СМІ: ЗША запатрабуе ад Турцыі выконваць санкцыі супраць Расіі

Намеснік міністра фінансаў Злучаных Штатаў Амерыкі па пытаннях тэрарызму і фінансавай разведкі Браян Нэльсан на наступным тыдні наведае Турцыю для перамоваў па выкананні Анкарой санкцый супраць Расіі і палесцінскай тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС.

Фота topwar.ru

Фота topwar.ru

Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя з перамовамі крыніцы.

Паводле іх чаканняў, чыноўнік Мінфіна ЗША сустрэнецца ў Анкары са сваімі турэцкімі калегамі, дзе запатрабуе ад Турцыі выканання санкцый ЗША супраць шэрагу расійкіх кампаній і фінансавай дзейнасці ХАМАС.

Крыніцы паведамілі выданню, што ЗША таксама папярэдзілі шэраг турэцкіх кампаній аб магчымых санкцыях, якія могуць парушыць іх сувязі з заходняй фінансавай сістэмай.

Паводле іх слоў, Вашынгтон таксама занепакоены адмовай Турцыі далучыцца да аднабаковых санкцый ЗША, накладзеных на расійскія судны, якія ажыццяўляюць партовыя заходы ў Турцыю, і авіякампаніі, якія атрымліваюць наземнае абслугоўванне ў турэцкіх аэрапортах.

Візіт Нэльсана падкрэслівае новыя выклікі, якія стаяць перад і без таго напружанымі адносінамі паміж Турцыяй і ЗША. Турэцкі ўрад не лічыць ХАМАС тэрарыстычнай арганізацыяй, а прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган нядаўна назваў гэтую групоўку арганізацыяй, якая змагаецца за вызваленне палесцінскага народа.


Глядзіце таксама

У той жа час Анкара імкнецца аднавіць адносіны з Вашынгтонам і заручыцца падтрымкай прэзідэнта Джо Байдэна ў пытанні набыцця ваенных самалётаў F-16 і мадэрнізацыі існуючага флоту.

Раней Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла аб маштабным пакеце санкцый супраць 130 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку турэцкіх, якія спрыяюць ухіленню Расіі ад эканамічных абмежаванняў і дапамагаюць ёй пастаўляць тэхналогіі для вайсковай вытворчасці.

Вашынгтон увёў санкцыі супраць каля дзясятка турэцкіх фірмаў і некаторых фізічных асоб за кіраванне інвестыцыйным партфелем ад імя ХАМАС або дапамогу Расіі ў абыходзе санкцый.

СМІ таксама паведамлялі, што Мінфін ЗША разаслаў запыты 30 уладальнікам каля сотні судоў, якіх падазраюць у перавозцы расійскай нафты насуперак узгодненай дзяржавамі Захаду столі коштаў.

Адной з кампаній, якая, паводле звестак Reuters, атрымала запыт на інфармацыю, была турэцкая кампанія Beks Shipping.