Рэвалюцыя дальнабойшчыкаў. Дасье ў карыкатурах
Сталіцу Канады фактычна захапілі кіроўцы грузавікоў, што пры вялізнай народнай падтрымцы пратэстуюць супраць новых антыкавідных нормаў. Чым скончыцца пратэст — пакуль незразумела, але, падобна, новая форма народнага абурэння пачынае распаўсюджвацца па ўсім свеце.
Рух, які, па меркаванні шэрагу каментатараў на Захадзе, можа змяніць свет, пачаўся з-за жадання канадскіх уладаў забараніць перасячэнне мяжы для грузавых аўто, кіроўцы якіх не маюць т. зв. кавід-пашпартоў або не прайшлі вакцынацыю. Канадскія дальнабойшчыкі павінны прад'явіць адмоўны ПЛР-тэст, атрыманы на працягу 72 гадзін пасля прыбыцця на мяжу, і адправіцца ў каранцін пасля прыбыцця. Правілы набылі моц 15 студзеня 2022 года.
Многія, у тым ліку карыкатурысты, папярэджвалі, што для ліберальнага прэм'ера Джасціна Трудо гэта рызыкоўны ход. На гэтую тэму малюнак Малькольма Мауеса (Malcolm Mayes).
Новыя нормы выклікалі абурэнне кіроўцаў па ўсёй краіне, паколькі практычна адразу ў шмат каго пачаліся праблемы. Некаторыя з шафёраў, якія правялі па 16 гадзін за стырном, затрымаліся на мяжы, і адразу выявіўся недахоп ПЛР-тэстаў. А нязгодных з новымі правіламі пачалі штрафаваць. У адказ на гэтыя крокі дальнабойшчыкі пачалі акцыі пратэсту ў выглядзе руху калоны машын у сталіцу — «Канвой свабоды». На некаторых участках калона расцягвалася на 70 кіламетраў. Увогуле акцыя ўжо стала самай буйной у гісторыі Канады. Што тычыцца мастакоў, то яны выяўлялі пратэст у выглядзе ДТЗ з удзелам прэм’ера і грузавіка.
Наўрад рух атрымаў такі маштаб без народнай падтрымкі. Улады спрабавалі забараняць людзям вітаць канвой на ўзбочынах дарог пад пагрозай штрафу памерам да 500 долараў у эквіваленце. Насельніцтва ігнаравала забароны, сустракала дальнабойшчыкаў сцягамі і транспарантамі, карміла іх падчас прыпынкаў. Прадстаўнікі некалькіх аддзяленняў федэральнай паліцыі падтрымалі кіроўцаў.
У гэтым плане можна казаць, што цяперашні пратэст — гэта не бзік антываксёраў. Гэта найперш пратэст супраць абмежаванняў, якія ўводзяць нікім не абраныя і не адказваючыя перад народам чыноўнікі і іх дарадцы з ліку медыкаў і навукоўцаў. Гэтую сітуацыю выданне Rebel news адлюстравала з дапамогай алюзіі на вядомую фатаграфію часоў пратэстаў на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь.
Між тым 29 студзеня каля 70 000 чалавек «узялі ў аблогу» будынак парламента Канады ў Атаве, вынікам якой стала паніка ў адміністрацыі прэм'ера. З меркаванняў бяспекі Джасцін Трудо і яго сям'я былі эвакуіраваныя ў невядомае месца ў сталіцы краіны. Як жартуюць карыкатурысты, Джасцін Трудо збег у музей васковых фігур мадам Цюссо, дзе экспанатамі служаць фігуры былых палітыкаў ці поп-зорак.
Пакуль сітуацыя патавая. Аблога парламента працягваецца. Кіраўнік урада хаваецца. Адначасова ліберальныя СМІ спрабуюць перайграць пратэст у інфармацыйнай сферы. Пратэстоўцаў выяўляюць як папулістаў і ворагаў дэмакратыі.
І нават як расістаў і фашыстаў. Дарэчы, такія асацыяцыі не спадабаліся Ілону Маску, які падтрымаў пратэстоўцаў.
Важны нюанс — за пратэстамі актыўна назіраюць у суседніх ЗША. Падзеі ў Канадзе натхнілі мясцовых крытыкаў вакцынацыі, якія ўваходзяць у лагер рэспубліканцаў. Амерыканскія кіроўцы заяўляюць аб намеры выкарыстаць канадскі досвед. Калі імаверныя пратэсты ў ЗША набудуць такі ж размах, як у Канадзе, адміністрацыі Байдэна прыйдзецца не салодка. Не дзіўна, што карыкатуры выданняў, блізкіх да дэмакратаў, пужаюць электарат такім сцэнаром. На адным з малюнкаў «Канвой свабоды» вітае чалавек у адзенні ўдзельніка спробы захопу Кангрэса ў студзені мінулага года.
Ініцыятывы стварыць свой аналаг «Канвою свабоды» таксама фіксуюцца ў Аўстраліі, Эстоніі, Даніі і іншых краінах свету. Зрэшты, ці змогуць яны стаць такім жа масавым рухам, як у Канадзе — вялікае пытанне. Але самая вялікая загадка — як маглі стваральнікі мультыплікацыйнага серыяла «Сімпсаны» яшчэ ў 1999-м так дакладна прадбачыць тое, што адбываецца цяпер? Пераканайцеся самі!