мы не можам дазволіць дробнай, гнеўнай партыйнай палітыцы перашкодзіць нам выканаць наш абавязак як вялікай нацыі. Мы не можам і не дазволім перамагчы тэрарыстам, такім як ХАМАС, і тыранам, такім як Пуцін. Я адмаўляюся дазваляць гэта», — падкрэсліў Байдэн у звароце да нацыі.

Байдэн сказаў амерыканцам: «Памятайце, хто мы ёсць. Мы Злучаныя Штаты Амерыкі, Злучаныя Штаты Амерыкі!».

«Для нас няма нічога недаступнага. Калі мы будзем дзейнічаць разам», — заклікаў прэзідэнт амерыканцаў да адзінства.

Глядзіце таксама