Жыхары прыфрантавых вёсак: «Не дай Бог рускія вернуцца!»

Харкаўская вобласць была вызвалена яшчэ восенню, але застаецца прыфрантавой тэрыторыяй, церпіць ад абстрэлаў. Купянскі раён — самы ўсходні на Харкаўшчыне, ён мяжуе непасрэдна з РФ і акупаванай Луганскай вобласцю Украіны. Як жывуць вызваленыя мястэчкі і вёскі ля лініі фронту — дазнаўся «Новы Час».

Разбураны Крупянск. Фота Алеся Мінава

Разбураны Крупянск. Фота Алеся Мінава

Прадстаўнікі большасці міжнародных гуманітарных арганізацый сюды не едуць, давозячы сваю дапамогу да Харкава, а далей бяруцца за справу мясцовыя валанцёры. З імі мы і праехаліся па раёне.

«Дзімы больш няма — хату накрыла разам з ім»

Вёска Падолы месціцца пад самым Купянскам, да вайны тут жыло амаль 2400 чалавек, было некалькі шматпавярховікаў. Цяпер жа, як і ва ўсім раёне, праблемы з электрычнасцю, ацяпленнем, вялікая колькасць пашкоджаных будынкаў. Хоць вызвалілі вёску яшчэ 7 кастрычніка, усё яшчэ вядуцца аднаўляльныя працы: на склад з Харкава прывозяць будматэрыялы, каб ратавальнікі і валанцёры маглі закласці фанерай выбітыя вокны, а недзе і часткі дахаў. У шматпавярховых будынках трэба забіваць вокны ва ўсіх кватэрах, нават і пустых, каб не выходзіла цяпло.

Крупянск. прывезлі будматэрыялы

Крупянск. прывезлі будматэрыялы

Разгружаць чарговую партыю матэрыялаў дапамагае і Аляксандр, ён усе свае шэсцьдзясят чатыры гады пражыў у родных Падолах. Кажа, падчас акупацыі расійскія салдаты хадзілі па хатах, шукаючы супрацоўнікаў паліцыі і былых вайскоўцаў.

Аляксандр нікуды не выязжаў з Крупянску

Аляксандр нікуды не выязжаў з Крупянску

— Страшна было, сядзелі без газу і святла зусім, цяпер хоць часткова ёсць. Украіну чакалі. Свае ёсць свае, родны народ, свой, гэта не захопнікі. Але ж для мяне найстрашнейшае было па вызваленні. Мы ўсе радаваліся адразу. А пасля пачалі звязвацца са светам, бо ўвесь час без сувязі былі. У той жа дзень дазнаўся, што ў Харкаве загінуў мой сябар дзяцінства. Падчас ракетнай атакі, яшчэ на пачатку лета.

Некалькі дзён не мог дазваніцца да прыяцеля з Камышанаў, гэта вёска прама пад Херсонам. А праз пару дзён звязаўся з яго жонкай, яна цяпер у Івана-Франкоўску, а Дзімы больш няма — хату накрыла разам з ім. Вось так і жыву цяпер з гэтым, а ўсё тое вакол: вада, святло — гэта ж дробязі, нават ужо і не звяртаеш увагі.

Дровы для абагрэву ў адным з дамоў Крупянску

Дровы для абагрэву ў адным з дамоў Крупянску


Для большасці мясцовых цягам зімы паратункам з’яўляліся пункты абагрэву. Цяпер у іх не так людна: на вуліцы цяплей ды часткова аднаўляюцца камунікацыі. Але такія пункты таксама з’яўляюцца цэнтрамі па выдачы гуманітарнай дапамогі. Валанцёры з усёй Украіны прывозяць сюды ежу, медыкаменты, рэчы і ўсё неабходнае, а далей яно размяркоўваецца па патрэбах. Цяпер ежа ёсць і ў крамах, але для многіх праблема купіць нават хлеб: працы зараз няма, а запасы большасць сем’яў вытраціла яшчэ за акупацыяй.

Раіса вярнулася ў Крупянск, бо тут яе дом

Раіса вярнулася ў Крупянск, бо тут яе дом

Раіса выехала ў больш бяспечны Харкаў, але пражыла там толькі тры месяцы — скончыліся сродкі, і вярнулася:

— Сядзець там за 2 тысячы (прыкладна 50 долараў — заўв. рэд.) немагчыма, — дзеліцца жанчына. — Тут хаця б за кватэру плаціць не трэба. Хаця, калі я вярнулася, то было вельмі цяжка: такая тэмпература ў кватэры была, што замярзалі вёдры з вадою. Ставіла жалезнае вядро на кафлю ў кухні і разводзіла ў ім агонь. Вокны ж трэба было адкрываць, бо дым. Таму цяпло было, толькі як агонь пагасіш, зачыніш вокны, а там вугельчыкі застаюцца. Так можна было і ноч пераспаць. Цяпер часам з’яўляецца электрычнасць, дык прасцей стала. Але я іду вуліцамі, гляджу вакол і проста не веру, што некалі сюды вернецца нармальнае жыццё. Цяжка, вельмі цяжка. Міру хочам. Такое ў нас (выбухі — заўв.рэд.) кожныя 5 хвілін. Прыснеш крыху і прачынаешся. 

«Галоўная праблема — бесперапынныя абстрэлы» 

photo_2023_03_13_13_10_04_logo.jpg


Найбольшая ў абшчыне вёска — Курылаўка (да вайны налічвала больш за 3600 чалавек), тут месціцца сельская ваенная адміністрацыя. Кіраўнік — Анатолій Іванавіч Грыгарэнка — часу мае вобмаль: колькасць працы каласальная: ад аднаўлення жылля і ацяплення да ўліку школьнікаў і дашкольнікаў. Станам на пачатак сакавіка адукацыйны працэс тут не адноўлены.

— На тэрыторыі абшчыны ў нас налічваецца 379 дзяцей, — тлумачыць Анатолій Іванавіч, — але, на жаль, гэта старыя звесткі, цяпер мы іх аднаўляем. Падчас акупацыі ў адміністрацыйных будынках панавалі расійскія салдаты, большасць дакументаў знікла, камп’ютары таксама. Для аднаўлення навучальнага працэсу нам неабходна скончыць улік не толькі школьнікаў, але і настаўнікаў, бо многія эвакуіраваліся. Нехта за мяжой усё яшчэ. Таксама вялікая праблема — сувязь: тут рэдка ловіць мабільны сігнал, не тое што інтэрнэт, таму дыстанцыйнае навучанне наладзіць таксама пакуль немагчыма.

На дадзены момант наша галоўная праблема — бесперапынныя абстрэлы. Яны не спыняліся ад самага пачатку. Гэта асноўная прычына, чаму людзі не хочуць вяртацца. А калі няма людзей, то, вядома, працэс аднаўлення значна запавольваецца. Па нашых прыблізных падліках зараз на тэрыторыі абшчыны застаецца каля 60 адсоткаў даваеннага насельніцтва. 

photo_2023_03_13_13_08_50_logo.jpg

Вольга прыйшла ў адміністрацыю спраўдзіць стан заяўкі на кампенсацыю пашкоджанай маёмасці. Жанчына распавядае: ракета прыляцела проста ў двор, знішчыла частку сцяны.

— Мы ўвесь час заставаліся тут, калі зусім страшна было і гудзела ўсё вакол, спускаліся з дачкой у падвал. У кастрычніку — лістападзе амаль і не вылазілі адтуль. Але што рабіць? Нам няма куды ехаць, да таго ж у сваёй хаце як-ніяк. Дачцэ 17 гадоў, 11 клас, павінна была б паступаць сёлета. Яна хацела быць медыкам, марыла вучыцца ў Харкаве. Але ўжо год як без школы. Мы ў снежні перападалі дакументы на дыстанцыйнае навучанне ў школу Балаклейскага раёна, яна аднавіла працу. Але аніводнага занятку дачка не наведала: інтэрнэту няма. Часам удаецца злавіць слабы сігнал, то загружаюцца заданні, мы разам нешта робім, але ж гэта не вучоба, самі разумееце. 

«Вораг больш сюды не вернецца»

У вёсцы Глушкаўцы, што за 18 кіламетраў ад Купянска, да ўварвання жыло амаль 900 чалавек. Цяпер жа менш за палову засталося. У аколіцах трываюць выбухі, шмат будынкаў пашкоджана, а людзі на вуліцах дзеляцца галоўным хваляваннем, што «не дай бог рускія вярнуцца, яны ж не так далёка адсюль…» 

Вольга верыць, што вораг сюды больш не вернецца

Вольга верыць, што вораг сюды больш не вернецца

Вольга Раманаўна Вусава да вайны працавала галоўным бухгалтарам у сельскай радзе. Цяпер, пакуль старшыні няма, узялася за арганізацыю дапамогі людзям: сустракае валанцёраў, складае спісы сем’яў, дзе патрэбна падтрымка, дбае пра пункт абагрэву — пакойчык з электрапеччу ў будынку сельскай рады, куды ў маразы прыходзіла шмат мясцовых: электрычнасць у вёсцы ёсць рэдка, а запасы дроў у многіх скончыліся. У час акупацыі Вольга сама пякла хлеб, разносіла сталым людзям, бо прадукты былі ў дэфіцыце. Прыгадваючы тыя часы, жанчына плача:

— Адзін хлопчык быў такі актыўны, як кажуць, за Украіну, наш, і яго бралі «на яму». Там моцна збілі, некалькі дзён ніхто не ведаў, ці жывы ён. Але пашанцавала, акупанты яго адпусцілі. Ён увесь у сіняках быў, пальцы паламаныя на руцэ — а доктара ж няма. Але выхадзілі людзі, дапамаглі, галоўнае, што жывы застаўся. А ўзялі яго за тое, што суседзям вокны пабіў — яны былі калабаранты. А ён, ведаеце, такі чалавек, што не мог проста гэтага трываць, дык вось і вырашыў хоць неяк дзейнічаць.

Мне самой заўсёды агідна было, як яны, рускія, ехалі. Агідна ад таго, што некаторыя нашы людзі не разумеюць… Сустракалі акупантаў, супрацоўнічалі. Вось так жывеш ва Украіне, а побач ворагі, літаральна ў суседнім будынку, а мы і не задумваліся аб гэтым. Яны выехалі ўсе, цяпер няма нікога з такіх і, думаю, яны і не вернуцца. Гэта людзі, якія так і не змаглі развітацца з Савецкім Саюзам. Але радуе, што моладзь у нас разумнейшая і больш адэкватная.

Сама Вольга Раманаўна сутыкнулася з акупантамі ўсяго некалькі разоў: правяралі дакументы. Але, прызнаецца жанчына, увесь той перыяд жылі ў панічным страху: сям’я са Львоўшчыны, муж Вольгі — святар Украінскай аўтакефальнай царквы, яго накіравалі ў мясцовую царкву 21 год таму.

— Так і засталіся, абжыліся тут, — распавядае Вольга. — Я зусім не шкадую, нават цяпер. Людзі паўсюль ёсць і добрыя, і кепскія. Я большую частку жыцця пражыла на захадзе Украіны, ужо два дзясяткі гадоў тут, на ўсходзе, і магу дакладна сказаць, што няма нейкай карэннай розніцы між украінцамі, а здраднікі — яны сябе паказалі. Пераймалася толькі, каб не данеслі на мяне, што я «западэнка», бо вядома ж, як гэтыя дзікуны адрэагавалі б. Да таго ж я ў радзе працавала. 

У першыя ж дні вайны, калі кіраўніцтва выехала, а я прыняла рашэнне, што застануся, пайшла ў раду і перакінула сабе на флэшку дакументы і асноўныя звесткі з камп’ютара. А ў мяне яшчэ тая флэшка была жоўта-блакітнага колеру, дык калі нас акупавалі, я яе так схавала ў хаце, што па сённяшні дзень знайсці не магу — вось так баялася. А цяпер дыхаць прасцей, хоць і абстрэлы не спыняюцца вакол, але няма таго пастаяннага страху і небяспекі. Я цвёрда веру і ведаю, што вораг больш сюды не вернецца.

Фота Алеся Мінава