«Ніколі такога не было, і вось ізноў», альбо Як прыбраць казла з хаты?

«Толькі ўзяўся за яйкі — масла прапала!» — гэтай знакамітай крылатай фразе Лукашэнкі не менш за 15 гадоў. Сказана яна была даўно, і з нагоды таго, што беларускія кампаніі вывозілі малочныя прадукты ў Расію, пакідаючы без прадукцыі ўнутраны рынак. Больш за 15 гадоў прайшло, — а вынік усё той жа.

Фота з zorkanews.by

Фота з zorkanews.by

Не, цяпер будзе не пра «справу малочнікаў», хоць і яна таксама — паказчык таго, што Лукашэнка намёртва затрымаўся недзе ў тым мінулым. Як і тады, цяпер ён разносіць малочную галіну, і з той жа нагоды — пастаўкі прадукцыі ў Расію па заніжаных, як яму падаецца, коштах. Але не толькі ў гэтым справа.

У панядзелак Лукашэнка зноў «узяўся за яйкі». На нарадзе з прэм'ер-міністрам, віцэ-прэм'ерамі, кіраўніком сваёй адміністрацыі і МЗС ён раптам запатрабаваў, каб у перадсвяточныя дні на належным узроўні былі наладжаныя пастаўкі прадуктаў у крамы. У тым ліку ў невялікіх населеных пунктах.

«Хачу папярэдзіць урад, што скідак ніякіх не будзе ў плане забеспячэння нармальнай сітуацыі ў пераднавагоднія і перадкалядныя святы. Не павінна быць ніякіх праблем з харчаваннем для нашых людзей. Слухайце, калі б чагосьці не хапала. Усяго хапае. Толькі наша распараджальнасць. Асабліва — малыя гарады, аграгарадкі і вёскі. Гэта нашы людзі. Гэта не багатыя людзі. Яны павінны ўсім быць забяспечаны. Святы павінны быць не толькі для начальнікаў, жыхароў Мінска і буйных гарадоў. Святы павінны быць для ўсіх», — сказаў ён.

Так, прайшло трыццаць гадоў «беларускага эканамічнага цуду» — а дагэтуль людзі, на думку Лукашэнкі, асабліва ў малых гарадах, не забяспечаныя, і чым? Прадуктамі! Самай звычайнай ежай.

Тры гады — з 2018 па 2020 уключна — у нас былі аб'яўлены «Годам малой радзімы». «Малая радзіма» ўразілася, але, аказваецца, безвынікова. Святы дагэтуль «для начальнікаў, жыхароў Мінска і буйных гарадоў».

Канешне, можна сказаць, што Лукашэнка тое гаворыць амаль перад кожным Новым годам. Але менавіта гэта і здзіўляе — аказваецца, праз 30 гадоў «росквіту краіны для народа» ежы ўсё роўна хапае не ўсім. Да Лукашэнкі, з ягоных слоў, «звяртаецца нямала людзей, якія скардзяцца на забеспячэнне людзей самым неабходным».

Дык чаму ж беларусам не хапае ежы? На думку Лукашэнкі, проста трэба ў чарговы раз «навесці парадак». Цяпер — у «Белкаапсаюзе», які адказвае за дастаўку той самай ежы і іншага неабходнага людзям.

Ах, гэты «Белкаапсаюз»! Што толькі з ім не рабілі! Маштабна крэдытавалі: у 2005-м яму выдзелілі пазыкі ў 30 мільярдаў рублёў. Нічога не змянілася, і праз 10 гадоў дырэктара Белкапсаюза пасадзілі на 12 гадоў за карупцыю.

Гэта таксама не дапамагло. Яшчэ за 10 гадоў справы зноў не наладзіліся. Таму, са слоў Лукашэнкі, трэба «ўвесці жорсткую вайсковую дысцыпліну». «У пачатку будучага года... будуць пастаўленыя вельмі жорсткія задачы», — абяцае ён.

А папярэднія спробы рэанімаваць гэтую фірму хіба былі менш «жэстачайшымі»?

Глядзіце таксама

Справа нават не ў тым, што «Белкаапсаюз» застаўся манапалістам у забеспячэнні прадуктамі сельскіх жыхароў. Справа ва ўказе №713 па рэгуляванні цэн, якія не менш «жэстачайшэ» забаронена павышаць. З-за гэтага гандлёвыя сеткі пачалі аптымізаваць выдаткі, і гэтая аптымізацыя ў першую чаргу закранула дастаўку. Мы памятаем, як усе буйныя сеткі кшталту «Е-дастаўкі» абмежавалі геаграфію гэтай самай дастаўкі менавіта пасля ўказа аб замарозцы цэнаў. Перш за ўсё «пад нож» аптымізацыі трапілі рэгіёны. А цяпер Лукашэнка кажа, што людзі «скардзяцца на забеспячэнне самым неабходным».

Ну дык хто гэтую сітуацыю стварыў? Хто падпісаў указ №713? І чаму папулісцкія «касякі» Лукашэнкі павінен выпраўляць МЗС, прадстаўнік якога прысутнічаў на пасяджэнні? Зразумела, што ў цяперашняй сітуацыі МЗС рабіць наогул няма чаго, але не да такой жа ступені?

Зрэшты, для Лукашэнкі гэтая сітуацыя знаёмая і зразумелая, і ён гэтым карыстаецца рэгулярна, як у бразільскіх серыялах: сам стварае праблему, сам яе вырашае, і тым самым паказвае рэгулярны «клопат пра народ». А тое, што ён і ёсць крыніца праблем — «гэта іншае».

Ці вось урад падоўжыў тэрмін рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве зоны чакання ля пункта пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай аж да 2025 года ўключна. Згодна з праектам, у «Казловічах» павінна з'явіцца «пляцоўка зоны чакання з сістэмай электроннай чаргі ўмяшчальнасцю прыкладна 700 грузавых аўтамабіляў, у тым ліку 90 месцаў для перачэпкі/перагрузкі транспартных сродкаў. Праект прадугледжвае будаўніцтва шматфункцыянальнага будынка, у якім размесцяцца кафэ з кругласутачным рэжымам працы, крамы і іншыя аб'екты для забеспячэння належнага ўзроўню сэрвіснага абслугоўвання і камфортнага знаходжання кіроўцаў грузавых аўтамабіляў».

Кажучы проста: трэба заліць асфальтам ці бетонам стаянку, паставіць там шлагбаум з аўтаматам электроннай чаргі, ангар для перачэпкі і магазін-кафэ з прыбіральняй, які ёсць на любой запраўцы. І вось гэта ўсё яны збіраюцца будаваць — два гады. Уключна з 2025 годам.

Так, таму што раней на мадэрнізацыю памежных пераходаў і пунктаў пропуску даваў грошы Еўрасаюз. А цяпер не дае. І даводзіцца выкладваць за гэта ўласныя грошы, якіх няма. А чаму Еўрасаюз не дае грошы? Ці не таму што хтосьці вырашыў арганізаваць на яго межах «мігранцкі крызіс» і заявіў, што «Я сказаў ЕС, што не буду затрымліваць мігрантаў на мяжы, бо яны едуць не ў маю краіну, а ў іх краіны»? Хто гэта сказаў у 2021 годзе?

Старшыня праўлення рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы паведаміў, што сёлета паток уязнога турызму ў Беларусь скараціўся на 10-12% у параўнанні з мінулым годам. Чаму? Хто ведае. Можа быць таму, што на ўездзе ў Беларусь ва ўсіх запар правяраюць тэлефоны. А можа, з-за саўдзелу Беларусі ў вайне з Украінай. Ці таму, што Беларусь пад санкцыямі, а «Белавія» не лётае ў Еўропу з-за пасадкі рэйса Ryanair з Пратасевічам. Увогуле, тут пытанняў можна задаваць шмат, але галоўнае — адно з адвечных пытанняў рускай (як нас вучылі ў школе) інтэлігенцыі: «Хто вінаваты?» А ўжо потым трэба разбірацца з другім пытаннем: «Што рабіць?»

Ёсць такі габрэйскі анекдот: адзін з прыхаджанаў скардзіўся рэбэ, што ў яго ў сям'і ўсё дрэнна і ў доме цесна. Рэбэ прапанаваў яму прывесці ў дом казла. Ад гэтага сітуацыя, зразумела, не палепшылася. Тады рэбэ параіў прыбраць казла з хаты. І яго прыхаджанін раптам стаў шчаслівы: у доме няма гэтага смярдзючага казла!

Наша беларускае кіраўніцтва, падобна, паступае сапраўды гэтак жа: давёўшы сітуацыю «да ручкі», можна крышачку праявіць «клопат пра народ» — і ўсе шчаслівыя. Асабліва тыя, хто не памятае, з-за чаго (ці з-за каго) праблема стварылася.