Барэль: Не думаю, што Расія ўварвецца ва Украіну

Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль не лічыць, што свет стаіць на парозе поўнамаштабнай вайны, якая можа пачацца пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі падчас візіту ў ЗША.

borrell.jpg


«Я б не сказаў, што мы стаім на парозе поўнамаштабнай вайны накшталт Другой сусветнай. Не думаю, што Расія ўварвецца ва Украіну — як Гітлер уварваўся ў Савецкі Саюз у 1941 годзе», — цытуе Барэля REFORM.by.

На яго думку, Расія хоча дамагчыся перагляду архітэктуры бяспекі ў Еўропе, якую яна паставіла пад сумнеў. Для гэтага і аказваецца ціск на Украіну.

«Для Расіі важная не Украіна. Для Расіі важная архітэктура бяспекі ў Еўропе. Архітэктура, якую паставілі пад сумнеў. Мы лічым, што Расія імкнецца аказваць ціск на Украіну, каб сесці за стол перамоваў аб сістэме бяспекі ў Еўропе, якая цяпер пастаўленая пад сумнеў», — сказаў ён.

Барэль таксама даў ацэнку візіту прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў Маскву. На думку кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, сустрэча прыўнесла элемент разрадкі ў крызіс, але цуду не адбылося, хоць, візіт і быў важны. Ён прадэманстраваў гатоўнасць бакоў весці перамовы.

«Паколькі людзі гатовыя сесці за стол і пагаварыць, я думаю, што ёсць надзея не ўступаць у ваеннае супрацьстаянне... Я думаю, што гэта ўяўляе сабой элемент разрадкі», — сказаў ён.