Ва Узбекістане адрэагавалі на «серыю безадказных заяў» Лукашэнкі

Ва Узбекістане заявілі пра «серыю безадказных заяў» Лукашэнкі. Гэта рэха яго інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву, у якім было разважанне пра магчымае ўступленне Узбекістана з-за эканамічнай неабходнасці ў склад «Саюзнай дзяржавы» РБ і РФ.

Ташкент — сталіца Узбекістана

Ташкент — сталіца Узбекістана


Як паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на расійскае РІА «Навіны», крыніца ў афіцыйных колах Узбекістана падкрэсліла, што заява Лукашэнкі «не адпавядае... духу і ўзроўню міждзяржаўных дачыненняў».

«Было б разумным паважанаму Аляксандру Рыгоравічу заняцца, перш за ўсё, сваімі няпростымі ўнутранымі і знешнімі праблемамі», — сказаў неназваны чыноўнік. І параіў не даваць ацэнку сітуацыі ў іншых краінах і каментаваць іх знешнюю палітыку. Крыніца падкрэсліла, што «Узбекістан як незалежная суверэнная дзяржава мае дакладнае бачанне сваёй будучыні» і будзе «працягваць ісці па шляху ўласнай стратэгіі нацыянальнага развіцця».

Раней падобная заява Лукашэнкі пра Арменію выклікала моцнае абурэнне ў Ерэване.