Беларуская ўлада і паралельная рэальнасць

Праваабаронца-пачатковец, які расстрэльваў людзей, ды пакаяльныя відэа спартсменаў-алімпійцаў... Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ў сваёй адмысловай манеры разважае пра беларускі сюррэалізм.

1_00_fotor.jpg

Ведаеш, я сёння знаходжуся ў цяжкім становічшы. Нават не ведаю, што табе і сказаць. Ну вось што ты скажаш пра пачаткоўца-праваабаронцу, які, бывала, расстрэльваў па дваццаць чалавек на дзень? Ці пра патрыятычных спартсменаў, якія каюцца на камеру за тое, што недастаткова патрыятычна скакалі на Алімпіядзе? А пра крымінальную справу супраць украінскага мэра за тое, што ён узняў перад сваёй мэрыяй сцяг, што не ўхваляе беларуская пракуратура? Не можа мая фантазія ўгнацца за палётам гэтай паралельнай рэальнасці.

Вось у рэальнасці тэлевізара беларускія ўлады забаранілі вывозіць капусту і яблыкі, каб чужыя людзі іх не з'елі. Таму што, як сказаў учора адзін адказны за капусту міністр: капуста і яблыкі ў Беларусі сёння такія танныя, што іх вывезлі б за адну ноч і самім бы нічога не засталося.

А ў гэты час па-за межамі тэлевізара інфляцыя пераступіла сакральны парог. За студзень цэны выраслі на 10,4%. І, што характэрна, цэны на ежу раслі хутчэй, чым на ўсё астатняе. Але беларускія ўлады, вядома, не бачаць нічога агульнага паміж забаронай імпартнай ежы і несанкцыянаваным ростам цэн. Таму што ў рэальнасці тэлевізара забарона ежы называецца стварэннем стымулаў для айчыннага вытворцы.

І калі з рэальнасцю беларускага тэлевізара сутыкаюцца непадрыхтаваныя людзі, то абавязкова ўзнікаюць якія-небудзь няёмкія сітуацыі. Вось як добра было распавядаць пра далучэнне Арменіі і Узбекістана, пакуль у Арменіі і Узбекістане пра гэта не чулі. А калі пачулі, то ў двухбаковых адносінах паўстала пэўная няёмкасць. І вось Узбекістан учора параіў беларускім уладам разбірацца са сваімі ўнутранымі і знешнімі праблемамі. Хоць, здавалася б, нішто не прадвяшчала ўскладненняў на ўзбекістанскім кірунку. Напэўна, яны ўрэшце з гэтай няёмкасцю як-небудзь разбяруцца. Але асадачак жа ўсё роўна застанецца.

Увогуле, беларускім уладам у тэлевізары ўжо так утульна, што не хочацца выходзіць вонкі. І хай бы яны там сабе і сядзелі. Але ім жа без нас з табой самотна.