«Зніклыя» палітзняволеныя — што пра іх вядома?

З вясны няма звестак пра самых вядомых беларускіх палітвязняў, якія лічацца асабістымі ворагамі рэжыму. «Свабода» расказвае, што з імі адбываецца цяпер.

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

«Інкамунікада» і адсутнасць сродкаў гігіены як катаванні

Апошні ліст ад палітвязня Міколая Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. 11 месяцаў няма лістоў ад Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай. Усе яны, паводле абазнаных крыніц, утрымліваюцца ў «адзіночках» ПКТ — памяшкання камернага тыпу. У лістападзе ў ПКТ Горацкай калоніі трапіў і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Сувязі з імі няма. На працу яны не ходзяць. Перадачы, спатканні, тэлефанаванні забароненыя. Ліставанне дазволенае, але на практыцы яго таксама няма.

Паводле беларускага заканадаўства, у ПКТ вязень можа адбываць пакаранне не больш за 6 месяцаў.


Глядзіце таксама

«Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасці відаў абыходжання і пакарання» ААН прадугледжваецца магчымасць утрымання пад вартай у рэжыме "інкамунікада" (строгай ізаляцыі) на тэрмін да пяці дзён у якасці выключнай меры ў выпадках асабліва сур’ёзных злачынстваў. Каб звярнуцца да падобнай працэдуры, ва ўсім цывілізаваным свеце неабходна атрымаць судовы ордэр на працягу сутак з моманту затрымання, а суддзя, які выдаў такі ордэр, павінен пастаянна атрымліваць інфармацыю пра стан затрыманай асобы», — тлумачыць былы адвакат аднаго з палітзняволеных, пазбаўлены ліцэнзіі.

У беларускім заканадаўстве тэрміна «інкамунікада» і адпаведнага пакарання для вязняў няма. Адвакаты і праваабаронцы раяць сваякам і грамадскасці працягваць пісаць скаргі — у калоніі, Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, у міжнародныя структуры, нягледзячы на фармальныя адпіскі.

Мікалай Статкевіч — 336 дзён у невядомасці

Апошні ліст ад палітвязня Мікалая Статкевіча прыйшоў 9 лютага 2023 года. Днямі рэчавую перадачу, якую жонка Статкевіча Марына Адамовіч спрабавала перадаць мужу, вярнулі ўжо трэці раз запар. На сваю скаргу Марына Адамовіч атрымала чарговы фармальны адказ. З яго вынікае, што Мікола Статкевіч «працягвае адмаўляцца выконваць законныя патрабаванні адміністрацыі, за што да яго ўжываюцца меры спагнання».

Адказ утрымлівае таксама стандартныя выразы: згодна з ч.6 арт.10 КПК асуджаны мае права на ахову здароўя, медыцынская дапамога асуджанаму Статкевічу аказваецца ў адпаведнасці з інструкцыямі, пагроз жыццю і здароўю асуджанага Статкевіча на сённяшні дзень няма.

Марыя Калеснікава — 333 дні ў невядомасці

«Больш за 40 месяцаў Марыя за кратамі, 2 гады ў Гомельскай каллніі № 4», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сястра Марыі Таццяна Хоміч.

Апошні ліст бацьку ад Марыі прыйшоў летась 15 лютага. Паводле некалькіх абазнаных крыніц, Марыя знаходзіцца ў «адзіночцы» ў памяшканні камернага тыпу Гомельскай папраўчай калоніі № 4.

Гэта асобны аднапавярховы будынак зялёнага колеру, які стаіць на тэрыторыі калоніі асобна, ён нагадвае вагон з камерамі-купэ па абодва бакі. Усярэдзіне сцены і падлога пафарбаваныя ў колеры расійскага сьцяга, расказалі «Свабодзе» былыя сядзельцы. На працу Марыя не ходзіць. Год таму Калеснікава перанесла цяжкую аперацыю — у яе дыягнаставалі перытаніт і прабадную язву. Пасля апэрацыі яна страціла 15 кілаграмаў вагі, Марыі неабходная адмысловая дыета.


Глядзіце таксама

Ігар Лосік — 327 дзён у невядомасці

Апошні ліст бацькам прыйшоў ад Ігара 20 лютага 2023 года. Адвакат таксама бачыў Ігара ў лютым. У сакавіку яго да падабароннага ў Наваполацкую калонію не дапускалі, а потым затрымалі на 30 сутак. Ігар у сярэдзіне сакавіка з прычыны правакацыі і на знак пратэсту спрабаваў пашкодзіць сабе руку і горла. Бацькі тройчы ездзілі ў калонію на прыём да начальніка. Ім паведамілі, што Ігар адбывае пакаранне за правіны, стан здароўя ў яго здавальняючы, таму спатканні, званкі, перадачы забароненыя. То-бок нават прадметаў гігіены і рэчаў першай неабходнасці яму не перадаюць. І забараняюць атаварку ў турэмнай краме, хоць паводле заканадаўства вязень мае права купляць неабходнае на суму ў адну базавую велічыню.

Перад самым Новым годам у дзверы кватэры бацькоў уторкнулі позву на імя Ігара Лосіка з патрабаваннем з'явіцца ў аддзел выканання пакаранняў і аплаціць «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці». Як відаць, у аддзеле прымусовага выканання не ведаюць, што Лосік ужо 3,5 гады за кратамі. Судовы выканаўца чарговым разам сфатаграфаваў маёмасць у кватэры бацькоў Ігара.

Сяргей Ціханоўскі — 192 дні ў невядомасці

Пра Сяргея Ціханоўскага нядаўна расказала яго жонка Святлана ў праграме «Ток». Вядоўца Наста Роўда запыталася ў Святланы, калі сям’я апошні раз атрымлівала «вестачку» ад Сяргея.

«Калі можна лічыць вось гэтыя відэа, якія праўладныя каналы апублікавалі, вестачкай, то гэта было яно. Апошні раз адвакатка бачыла і размаўляла з Сяргеем 9 сакавіка 2023 года. І з таго часу лісты і мае, і дзяцей не даходзяць. Дзеці пішуць, але, я так мяркую, не аддаюць і дзіцячыя. Не даходзяць і грашовыя пераводы. Мы спрабавалі нядаўна перадаць кнігі, але іх не прынялі. Сяргей не адзіны такі ў рэжыме "інкамунікада", у поўнай ізаляцыі. Я ўвогуле не разумею, як там людзі выжываюць: ні зубной шчоткі, ні паперы, ні прылад для пісьма, ні мыла. Як яны жывуць? Нельга купіць, нельга перадаць. Што яны ядуць? Гэта вельмі страшна», — расказала Святлана Ціханоўская праграме «Ток» на «Нашай Ніве».


Глядзіце таксама

Віктар Бабарыка — 263 дні ў невядомасці

Яшчэ менш інфармацыі пра Віктара Бабарыку. Апошні раз яго бачылі ў наваполацкім шпіталі напрыканцы красавіка. У ліпені адразу некалькі крыніц, у тым ліку сваякі Віктара Бабарыкі, якія трапілі на прыём да начальніка калоніі, і аб’яднанне былых сілавікоў «BelPol», паведамілі, што палітвязень змешчаны ў ПКТ.

Паводле абазнанай крыніцы, дагэтуль Віктар Бабарыка знаходзіцца ў «адзіночцы» ПКТ Наваполацкай калоніі.