Макрон: Найліжэйшыя дні будуць вырашальнымі для Украіны, а незалежнасць Беларусі павінна захавацца

Такую заяву французскі лідар зрабіў пасля сустрэчы з Пуціным. Гаспадар Крамля пры гэтым адзначыў, што яго зацікавілі ідэі Макрона, але адмовіўся агучыць іх.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пасля сустрэчы з расійскім лідарам заявіў, што найбліжэйшыя дні будуць вырашальнымі ў пытанні дээскалацыі на мяжы Расіі і Украіны, паведамляе korrespondent.net.

Пры гэтым Макрон адзначыў, што сустрэча з Пуціным 7 лютага мела пэўны прагрэс. «Наступныя некалькі дзён будуць вырашальнымі і запатрабуюць інтэнсіўных абмеркаванняў, якія мы будзем праводзіць разам», — адказаў Макрон журналістам пасля вячэры з Пуціным.

Агенцтва «Reuters» адзначае, што Пуцін заявіў, што некаторыя ідэі Макрона могуць развязаць крызіс: «Шэраг яго ідэй, прапаноў, пра якія, мабыць, яшчэ рана казаць, думаю, цалкам могуць стаць асновай нашых будучых супольных крокаў».

Макрон зноў пагаворыць з Пуціным пасля сустрэчы з украінскім кіраўніцтвам.

Пры гэтым Макрон адзначыў, што незалежнасць Украіны, Малдовы і Беларусі, дзе Расія праводзіць вайсковыя вучэнні, павінна быць захаваная, і што ён, у сваю чаргу, таксама ўпэўнены ў прагрэсе.