«Хлеба і патронаў». Чаго шукае Лукашэнка ў Іране?
Два гады — ад падзей 2020-га — беларускі правадыр амаль нікуды не ездзіў. Але апошнім часам яго прарвала. Візіты ў Зімбабвэ і Эміраты, неадназначная вандроўка ў Кітай, і вось цяпер — у Іран, дзе Лукашэнка не быў 17 гадоў. Што яму там раптам спатрэбілася?
![Выпрабаванні дронаў «Шахед». Фота з uatv.ua Выпрабаванні дронаў «Шахед». Фота з uatv.ua](/img/v1/images/00_13.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выпрабаванні дронаў «Шахед». Фота з uatv.ua
Няма чаго прапанаваць, няма чым расплаціцца
Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, галоўнай тэмай перамоў стане «развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва». З прэзідэнтам Ірану Ібрахімам Раісі, з першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Мохерам, старшынёй сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам і вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі Лукашэнка афіцыйна абмяркуе «рэалізацыю праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і лагістыкі». Канешне ж, «асобная ўвага будзе нададзеная сітуацыі ў рэгіёне і свеце агулам», паведаміла прэс-служба.
Канешне, Лукашэнка можа паспрабаваць у Іране прадаваць трактары паштучна. Але памятаеце, што ў нас пэўны час таму збіраліся збіраць іранскія машыны «Саманд»? З гэтым праектам нічога не атрымалася, і «саманды» замянілі на кітайскія Geely. Гэта азначае, што ў Іране і без нашых трактароў абыйдуцца.
Тое ж самае, што з «Самандамі», адбывалася з іншымі іранскімі праектамі ў Беларусі. З-за заходніх санкцый яны. За некаторым выключэннем, скончыліся беспаспяхова. А ўсё таму, што санкцыі.
Аналітык украінскага інстытута Будучыні Ігар Тышкевіч заўважае, што Іран — надзвычай моцная з пункту гледжання аб'ёмаў эканоміка, але — зноў жа, — яна пад санкцыямі. Іран. Канешне, можа купляць не толькі сыравінную прадукцыю, але і прадукцыю з вялікай дабаўленай вартасцю: станкі, вырабы з металу, прадукцыю машынабудавання і іншае. Але чым гэтая краіна будзе расплачвацца? Нацыянальным іранскім рыалам? А нам трэба такія грошы?
Тое ж тычыцца іранскай нафты і газу. Канешне, беларускія кампаніі досыць паспяховыя ў прадастаўленні паслуг па гідраразрыву пласта і бурэнню складаных свідравін, і ва ўмовах тэхналагічнага голаду гэта важна для Ірана. Але зноў жа — чым Іран заплаціць за паслугі?
Канешне, маглі б нафтай. Але іранская нафта нам была патрэбная, калі ў нас былі «нафтавыя войны» з Расіяй. Цяпер такіх канфліктаў не назіраецца, і для іх няма нават нейкіх перадумоў. Расія надае Беларусі столькі нафты, колькі Беларусь просіць, таму што нафта і нафтапрадукты Сінявокай, зноў жа, пад санкцыямі. Цяпер пра спрэчкі наконт аб’ёмаў нафты даводзіцца толькі марыць, як і пра перапрацоўку 24 млн тон на год. Добра, калі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ спрацуюць у палову сваёй магутнасці…
Так, мы маглі б прапанаваць Ірану і тэхналогіі, і ўгнаенні, і паслугі. Але два пытанні лічаць гэтыя прапановы амаль бессэнсоўнымі. Па-першае, лагістыка — як перапраўляць у Іран тыя ж падсанкцыйныя ўгнаенні? Хіба праз Расію і Каспійскае мора. А па-другое — чым Іран можа расплаціцца з намі?
Той жа Ігар Тышкевіч кажа, што паўтара года таму аб досыць вялікай праграме па мадэрнізацыі іранскай эканомікі, больш чым на 400 млрд долараў абвясціў Кітай. І можна было б лічыць, што Беларусь можа паўдзельнічаць у мадэрнізацыі Ірана за кітайскія грошы, асабліва пасля візіту Лукашэнкі ў Паднябесную. Але…
Палітыка Кітая вядомая — гэта «звязаныя» крэдыты, калі краіна, якая атрымлівае крэдыт, закупляе кітайскае абсталяванне і наймае кітайскіх працоўных. Яна такая паўсюль у свеце. І вельмі сумніўна, што КНР зменіць тую палітыку дзеля Лукашэнкі.
Хлеба і патронаў
А вось што Лукашэнка сапраўды можа шукаць у Іране — гэта зброю. Ракеты і дроны «Шахед», якімі бамбуюць гарады Украіны.
Нагадаем невялічкі скандал З Лукашэнкам і Кітаем, які адбыўся напярэдадні візіту беларускага кіраўніка да Сі Цзіньпіна. Аналітыкі казалі пра тое, што Кітай можа прыняць рашэнне прадаць Расіі зброю і боепрыпасы, а памагатым у гэтай здзелке мог быць Аляксандр Лукашэнка.
![Візіт Лукашэнкі ў Кітай-2023: якую ролю яму прыгатаваў Пекін? Адказвае Пётр Рудкоўскі Рудкоўскі: Роля Лукашэнкі можа палягаць у дапамозе Кітаю пастаўляць зброю Расіі](/img/v1/images/_kitaj___pekin___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Кітай ад гэтай здзелкі, зразумела, адхрысціўся, і візіт Лукашэнкі ў КНР прайшоў амаль безвынікова. Але за ім рушыў візіт у Іран, які ўжо некалькі разоў быў заўважаны ў пастаўцы Расіі той самай зброі — ад артылерыйскіх снарадаў і патронаў да дронаў «Шахед». Міжнародная супольнасць адрэагавала на гэта хваравіта, і атаку Ізраіля на ваенную інфраструктуру Ірана наўпрост звязвалі з вайсковым супрацоўніцтвам Ірана і Расіі. Афіцыйна Ізраіль ваенным чынам Украіну не падтрымлівае, і зброю ёй не дасылае, аднак аналітыкі не выключалі менавіта такі «жэст добрай волі» з боку яўрэйскай дзяржавы.
Зразумела, пасля такога «адказу» ў Ірана магла ўзнікнуць думка неяк «замаскіраваць» пастаўкі зброі да РФ. І вось тут на сцэну і маглі паклікаць Лукашэнку, армія якога фармальна ў вайне (пакуль?) не ўдзельнічае. То-бок, у Іране Лукашэнка можа абмеркаваць (і, напэўна, будзе абмяркоўваць) той самы фінт, які не атрымаўся з Кітаем — выступіць «прыкрыццём» для супрацоўніцтва Расіі і Ірана ў пастаўках зброі.
Канешне, зарабіўшы пры гэтым свой «працэнт», куды ж без гэтага. Бо візіт беларускага кіраўніка ў Іран, напэўна, выкліча невялікія пытанні ў Ізраіля. Трэба ж гэтыя нязручнасці чым-небудзь скампенсаваць, праўда?
![Іранскія дроны, што бамбяць Кіеў, запускаюць з беларускай Чарнобыльскай зоны? Дроны-камікадзэ, што бамбяць Кіеў, запускаюць з беларускай Чарнобыльскай зоны?](/img/v1/images/filestoragetemp_161.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Эмісар Пуціна? Не зусім
Так што ў пэўным сэнсе (вельмі пэўным) Лукашэнку можна назваць кур’ерам Пуціна, які сядзіць у бункеры і нікуды не ездзіць. Спачатку беларускі кіраўнік дзеля свайго патрона выправіўся ў Кітай, цяпер — у Іран. Але насамрэч у Лукашэнкі ёсць і свой інтарэс у гэтай краіне.
Можна ўспомніць мару Лукашэнкі пра ўласную ракету, якая ляціць больш чым 500 кіламетраў. Цяпер, калі Расія перадала Беларусі комплексы «Іскандэр», неабходнасць у ракетах да іх толькі ўзрасла.
Можна ўзгадаць, што не так даўно Лукашэнка раскрытыкаваў вытворчасць сучасных ударных беспілотнікаў у краіне, заявіўшы, што яна ўсё яшчэ знаходзіцца на нізкім узроўні. «Больш сучасныя ўдарныя беспілотныя лятальныя апараты мы, на жаль, робім на нізкім узроўні», — сказаў ён вайскоўцам. Сапраўды, беларускія БПЛА раней былі «заточаныя» на гаспадарчыя праблемы і на тое, каб служыць мішэнямі.
Нельга забывацца і на ядзерную праграму Ірана. Тыдні тры таму эксперты МАГАТЭ выявілі, што Іран дамогся ўзбагачэння ўрану да 84%, і яму засталося зусім няшмат да ўзроўню, неабходнага для стварэння ядзернай бомбы (90%). Тэгеран кажа, што такія дзеянні былі ненаўмыснымі, існаванне часціц з высокай ступенню ўзбагачэння — натуральная з'ява з-за назапашвання паліва ў трубах, якія вядуць у цэнтрыфугі. Цяпер МАГАТЭ павінна разабрацца ў гэтым пытанні.
А Лукашэнка даўно ўжо марыў пра беларускую ядзерную зброю, і да таго ж — у нас ёсць БелАЭС.
Тэхналогіі — гэта тое, чым можа расплаціцца Іран за беларускія тавары і паслугі. А вось вялікае пытанне — якія тавары і паслугі здолее наўзамен прапанаваць Беларусь? У чым яны будуць заключацца канкрэтна?