Сяргей Дылеўскі: «Амікрон» можа спыніць беларускія прадпрыемствы

Эпідэмія штаму «амікрон» у Беларусі выклікала не толькі калапс у сістэме аховы здароўя, але і ўдарыла па беларускіх прадпрыемствах. Успышка COVID-19 пакінула шэраг гарадоў амаль без грамадскага транспарту. У Светлагорску, Магілёве і іншых гарадах кіроўцы павальна хварэюць на кавід. Хварэюць і работнікі беларускіх заводаў.

yd__0796.jpg


СМІ пагаварылі аб сітуацыі на прадпрыемствах з лідарам Беларускага аб'яднання працоўных Сяргеем Дылеўскім:

— Не перабольшу, калі скажу, што цяпер сітуацыя проста катастрафічная на беларускіх прадпрыемствах. Па паведамленнях рабочых, якія знаходзяцца цяпер непасрэдна ў Беларусі, у залежнасці ад завода, ад 20 да 50 адсоткаў працоўных зараз на бальнічным.

Ніякіх мер па змене гэтай сітуацыі зараз кіраўніцтвам прадпрыемстваў не прымаецца. Ні масачнага рэжыму не ўводзяць, ні каранцінных мер, нічога. З-за гэтага няма нават інфармацыі, колькі людзей пераносяць хваробу на нагах.

— Ці ёсць у вас лічбы па нейкіх канкрэтных прадпрыемствах, каб лепш прадставіць маштаб праблемы?

— Ёсць інфармацыя кропкавая па заводах. Напрыклад, па «Мінскаму трактарнаму заводу» ёсць цяпер інфармацыя, што каля 3900-4000 тысяч чалавек знаходзяцца на бальнічным. Інфармацыя па Салігорску — кожны пяты на бальнічным. Калі браць «Мінскспецаўтатранс», то там прыкладна кожны чацвёрты, кожны пяты.

Прафілактычныя меры на прадпрыемствах не ўводзіліся. Месяцы чатыры таму спрабавалі ўвесці. Але потым па загадзе, па распараджэнні зверху, менавіта ад кіраўніцтва краіны, усе абмежавальныя меры былі знятыя. Усе згадкі наогул аб кавідзе, аб тым, што трэба прытрымлівацца нейкіх мер бяспекі, прыбралі.

— Як кіраўніцтва прадпрыемстваў ставіцца да таго, што людзі бяруць бальнічныя?

— Кіраўніцтва на гэта паўплываць не можа ніяк. Дзякуй Богу, у нас у медыцыне працуюць адэкватныя людзі, і калі ў чалавека каронавірус пацверджаны, альбо сімптомы каронавіруса, — яму даюць бальнічны. І кіраўніцтва на гэта паўплываць не можа.

Але сітуацыя такая, што даводзіцца замяняць людзей, неяк шукаць. Адклікаюць многіх з адпачынкаў. Яны спрабуюць неяк спраўляцца, але з такімі тэмпамі надоўга гэтых мер не хопіць. Калі такі ўзровень захворвання будзе яшчэ літаральна тыдзень ці два, заводы спыняцца.

На кашальках завадчан гэта адаб'ецца неістотна, таму што бальнічныя лісты ўсё ж такі аплачваюцца на прадпрыемствах, гэта закон. Але на саміх прадпрыемствах гэта дрэнна адаб'ецца. І так, груба кажучы, заводы на каленях цяпер практычна ўсё. А калі яшчэ не будуць вырабляць прадукцыю, не будзе прыбытку, з улікам запазычанасці па ўсіх прадпрыемствах, гэта ўсё можа прывесці да таго, што яны проста банкрутамі стануць.

Эканамічна было б лепш і выгадней прыняць меры па папярэджанні пандэміі. Аж да таго, што абвясціць каранцін і каб людзі тыдні два сядзелі дома, каб засцерагчы сябе, каб не было распаўсюджвання інфекцыі.

— Як сёння рабочым абараніць сябе і свае сем'і ў такіх умовах?

— Выконваць сацыяльную дыстанцыю, карыстацца антысептыкамі, насіць маскі, па магчымасці пазбягаць месцаў вялікіх масаў людзей, у тым ліку — вытворчыя цэхі. Па магчымасці не выходзіць на працу, браць адпачынкі нават за свой кошт і перачакаць, проста перачакаць гэтую пандэмію дома.