Ад страты цікавасці да страты суб’ектнасці

А вы заўважылі, як змяніўся апошнім часам фармат спажывання інфармацыі? Лукашэнка доўга гутарыў з адыёзным расійскім прапагандыстам Уладзімірам Салаўёвым, і раней гэтую гутарку расцягнулі б на цытаты. Асабліва ўлічваючы асобы тых, хто размаўляў: і Лукашэнка майстар выдаваць афарызмы, і Салаўёў за словам у кішэню не лезе.

Акцыя  пратэсту ў Ерэване

Акцыя  пратэсту ў Ерэване

Але тут — цішыня ў эфіры. Не, канешне, на асобныя заявы, што прагучалі ў інтэрв'ю, розныя асобы розным чынам прарэагавалі, але гэтая рэакцыя была ці для таго, каб «злавіць хайп», то-бок на зусім ужо абсурд, ці з боку тых, хто з Лукашэнкам сутыкаўся зрэдку і не ведае ягоных вербальных здольнасцяў. Напрыклад, прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў вымушаны быў даваць тлумачэнні наконт звання палкоўніка, якое «саюзніку», нібыта, абяцаў Пуцін.
Канешне ж, Пуцін не мае права прызначаць званне палкоўніка таму, хто нават не служыў у расійскім войску. Але гэта прыклад таго, як паспрабавалі злавіць той самы «хайп».
А вось дзе словы Лукашэнкі ўспрынялі ўсур’ёз, дык гэта ў Арменіі. Там не толькі выклікалі ў МЗС беларускага амбасадара, а з нагоды заяваў Лукашэнкі выказаліся дэпутаты парламента. Нават перад будынкам нашай амбасады прайшла акцыя пратэсту, дзе ўжо простыя армяне выказвалі сумневы ў самастойнасці беларускага пакуль што кіраўніка.
У астатнім двухгадзіннае інтэрв’ю — зноў нагадаю, размова вельмі гаваркіх і адыёзных персонаў — прайшло па-за ўвагай грамадства. У інтэрнэтах было больш абмеркавання незразумелага не тое тызеру, не тое бэкстэйджу серыяла Курэйчыка пра Акрэсціна.
Па факце гэта азначае, што персона Лукашэнкі і яго заявы народу не вельмі і цікавыя. Людзі прызвычаіліся, што ён можа казаць усё, што заўгодна. Несці любую лухту, аднак карысці з яго словаў — амаль поўны нуль. А таму не варта звяртаць асаблівай увагі на ягоныя выказванні, усё роўна выніку з іх не будзе ніякага. То-бок, Лукашэнка з «лідара меркаванняў» ператварыўся ў чарговую «гаворачую галаву» кшталту Андрэя Малахава альбо Леаніда Якубовіча: паглядзець на іх можна, але практычных высноваў з таго, што яны скажуць, зрабіць не атрымаецца.
І добра было б, калі б айчынны пакуль што кіраўнік задаволіўся такой роллю «шоумэна». Але ж ён усё ж — не тэлеперсона, а палітычная фігура. І гэтае абясцэньванне ягоных словаў і абяцанкаў моцна адбіваецца менавіта ў палітычным плане, што не ёсць добра для краіны.
Тое ўяўна было прадэманстравана ў час перамоваў Пуціна і Макрона, якія прайшлі на тыдні. «Я сказаў прэзідэнту Пуціну, што мяне турбуе праект Канстытуцыі Беларусі, дзе прапануецца прыбраць два фундаментальных палажэнні 1994 года. І таксама заклік Лукашэнкі ў снежні з нагоды ядзернай зброі. Хачу сказаць, што прэзідэнт Пуцін мяне супакоіў у гэтых адносінах», — сказаў Макрон на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў, паведаміла прэс-служба Крамля. Апроч таго, Пуцін і Макрон абмеркавалі вывад з тэрыторыі Беларусі 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі пасля заканчэння супольных вучэнняў «Саюзная рашучасць», актыўная фаза якіх пачалася 10 лютага.
Гэта азначае, што беларуская ўлада страчвае суб’ектнасць не толькі ў міжнародных, але і ва ўнутраных адносінах. Хай там ядзерная зброя, якую Беларусі ніхто не дасць, хай сабе і вывад войскаў пасля вучэнняў — яны ўсё ж расійскія. Але абмяркоўваць палажэнні новай беларускай Канстытуцыі «праз галаву» беларускага кіраўніцтва — гэта ўжо, пагадзіцеся, некалькі занадта.
Лукашэнка ўвесь час сцвярджае, што «Канстытуцыю мы пішам не пад кагосьці», што гэта — наша ўнутраная справа. Але, аказваецца, «нашу ўнутраную справу» разбіраюць па костках кіраўнікі іншых дзяржаў, і дамаўляюцца, што там прымальна, а што — не.
Гэта зноўку тое, пра што мы казалі неаднаразова — страта легітымнасці беларускага кіраўніка, якая цягне за сабой страту суб’ектнасці. На яго меркаванне, падаецца, ужо проста не звяртаюць увагі, як на ягоныя інтэрв’ю. Але адбіваецца тое не толькі на кіраўніку, а на краіне ў цэлым. І гэта — вельмі кепска.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік падчас канферэнцыі «Калектыўная бяспека ў новую эпоху: вопыт і перспектывы АДКБ», якая прайшла ў Маскве на пляцоўцы міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» сказаў, што Мінск гатовы ўдзельнічаць у абмеркаваннях па расійскіх гарантыях бяспекі з Захадам. «Разлічваем на прадметнае абмеркаванне расійскіх ініцыятыў (па гарантыях бяспекі) як у двухбаковых, так і ў шматбаковых фарматах. Гатовыя прыняць актыўны ўдзел у гэтым працэсе», — працытавала Алейніка расійскае РІА «Навіны».
Гэта таксама своеасаблівы енк адчаю: «Вазьміце нас у перамоўны працэс па бяспецы ў рэгіёне!». Усё было б добра, калі б мы былі нейкай «старонняй» краінай. Але ж Беларусь — і чалец АБСЕ, і знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і якраз падзяляе Расію і Захад. Падаецца, пытанні рэгіянальнай бяспекі без нас абмяркоўваць немагчыма ў сілу хаця б геаграфічнага становішча. Аднак ёсць «страта суб’ектнасці», нас не ўспрымаюць, як самастойную краіну, і ў выніку мы павінны прасіцца туды, дзе, па факце, мы павінны быць «па змоўчванні». Прычым, спадар Алейнік просіць нас уключыць у гэты працэс не каго-небудзь, а нашага «саюзніка».
Афіцыйны Мінск цяпер больш не ўспрымаюць як самастойны палітычны суб'ект. Нават ва ўнутраных справах — згадайце абмеркаванне беларускага Асноўнага закону Пуціным і Макронам. А ад гэтага недалёка да таго, пра што казаў некалі спадар Макей — да страты дзяржаўнасці. Вось толькі прыводзяць да гэтай страты не тыя «санкцыйныя ціскі», пра якія казаў Макей, а канкрэтныя словы, дзеянні і бяздзейнасць беларускай улады.
Аднавіць сваю палітычную суб’ектнасць будзе вельмі і вельмі цяжка.