Дроны-камікадзэ, што бамбяць Кіеў, запускаюць з беларускай Чарнобыльскай зоны?
Украінскія СМІ распавялі, што стала вядома, адкуль з Беларусі могуць запускаць дроны-камікадзэ.
Дроны-камікадзэ «Shahed-136» могуць запускаць з беларускай часткі Чарнобыльскай зоны адчужэння, а менавіта з вёсак Уласы і Кажушкі. Дзве гэтыя вёскі надзейна схаваныя ад старонніх вачэй і знаходзяцца каля мяжы з Украінай. Пра гэта паведамляе ўкраінская служба РБК.
Маніторынгавая група паведаміла, што дакладнай інфармацыі пра месцы запуску дронаў з Беларусі няма. Таму была прааналізавана ўся інфармацыя, што мелася. На аснове розных звестак яны прыйшлі да высновы, што месцам запуску можа быць беларускі сектар зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Яны разважаюць, чаму быў абраны Палескі запаведнік. Большую частку года гэты запаведнік — фактычна закрытая тэрыторыя. Там няма нікога, акрамя аховы, і ёсць месцы, дзе нават не ловіць мабільная сувязь, не кажучы ўжо пра інтэрнэт.
Пры дапамозе спадарожнікавых здымкаў даследчыкі здолелі выдзеліць некалькі зон, дзе бачны змены, якія адбыліся за апошнія некалькі месяцаў. Так, у вёсцы Уласы Хойніцкага раёна з'явіліся пратаптаныя дарожкі, расчышчаныя дарогі для праезду і высечаныя кусты. Гэта месца знаходзіцца ўсяго за 4,5 кіламетры ад мяжы з Украінай і за 20 кіламетраў ад бліжэйшага населенага пункта, што выключае з’яўленне выпадковых відавочцаў, якія маглі б заўважыць запуск дронаў.
Другая вёска — Кажушкі — знаходзіцца крыху далей ад мяжы, але на спадарожнікавых здымках выразна бачны новыя дарогі, а значыць, там часцей стала ездзіць тэхніка.
Нагадаем, цяпер у Беларусі працягваецца сумеснае з Расіяй разгортванне войскаў. У рамках гэтых дзеянняў у нашу краіну могуць прыбыць каля 9 тысяч расійскіх салдат. Аднак 24 кастрычніка стала вядома, што беларускія ваенныя перакінулі амаль усю тэхніку далей ад прыгранічных тэрыторый і вярнулі яе на месца пастаяннай дыслакацыі.
Камандуючы Сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Сырскі лічыць, што войскі Расіі ўсё яшчэ могуць паўтарыць наступ на паўночным напрамку.