Якія сумесныя справы вядуць Беларусь і Іран?

Лукашэнка паляцеў у Іран выконваць загады старэйшага. Галоўнай тэмай візіту заяўлены перамовы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Што яно ўяўляе сабою?

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

У гісторыі адносін Беларусі і Ірана ўжо быў кароткі, але цікавы перыяд «рэнесансу» — ён трапіў на канец 2000-х - пачатак 2010-х. Office Life узгадаў аб істотных сумесных праектах таго часу.

Як мы гандлюем з Іранам

Свой першы візіт у Іран Лукашэнка здзейсніў у лістападзе 2006 года. Некалькі гадоў пасля гэтага таваразварот дзвюх краін павялічваўся. Пік трапіў на 2011 год (гл. табліцу). Але потым гандаль паміж краінамі стаў падаць, а ў разгар пандэміі абваліўся да рэкордна нізкага ўзроўню ($ 24,7 млн).
Некаторы рост узаемных паставак адбыўся ў 2021 годзе, але агульны паказчык ($33,3 млн) усё роўна застаўся недзе на ўзроўні 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

iran_bel1.png

Цяпер Беларусь прадае ў Іран вырабы з дрэва, газетную паперу і падшыпнікі, а купляе там садавіну, сухафрукты, арэхі, лекі і медыцынскія прыборы.
Рост гандлю дзвюх краін у тым ліку быў звязаны і з сумеснымі праектамі інвестараў Беларусі і Ірана. Першыя праявілі сябе ў нафтаздабычы, другія - у аўтамабілебудаванні і нерухомасці.

Пакінуты Джуфэйр

У 2007 годзе National Iranian Oil Company і «Беларуснафта» ўзгаднілі і падпісалі сервісны кантракт на распрацоўку нафтавага радовішча Джуфэйр. Было створана сумеснае прадпрыемства «Белпарс Петролеум Компані».

Фота: inbusiness.kz

Фота: inbusiness.kz

Геалагічныя запасы радовішча ацэньваліся ў 300 млн тон нафты, неабходныя для яго асваення рэсурсы - каля $ 500 млн. Па бізнес-плане штогод на Джуфэйр з удзелам беларусаў павінна было здабывацца да 1,3 млн тон сыравіны.
Першапачаткова ўсё ішло цудоўна. На другую палову 2010 года было запланавана афіцыйнае адкрыццё радовішча з удзелам Лукашэнкі, аднак візіт не адбыўся. А ў 2011 годзе, не абвясціўшы аб прычынах, «Беларуснафта» выйшла з праекта. У іранскіх СМІ гэта тлумачылі рознагалоссямі бакоў наконт метадаў і тэхналогій вядзення работ, а таксама памеру грашовай кампенсацыі за карыстанне радовішчам.

Аддадзены Абчак

У Беларусі іранцы інвеставалі ў межах прыватных ініцыятыў. Напрыклад, у 2006 годзе тагачасныя ўладальнікі кампаніі «Юнісан» Аляксей Ваганаў і Віталь Арбузаў здолелі дамовіцца з найбуйнейшай (таксама прыватнай) іранскай аўтамабілебудаўнічай кампаніяй Iran Khodro (IKCO). У рамках стратэгічнага партнёрства яны арганізавалі на пляцоўцы ў Абчаку зборачную вытворчасць аўтамабіляў Samand для беларускага і расійскага рынкаў. Іранцы атрымалі 40% у капітале «Юнісана».

Фота: Вікіпедыя

Фота: Вікіпедыя

На першым этапе планавалася штогод з імпартных камплектуючых збіраць да 6 тысяч аўтамабіляў. З часам вытворчасць павінна было вырасці да 60 тыс. адзінак, а лакалізацыя - да 50%.
Што ў выніку? На расійскі рынак з-за той жа лакалізацыі і па некаторых іншых прычынах Samand не змог «скокнуць», а на беларускім, нягледзячы на падключэнне адміністрацыйнага рэсурсу, аб'ёмы продажаў аказаліся нецікавыя іранскаму партнёру. У 2013 годзе праект па зборцы быў згорнуты, і ўладальнікі «Юнісана» аддалі перавагу больш перспектыўнаму супрацоўніцтву з General Motors і PSA Peugeot Citroen. У 2016 годзе IKCO на час вярнулася ў Беларусь, але ўжо ў статусе толькі пастаўшчыка аўтамабіляў для мясцовых дылераў.

Прададзенае Прылессе і замарожаны «Магніт Мінска»

Тады ж іранцы «пашумелі» на сталічным і прысталічным рынках нерухомасці. Зноў — па прыватнай ініцыятыве. Яе праявілі ўладальнікі іранскай дэвелаперскай карпарацыі Kayson на чале з Махамедам Рэзо Ансары.

Фота: Onliner

Фота: Onliner

Kayson «пакінула» за сабой два знакавыя праекты: з 2007 года яна ўзводзіла лагістычны цэнтр у пасёлку Прылессе пад Мінскам, а з 2009-га — грандыёзны шматфункцыянальны комплекс «Магніт Мінска» ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.
У выніку з вялікай затрымкай быў даведзены да завяршэння праект у Прылессі. Будоўля тармазілася цераз амерыканскія санкцыі у дачыненні да Ірана. Першую чаргу лагістычнага цэнтра агульнай плошчай 200 тыс. кв. м увялі ў эксплуатацыю ў канцы 2013 года. Пазней з'явіліся іншыя складнікі аб'екта, але Kayson у канцы 2010-х саступіла свае правы пулу беларускіх інвестараў на чале з «Мостра-груп».
Гісторыя з «Магнітам Менска» скончылася зусім сумна. Яго спачатку планавалі адкрыць да 2013 года, тэрміны здачы неаднаразова пераносіліся. З нядаўняга часу комплекс будуецца ўжо гарадскімі ўладамі. Пасля няўдалай спробы прадаць «Магніт Мінска» на аўкцыёне для пагашэння даўгоў забудоўшчыка ў канцы мінулага года даўгабуд быў перададзены ў камунальную ўласнасць.