Саакашвілі таемна сустракаўся з Лукашэнкам у Лондане
Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў Тбіліскім гарадскім судзе распавёў пра тое, што ў гады свайго кіравання таемна лётаў у Лондан і сустракаўся з Лукашэнкам, каб той не прызнаваў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Саакашвілі і Лукашэнка з сынам Мікалаем на фінале Еўра-2012. Фота: Newspix / LUKASZ LASKOWSKI PRESSFOCUS
Ён сцвярджае, што такіх таемных сустрэч было чатыры, піша REFORM.by.
«Гэта была таемная дыпламатыя. Тое, што Паўднёвая Асеція і Абхазія дагэтуль не прызнаныя Лукашэнкам, з'яўляецца вынікам маіх паездак у Лондан», — заявіў ён, не агучыўшы дакладных тэрмінаў, спаслаўшыся на сакрэтнасць звестак аб яго пералёце ў Лондан.
Лукашэнка нядаўна разважаў аб прызнанні Крыма, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў інтэрв'ю на ютуб-канале «Салаўёў LIVE».
«Як толькі я разумею і прэзідэнт [Уладзімір Пуцін] мне скажа, што ў гэтым ёсць неабходнасць», — сказаў ён.
Пры гэтым ён адзначыў, што прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ўскладніла б адносіны з Грузіяй.
Саакашвілі ў Грузіі абвінавачваюць па некалькіх крымінальных артыкулах. Ён жыў ва Украіне, але вярнуўся ў Грузію перад мясцовымі выбарамі і быў затрыманы.