«Немагчыма даехаць на працу...» У Светлагорску праз кавід адбыўся калапс у працы грамадскага транспарту
У Светлагорску былі адмененыя некаторыя рэйсы пасажырскіх аўтобусаў на маршрутах №4 і №5, паведамляе ranak.me.
— Што тычыцца ранішніх рэйсаў, то 8 лютага адмяняецца «чацвёрка» на 6.22 з ЦКК і «пяцёрка» на 8.25 з ЦКК, — паведамілі журналісту выдання ў дыспетчарскай філіяла «Аўтобусны парк № 5» ААТ «Гомельаблаўтатранс». — Днём адмяняецца «пяцёрка» на 14.28,
15.34 і 17.21 з ЦКК і «чацвёрка» на 16.45 з ЦКК. Гэта часовая мера,
яна звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй — многія нашы кіроўцы знаходзяцца на
бальнічным.
У апошнія дні ў Светлагорску прыкметна пагоршылася сітуацыя
з пасажырскім транспартам. У першую чаргу, на праблему своечасова дабрацца ў
прамзону на працу скардзяцца работнікі горадаўтваральных прадпрыемстваў ААТ «Светлагорскі ЦКК» і ААТ «СветлагорскХімвалакно».
Так, сёння раніцай ва ўнутраным чаце аднаго з прадпрыемстваў
з'явілася адразу некалькі паведамленняў на гэтую тэму.
— Добрай раніцы. У нас паўстала пытанне з нагоды транспарту:
немагчыма даехаць на працу, няма аўтобусаў. Людзям даводзіцца ехаць на таксі. ДАПАМАЖЫЦЕ
ВЫРАШЫЦЬ ПЫТАННЕ З ТРАНСПАРТАМ!!!
— Гэта дакладна, трэба вырашаць гэтае пытанне. З
Прывакзальнай ні да 8, ні да 16 няма ні аднаго аўтобуса!!!
— Я жыву ў цэнтры і таксама не магу даехаць да працы!!!
— SOS!!! Адміністрацыя завода, пераканаўчая просьба, прыміце
меры! Колькі можна падымаць адно і тое ж пытанне! З 6 у выхадны давялося
ехаць на таксі! Чаму 13-ты аўтобус не пусціць да ЦКК?!
— Немагчыма дабрацца дадому з другіх змен, людзі
ходзяць з вакзала пешшу да старога аэрадрома ў 1 ночы.
Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства так пракаментаваў
сітуацыю:
— Паважаныя работнікі таварыства, лягчэй не будзе ў
бліжэйшыя дні. У аўтапарку працуюць такія ж людзі, як і мы. Сёння выйшлі на
працу толькі 30% кіроўцаў аўтапарка. Усё, што зможа аўтапарк, — паставіць
прыпынкі ўсім праходзячым міма ЦКК аўтобусам. Нам давядзецца ў бліжэйшы час
дабірацца на працу і з працы ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку і на таксі.
Усім жадаем цярпення і разлічваем на разуменне сітуацыі, якая склалася. Акрамя
гэтага, нагадваем, што нам неабходна таксама не спыніць нашу вытворчасць. З
гэтай мэтай пераканаўча просім строга выконваць масачны рэжым, сацыяльную
дыстанцыю, санітарныя нормы ў дачыненні да сябе і памяшканняў, дзе вы працуеце.
Дырэктар філіяла «Аўтобусны парк № 5» ААТ «Гомельаблаўтатранс» Аляксандр Казакоў адмовіўся ад каментара.