Зяленскі паабяцаў вакцынаваным украінцам ад 60 гадоў бясплатны смартфон з ільготным тарыфам

Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі паведаміў, што вакцынаваныя грамадзяне ва ўзросце ад 60 гадоў змогуць атрымаць бясплатны смартфон з ільготным тарыфам.

Уладзімір Зяленскі вакцынуецца ад каронавірусу, 2021 год

Уладзімір Зяленскі вакцынуецца ад каронавірусу, 2021 год


Анансаваную Зяленскім праграму «єСмартфон» павінны запусціць вясной 2022 года, удакладняе Hromadske. «Перавагі лічбавай дзяржавы павінны быць даступныя ўсім незалежна ад узросту», — сказаў Зяленскі.

Як адзначыў Зяленскі, атрымаць бясплатны смартфон і ільготны тарыф змогуць усе ахвочыя вакцынаваныя ўкраінцы ад 60 гадоў. Чакаецца, што прыняць удзел у праграме змогуць 8,5 мільёна ўкраінцаў.

Пакуль невядома, як падаць заяўку на ўдзел у праграме, якія менавіта смартфоны будуць уручаць вакцынаваным грамадзянам і што прадугледжвае ільготны тарыф.

Паводле інфармацыі міністра лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіла Фёдарава, першы этап праекта пачнецца ў красавіку: улады пачнуць складаць спіс ахвочых атрымаць смартфон.

Пачатак другога этапу — атрыманне смартфонаў — будзе залежаць ад тэрмінаў вырабу гаджэтаў. Паводле інфармацыі Фёдарава, урад плануе рэалізаваць большую частку праекту ў 2022 годзе.

У лістападзе 2021 года Зяленскі паабяцаў, што грамадзянам Украіны, якія атрымалі два кампаненты вакцыны ад каронавірусу, дзяржава выплаціць па тысячы грыўняў (каля $38).

«На гэтыя сродкі можна будзе набыць абанемент у спартзал або фітнэс-клуб, наведаць кінатэатр, тэатр, музей, канцэртную залю або выставачны цэнтр. Або купіць білеты для падарожжаў унутры краіны, на ўнутраныя авія- і чыгуначныя перавозкі», — казаў Зяленскі.

Украінцы запусцілі флэшмоб з заклікам набываць за «тысячу Зяленскага» кнігі.