«Лепш бы ён паглядзеў на мінскі аэрапорт, які больш падобны да свінарніка». Армянскія дэпутаты абурыліся заявамі Лукашэнкі
Словы Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву пра далучэнне Арменіі да так званай «Саюзнай дзяржавы» выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю ў Ерэване.
«Мы перакананыя, што своеасаблівы геапалітычны аналіз прэзідэнта Беларусі мае на мэце абслугоўваць, у першую чаргу, уласны ўнутрыпалітычны парадак дня і не мае ніякага дачынення да Арменіі і да яе знешняй палітыкі», — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Арменіі Ваан Унаньян, каментуючы на просьбу СМІ заяву Лукашэнкі.
Унаньян паведаміў, што ў МЗС Арменіі выклікалі пасла Беларусі Аляксандра Канюка.
Ацэнку выказванням Лукашэнкі далі і дэпутаты парламента Арменіі.
Дэпутат праўладнай фракцыі «Грамадзянская дамова» Авік Агазар'ян: «Такія людзі, як Лукашэнка і (галоўны рэдактар Russia Today) Маргарыта Сіманян, сваёй дзейнасцю аказваюць мядзьвежую паслугу расійскаму ўраду і расійскай дзяржаве. Перш чым рабіць такія заявы, лепш бы Лукашэнка паглядзеў, што робіцца ў мінскім аэрапорце, які больш падобны да свінарніка».
Асудзіў заявы Лукашэнкі і іншы дэпутат ад «Грамадзянскай дамовы» Вагаршак Акапян, сябра армяна-беларускай міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве: «Лідар адной краіны-партнёра не мае права выказваць такія думкі пра іншую краіну-партнёра».
Член апазіцыйнай фракцыі «Аястан» Артур Хачатр'ян лічыць, што менавіта палітыка, якая праводзіцца цяперашнім урадам Арменіі, з’яўляецца прычынай таго, што Лукашэнка можа дазваляць сабе «непрымальныя і вульгарныя» заявы.
Ён заявіў, што пасля вайны 2020 года ў Нагорным Карабаху, якая прывяла да размяшчэння ў рэгіёне расійскіх міратворцаў, улады Арменіі самі перадалі ўсе геапалітычныя пытанні і клопаты расійцам.
«Калі ў сярэдзіне снежня 2020 года азербайджанцы ўварваліся ў [нагорна-карабаскія сёлы] Хцаберд і Хін Тагер, — сказаў Хачатр'ян, — мы спыталіся ў тагачаснага прэс-сакратара прэм’ер-міністра, што адбываецца, і яна накіравала нас да расійцаў. Затым азербайджанцы ўварваліся ў Арменію... Калі мы спыталі, што адбываецца, улады сказалі, што расійцы вядуць перамовы з азербайджанцамі наконт гэтага... Праўладныя дэпутаты раяць у справе ваеннапалонных звяртацца да расійцаў. Гэта значыць, кожны перакладае сваю адказнасць на іншыя краіны. Гэты ўрад наўмысна панізіў узровень суверэнітэту гэтай краіны. Не дзіва, што Лукашэнка і іншыя, не вагаючыся, карыстаюцца гэтай магчымасцю».
Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву закрануў так званую «Саюзную дзяржаву»: «Беларусь ужо там. Мяркую, для Казахстана гэта быў добры ўрок. Калі вы кажаце пра тэрмін у 15 гадоў, упэўнены, што і Украіна будзе там, калі мы не дапусцім памылак. Ну, а астатнія па перыметры... Пасля завяршэння абʼяднання гэтай магутнасці або падчас абʼяднання. Куды яны падзенуцца? Арменіі падзецца няма куды... Вы што думаеце, яны камусьці патрэбныя? Яны ўжо ўбачылі, Нікол Ваваевіч (прэм'ер-міністар Арменіі Пашынян) гэта ўбачыў».