«У карцары марыў пра Акрэсціна». Аповед беларуса, супраць якога фабрыкавалі справу за план «Перамога»
На «пакаянных відэа», запісаных сілавікамі, і ў іх кабінетах у цэлым людзей часта прымушаюць прызнавацца ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» BYPOL. Адзін з такіх беларусаў — айцішнік і прадпрымальнік з Мінскага раёна Дзмітрый Барэйчык. Яго спачатку асудзілі па адміністрацыйнай справе, а пасля прад'явілі дзве крыміналкі, у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Мужчына цяпер у бяспецы і адкрыта распавёў «Люстэрку», як ГУБАЗіК выбіваў з яго прызнальныя паказанні, чаму на справы некаторых затрыманых ставяць пазнаку «К» і чым потым для іх гэта абарочваецца.
Дзмітрый Барэйчык — 51-гадовы бацька чацвярых дзяцей з Мінскага раёна. Па адукацыі мужчына інжынер-радыёфізік. З 1987 года працаваў у сферы IT, таксама больш за 30 гадоў займаўся прадпрымальніцтвам. У апошнія гады таксама рамесніцтвам, рабіў сувенірную прадукцыю з выявай гістарычных аб'ектаў Беларусі. Захапляўся юрыспрудэнцыяй, як валанцёр дапамагаў людзям адстойваць свае правы ў адміністрацыйным працэсе. Дзмітрый зараз аднаўляецца пасля складанай аперацыі, для яго і яго сям'і адкрыты збор на BYSOL. Вы можаце падтрымаць яго па спасылцы.
«Падбягаюць нейкія два чорты, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваць кайданкі»
У 2020-м Дзмітрый Барэйчык збіраў подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў прэзідэнты. Мужчына распавядае, што быў «дастаткова наіўны, як і Віктар Дзмітрыевіч», калі лічыў, што, калі «рабіць усё правільна і па законе», уладам няма да чаго будзе прад'яўляць прэтэнзіі.
У канцы ліпеня таго года Дзмітрый, як і дзясяткі іншых людзей, пайшоў падаць хадайніцтва ў КДБ, каб Віктару Бабарыку змянілі меру стрымання і адпусцілі пад асабістае паручыцельства. Яго, як і яшчэ 50 чалавек, тады затрымалі. Дзмітрыю далі 14 сутак. Пасля выхаду на волю мужчына стаў заўважаць да сябе цікавасць з боку сілавікоў. Пачаліся званкі з патрабаваннем з'явіцца ў СК. Потым у кватэры сям'і правялі першы ператрус — канфіскавалі сістэмны блок камп'ютара. Летам 2021-га быў другі ператрус. Абодва разы самога Дзмітрыя дома не было, але ён зразумеў, што знаходзіцца ў распрацоўцы. Сям'я, як ён кажа, перайшла на «аблогавае становішча».
— Я стараўся не свяціцца, доўгі час дома не жыў. Дома ўсе навучыліся не адказваць на званкі з невядомых нумароў, не адчыняць дзверы адразу, практычна бясшумна падыходзіць да вочка, каб звонку гэта было не відаць, — распавядае мужчына. — З намі тады жылі трое непаўналетніх дзяцей — двайняткі 15 гадоў і малодшая дачка, якой 12. Усіх мы з жонкай навучылі не адказваць на пытанні ў дачыненні да сябе і бацькоў, калі хтосьці пытаецца ў школе. А такія выпадкі былі: міліцыя прыходзіла ў музычную школу і распытвала, дзе знаходзіцца тата. Я разумеў, наколькі гэта абсурдна і няправільна — вучыць дзяцей падобным рэчам. Але мы былі вымушаны так жыць.
Праз год, у канцы лістапада 2022-га, да Барэйчыка прыйшлі трэці раз. Ён распавядае, што ў той дзень чакаў сантэхніка, таму не насцярожыўся, убачыўшы за дзвярыма людзей у цывільным. Імі аказаліся двое супрацоўнікаў мінскага ГУУС. Дзмітрый успамінае, што ў аператыўнікаў не было з сабой санкцыі на ператрус, які яны збіраліся правесці ў яго дома — з імі разам паехалі ў СК. Пасля на месцы мужчыну давялося нагадваць супрацоўнікам, што патрэбны панятыя і адвакат. Панятымі ўзялі супрацоўнікаў «Белтэлекама», якія пракладалі дзесьці побач оптавалакно, а ў адвакаце мужчыну адмовілі.
— Яны канфіскавалі майку з сімволікай, якая ім падалася забароненай, хоць там проста прысутнічаў чорны і чырвоны колер на белым фоне, — распавядае суразмоўца. — Знайшлі дзве карціны з мазкамі белага і чырвонага колераў. Канфіскавалі інструменты, з дапамогай якіх я ўсё вырабляў як рамеснік — прынтары, ноўтбук. Знайшлі, на жаль, мой тэлефон — запатрабавалі код доступу. Перавярнулі ўсё ў доме, склалі пратакол так, каб было немагчыма нічога разабраць, і павезлі мяне ў Мінск, у непрыкметны будынак у раёне вуліцы Розы Люксембург. Там я чакаў на заднім сядзенні машыны ва ўнутраным дворыку, як раптам падбягаюць нейкія два чорты, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваюць кайданкі. Так мяне на напаўсагнутых нагах, з капюшонам на галаве, у становішчы «пысай у падлогу», каб я нічога не бачыў, пацягнулі на пяты паверх. Як зразумеў потым, я трапіў у аддзяленне ГУБАЗіК па Мінскай вобласці.
Дзмітрый кажа, што ў кабінеце яго пасадзілі ў крэсла і пачалі выбіваць пароль ад тэлефона. Мужчына спрабаваў растлумачыць, што ў яго ёсць права захоўваць сваю перапіску ў таямніцы. У адказ, успамінае, атрымліваў удары.
— Наваліліся некалькі супрацоўнікаў. Я сядзеў галавой уніз, абцякаючы ад удараў. Потым зразумеў, што пазбавіцца жыцця і здароўя тут і цяпер не планаваў, і даў ім пін-код, — успамінае мужчына. — У тэлефоне яны нічога не знайшлі, вырашылі, што мне няма чаго прад'явіць, і спыталі: «Слухай, а за што цябе наогул сюды прывалаклі?». Яны не ведалі самі, у чым справа. Адзін з супрацоўнікаў тэлефанаваў начальніку і пытаўся, што са мной рабіць. Той сказаў, каб я падпісаў паперу, што я папярэджаны «аб недапушчальнасці парушэння закона». Праўда, папера з сябе ўяўляла чысты бланк. Я не стаў упарціцца і падпісаў.
«Ён на маёй справе паставіў значок— літару «К», абведзеную ў кружок. Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое»
Бліжэй да вечара Дзмітрыя адвезлі ў Першамайскае РУУС і перадалі інспектару аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.
— Памятаю яго пакуты ў пошуках артыкула, па якім можна было б сфабрыкаваць супраць мяне справу! Потым яму сказалі «шыць» мне хуліганства — нібыта я лаяўся матам, размахваў рукамі і гэтак далей. Потым ён зрабіў копію ўсіх маіх папер і на справе паставіў значок — літару «К», абведзеную ў кружок (пра падобную пазнаку распавядала мінчанка, якая прайшла праз Акрэсціна, яе таксама затрымліваў ГУБАЗіК). Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое, — кажа суразмоўца.
Так Дзмітрый апынуўся ў ІЧУ на Акрэсціна. Назаўтра яго і іншых затрыманых па чарзе адводзілі ў кабінет — на суд па скайпе. Абаронцам Барэйчыка была яго жонка. Ён кажа, што ў пратаколе было шмат парушэнняў, нягледзячы на гэта, яму далі 15 сутак. Тады мужчына і даведаўся, што значыць тая самая літара «К» на яго справе.
— Калі перада мной адчынілі дзверы камеры, я не зразумеў, куды заходзіць — там не было месца! У чатырохмеснай «хаце» я быў ужо 22-м, — дзеліцца беларус. — Хлопцы ўзрадаваліся мне, бо былі адарваныя ад інфармацыі звонку, а некаторыя пайшлі ўжо па трэцім і чацвёртым коле перазатрыманняў. Мая гісторыя была падобная на гісторыі многіх з іх, і тут прагучала слова «кантрольны». Некаторыя арыштанты ведалі, што іх так называюць. Тады я ўспомніў пра той значок у кружочку. Аказалася, яго ставяць у РУУС перад тым, як адправіць чалавека на Акрэсціна. І ён вызначае яго далейшы лёс — як павінен прайсці суд, як утрымліваць у ЦІП.
Дзмітрый быў у некалькіх камерах, дзе ўтрымліваліся «кантрольныя», і яшчэ ў дзвюх, дзе знаходзіліся затрыманыя без такой пазнакі. Паводле слоў мужчыны, розніца ва ўмовах і стаўленні ў іх — каласальная.
— У звычайных камерах няма перанасялення. Хоць там былі людзі ў чаканні СІЗА або звычайныя зладзюжкі, ім даюць пасцельную бялізну, падушку і матрац, а гэта ўжо багацце! — эмацыйна кажа суразмоўца. — У іх ёсць асабістыя рэчы, якімі можна сагрэцца, калі холадна. Свае кнігі, часопісы ці хаця б абрыўкі чагосьці, што можна пачытаць. Посуд, лыжка, пячэнькі свае і нават перадачкі з волі! Нічога гэтага ў «кантрольных» не было. Я палічыў, што сярэдняя плошча на аднаго, у залежнасці ад камеры, складала прыблізна 0,5 кв.м. Гэта прастора, якая табе выдзелена на пражыванне на працягу 15 сутак, а можа і больш. Як гэта наогул можна ўявіць? Я ўжо не кажу пра ўвесь час уключанае святло, пабудкі два разы за ноч, адсутнасць зубной шчоткі і пасты — калі мяне закінулі ў камеру, у нас нават туалетнай паперы некалькі дзён не было. Даводзілася шукаць спосаб, як сябе даглядаць У гэтых умовах мы абціраліся, абмываліся вадой, якую награвалі ў пластыкавых бутэльках да пакаёвай тэмпературы.
Былы «кантрольны» распавядае, што такую пазнаку атрымлівалі не толькі палітычныя. Па здагадцы мужчыны, такімі называлі і тых, каго хацелі запалохаць:
— Напрыклад, сярод нас быў дастаткова вядомы сябра Саюза мастакоў (гаворка пра Аляксея Панцюка-Жукоўскага, на адной з карцін трыпціха «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў» ён адлюстраваў Аляксандра Лукашэнку і яго сына Мікалая). Ён быў зусім не супраць улады! Але яго затрымалі па даносе — знаёмая здалёку ўбачыла на яго карціне спалучэнне чырвонага і белага колераў. Яшчэ з намі быў мужчына ў добрым касцюме, кашулі і туфлях — відаць, яго забралі проста з працоўнага месца. Я неяк да яго падсеў і пытаюся: «Віталь, што ты тут робіш?» Ён сказаў, што адбылася, напэўна, нейкая памылка. Я спытаў: «Віталь, а дзе ты працуеш?» Ён на вуха кажа: «Я намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка (гаворка пра Віталя Крука, які ўваходзіць у кіраўніцтва банка. Інфармацыя пра яго затрыманне з'яўлялася ў снежні 2022 года, калі быў затрыманы і Барэйчык)». Гэта значыць, разумееце, гэты чалавек не мог быць палітычным — ён прайшоў велізарны кантроль, каб апынуцца на такой пасадзе. І тым не менш меў статус «кантрольнага». Некаторыя падначаленыя Віталя, якіх узялі разам з ім, сядзелі ў іншых камерах. Потым я ўжо даведаўся, што там чыста эканамічная справа. «Кантрольным» быў яшчэ прадпрымальнік, які падаў сваю фірму на банкруцтва, і на ім віселі сур'ёзныя даўгі. Дык на яго хацелі націснуць, каб ён знайшоў грошы і ўсё выплаціў: хутчэй за ўсё, былі закрануты інтарэсы кагосьці зверху.
Дзмітрый кажа, што праз здзекі, прыніжэнне і гвалт з боку сілавікоў прайшлі практычна ўсе «кантрольныя», з якімі ён перасякаўся.
— Тое, праз што прайшоў я, было нават вельмі палегчаным варыянтам. Па-першае, я не моцна вандраваў, — тлумачыць суразмоўца. — А па-другое, быў у абласным ГУБАЗіКу, а большасць хлопцаў прайшлі праз гарадскі на Рэвалюцыйнай. З таго, што яны распавядалі пра катаванні там, якія яны паказвалі сляды ад электрашокераў — гэта літаральна пекла на зямлі! Некаторыя збіты так, што былі цалкам сінімі. Памятаю аднаго хлопца, які не хацеў даваць свае паролі. Ён не палітычны, але яго збівалі два дні, потым перадалі ў РУУС — там яшчэ суткі. Калі зразумелі, што ён — крэмень, кінулі да нас у ЦІП.
«Калі мне далі паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога»
Перыядычна мужчын з камеры забіралі на размову з аператыўнікамі. Праз такую «гутарку» прайшоў і Дзмітрый. Мужчына ўжо ў кабінеце зразумеў: нешта ў яго тэлефоне ўсё ж знайшлі. Ён кажа, што з яго выбівалі прызнанне ў падпісцы на чат-бот плана «Перамога».
— Спачатку пыталіся, якое я да яго маю дачыненне. Я тлумачыў: ніякага, — распавядае мужчына. — Яны знайшлі ў мяне скрыншот. Калісьці ў 2020-м мне прыйшло паведамленне ад невядомага акаўнта, маўляў, «вы з'яўляецеся ўдзельнікам плана «Перамога», каб перайсці да актыўных дзеянняў, запоўніце форму па спасылцы». Я не мог ставіцца да гэтага як да сапраўднай інфармацыі, не ведаў, ад каго яна, зрабіў скрын і адправіў знаёмай з пытаннем, ці ведае яна нешта. І ўсё. Слядоў рэгістрацыі ў тэлефоне яны не маглі знайсці і не знайшлі. Але зачапіліся за гэты скрыншот і зразумелі, што могуць апраўдаць у дачыненні да мяне ўсё, што адбывалася да гэтага: «Ці вы пачынаеце даваць паказанні, ці мы прыступаем да пэўных працэдур».
Барэйчык кажа, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі яму гвалтам і некалькі разоў ударылі. Пагражалі таксама крымінальным пераследам: фразамі накшталт «ты адсюль не хутка выйдзеш».
— Я вырашыў пагадзіцца, разумеючы, што гэтыя паказанні ў судзе юрыдычнага значэння мець не будуць: некаторыя фармальнасці сістэма яшчэ ўсё ж такі выконвае. Каб іх было можна прад'явіць у судзе, пратакол допыту павінен складацца ў прысутнасці адваката, — кажа ён. — Таму я вырашыў пайсці на гэтыя рызыкі і даў паказанні, што нібыта рэгістраваўся ў гэтым боце. Тут трэба разумець, што для сілавікоў важна было мяне як «кантрольнага» памарыць некалькі дзён у той камеры. Чалавек пасля гэтага становіцца больш згаворлівым і гатовым пайсці на агавор сябе. Было дастаткова пары ўдараў, каб я пагадзіўся падпісаць тыя паказанні. І так адбываецца са многімі людзьмі. Яшчэ следчым трэба было даказаць мэту маёй рэгістрацыі ў тым боце — што планаваў здзяйсняць нейкія дзеянні. А я паказаў, што зрабіў гэта з мэтай задавальнення цікаўнасці. Такая прычына з фактам рэгістрацыі складу крымінальнага злачынства не мае. Ім трэба было знайсці нейкую маю дзейнасць, каб прывязаць экстрэмізм.
Тады Дзмітрый падпісаў пратакол, пасля чаго яго вярнулі на Акрэсціна і перазатрымалі ўжо паводле крымінальнага артыкула на трое сутак. Мужчыну пасадзілі ў «стакан», пасля — у карцар ІЧУ. Паводле яго слоў, карцар чакаў усіх «кантрольных», якія праходзілі па крыміналках.
— Гэта маленечкае памяшканне — 1,75 на 3 метры. У цэнтры — нічым не абгароджаны туалет, да сцяны прышпілены аднамесныя нары (іх не адшпільвалі). Нас у пакоі было ад сямі да дзевяці чалавек, — успамінае суразмоўца. — Сядзелі на халоднай бетоннай падлозе і стараліся сагрэцца. Тут я ўжо проста марыў пра тую камеру ў ЦІП! Хоць бы таму, што там была драўляная падлога. Па панядзелках ноччу з гэтай камеры вывозілі людзей ужо на Валадарку. У карцары сядзеў і святар Уладзіслаў Багамольнікаў, ён ужо доўгі час там быў. Тыя, хто з ім перасякаўся, распавядалі, што ён увесь час падбадзёрваў людзей побач. Са мной сядзеў адзін з найбуйнейшых прадпрымальнікаў у краіне Віталь Васілевіч і шмат іншых класных людзей. Мы гулялі ў інтэлектуальныя гульні, распавядалі адзін аднаму гісторыі, чыталі нейкія лекцыі, таму што было шмат тых, хто з'яўляецца экспертамі ў нейкіх галінах. Мае лекцыі, дарэчы, былі на тэму права.
Тады Дзмітрыя сталі вазіць на допыты ў СК. На іх пускалі і адваката, якога для яго знайшла жонка.
— Для чаго гэта рабілася? Каб той дакумент, што я падпісаў раней, ператварыць у легальны, які потым прызнае суд. Выглядала гэта так: у кабінеце сядзяць следчы, адвакат і я ў кайданках, — апісвае ён. — За спіной — супрацоўнік ГУБАЗіК. Вядома, я спрабаваў следчаму пачаць «спяваць», што пра план «Перамога» нічога не ведаю, не рэгістраваўся. А ззаду да мяне падыходзіць супрацоўнік: «Дзмітрый, вы нешта не тое кажаце! Давайце вы будзеце прытрымлівацца той жа версіі, што ў нашай паперы. Або заедзем да нас на зваротным шляху і пагутарым яшчэ раз». Я расцэньваў гэта як пагрозу і да таго моманту, асабліва пасля карцара, ужо быў пабітым чалавекам з цалкам падушанай воляй. Гэта і ёсць іх задача — здушыць асобу, здольнасць да абароны і ацэнкі рызык. Мне не заставалася нічога, акрамя як пагадзіцца з тым, што я пад катаваннямі падпісаў. Так у іх у справе з'явіўся цалкам законны дакумент. Але яго ўсё яшчэ было недастаткова, каб прызнаць мяне абвінавачаным. Іншых доказаў рэгістрацыі ў іх не было, як і доказаў мэты.
На тым жа допыце следчы папярэдзіў Дзмітрыя, што праз трое сутак яго выпусцяць пад падпіску аб нявыездзе. Паводле слоў суразмоўцы той дадаў, што дастатковых падстаў для пераводу яго ў СІЗА няма.
— У размовах супрацоўнікаў я чуў, што яны з дапамогай розных электронных сродкаў займаюцца правакацыяй і рассылаюць людзям паведамленні, каб выявіць звязаных з гэтым ботам. Калі мне далі падпісаць паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога», — успамінае ён.
У дакументах, якія даслаў у рэдакцыю Дзмітрый, ёсць і пастанова аб распачынанні ў 2021-м годзе справы супраць членаў тады яшчэ BYPOL за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання» і кіраўніцтва планам «Перамога». У ім жа пазначаны і «неўстаноўленыя асобы». Пад гэтую фармулёўку трапляюць беларусы, якія прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце і падалі свае звесткі, на думку следства, тым самым «увайшлі ў экстрэмісцкае фарміраванне і захавалі ў ім свой удзел». У рашэнні гаворыцца, што яны такім чынам «выказалі згоду на здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, ажыццявіўшы пошук саўдзельнікаў, змову на здзяйсненне злачынстваў», складанне плана дзеянняў, пошук і прыстасаванне прылад і сродкаў для здзяйснення злачынстваў. Гэта падпадае пад артыкул 361-1 КК РБ ("Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім").
Дзмітрыю Барэйчыку ставілі ў віну ч.3. гэтага артыкула — удзел у такім фарміраванні. Нібыта расследаванне ўстанавіла, што ён «здзейсніў наўмысныя дзеянні, непасрэдна накіраваныя на ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання «мабілізацыйны план «Перамога» з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці».
«Яны дасягаюць мэт сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў»
Праўда, адразу ж пасля допыту мужчыну перазатрымалі яшчэ раз — ужо па новай крымінальнай справе. Гэтым разам за каментар у тэлеграм-канале. Справу вяла іншая следчая. Дзмітрый сцвярджае, што тут яго паказанні зноў атрымалі праз пагрозы.
— Нібыта нейкі чалавек напісаў нейкі каментар супраць нейкага міліцыянта. Нібыта гэта я. Яны паказалі аватарку — той чалавек аддалена нагадваў мяне, але гэта быў не я, — кажа суразмоўца. — Мая асноўная мэта была — хутчэй пакінуць гэтыя «гасцінныя сцены». Я ацаніў рызыкі, падумаў, што тут усе тэрміны даўнасці павінны ўжо былі прайсці, і падпісаў прызнанне ў гэтай дзеі. Следчая не ведала, што са мной рабіць, але на наступны дзень сама прыехала да мяне на Акрэсціна, уручыла другую падпіску аб нявыездзе і пастанову аб вызваленні. Праз два дні, раніцай 18 студзеня, я апынуўся на волі. Выйшаў падазраваным па дзвюх крымінальных справах, з забаронай пакідаць краіну і поўнай нявызначанасцю, што рабіць далей.
Дзмітрый успамінае, што больш за тры тыдні ў тых умовах на Акрэсціна і здзекі аказаліся для яго моцным эмацыйным узрушэннем. Пасля на волі ён стаў заўважаць у сябе прыкметы ПТСР. Тыдзень мужчына пражыў у ізаляцыі ад сям'і і свету.
— Я памятаю адчуванне цягам першых трох тыдняў пасля вызвалення — хацелася зрабіць што заўгодна, каб не апынуцца там зноў. Каб не дацца ім у рукі і мяне не знайшлі. Хоць пад зямлю праваліцца... — апісвае ён свой стан. — Быў перыяд, калі ў мяне была патрэба залезці ў нейкую «пячору», дзе нікога б не было, у цемры і з зачыненымі дзвярыма. Жонка завозіла мяне ў дом у вёсцы, замыкала па маёй просьбе там і спецыяльна накідвала ланцуг на замок. Я меў усё неабходнае для харчавання і некалькі дзён так жыў. Мне трэба было проста адысці ад гэтага ўсяго. Я навучыўся жыць з выключаным святлом, каб звонку не было відаць, што ўнутры хтосьці знаходзіцца. Звяртаць увагу на тое, што адбываецца вакол: хто і чаму сядзіць у аўтамабілі без бачнай на тое прычыны. Рабіў усё, каб маё месцазнаходжанне немагчыма было ўстанавіць і электронным спосабам. Гэта страх? Я, быццам бы, не з нясмелага дзясятка. Гэта проста гарачае жаданне не зведаць падобны вопыт зноў. У гэты момант разумееш, што так яны дасягаюць мэт сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў.
«Калі я ехаў да лекара, думаў, што гэта ныркі — у карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх»
Пасля гэтага сям'я яшчэ больш за паўгода заставалася ў Беларусі — у мужчыны пачаліся праблемы са здароўем. Дзмітрый распавядае, што, акрамя ПТСР, «вынес з сабой незразумелае ўтварэнне ў поласці жывата». У бальніцы ў яго знайшлі пухліну ў забрушыннай прасторы.
— Наогул, калі я паехаў да лекара, думаў, што гэта ныркі, таму што ў карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх. Нам у ІЧУ выдавалі гумовыя тапкі, і мы вучыліся, як на іх легчы. Я адзін клаў пад галаву ў якасці падушкі, а другі — пад спіну, каб не вымерзлі ныркі. Так спаў. Таму быў упэўнены, што, нягледзячы на свае намаганні, іх і застудзіў: балела ззаду спіны. А потым аказалася, што гэта нейкае ўтварэнне, — успамінае ён. — Я лічу, што на абвастрэнне стану паўплываў высокі ўзровень стрэсу. Спачатку трывога ў чаканні, што да мяне прыйдуць, потым — усё, што адбывалася ў ІЧУ і ЦІП. Ну і збіццё. Ніколі не ведаеш, як гэта адгукнецца пазней.
У канцы жніўня 2023-га Дзмітрыю рэкамендавалі як мага хутчэй выдаляць пухліну, але ў сям'і вось-вось заканчваліся візы, таму вырашылі адразу ехаць у Польшчу. Пасля пераезду падаліся на міжнародную абарону і цяпер чакаюць рашэння ад польскіх улад. Ужо ў гэтай краіне мужчыну прааперыравалі — выдалілі пухліну з часткай кішэчніка. Цяпер ён чакае вынікі гісталагічнага даследавання і спадзяецца, што ўтварэнне было дабраякасным.
— Арганізм больш-менш аднаўляецца, хоць, вядома, пасля аперацыі я адчуваў сябе як маленькае дзіця, якому трэба вучыцца перасоўвацца, есці, хадзіць у туалет, таму што ўсе функцыі былі «прыпынены», — кажа суразмоўца. — Ну і нам пашанцавала: па законе ў Польшчы так належыць, што грамадзяне, якія чакаюць рашэння па абароне, лічацца застрахаванымі з медыцынскага пункту гледжання. Таму большую частку выдаткаў па маім лячэнні ўзяла на сябе мясцовая фірма. Я аплаціў толькі некаторыя абследаванні, каб не зацягваць сітуацыю, таму што пухліна пастаянна расла.
Цяпер сям'я асвойваецца ў новай краіне. Малодшыя дзеці, якія пераехалі разам з Дзмітрыем, ужо вучацца ў мясцовых школе і тэхнікуме. Хоць, як прызнаецца мужчына, уладкаваць іх туды без ведання польскай было цяжка. Яго жонка пачала працаваць, але пакуль яшчэ не ведае, ці возьме яе працадаўца ў штат. Сам жа Барэйчык шукае варыянты, як адкрыць сваю справу.
— Усё, што ў нас было, мы ўзялі з сабой. Пагрузілі ў старэнькі мікрааўтобус усю вопратку, рэчы, якія маглі б тут спатрэбіцца, каб не марнавацца. Гэта нам моцна дапамагло, — разважае мужчына. — Першы час у Польшчы мы па звычцы ціхенька падыходзілі да вочка і адкрывалі яго так, каб за дзвярыма гэта не заўважылі. Але хутка прывыклі і ўжо адчуваем сябе даволі спакойна. Адзінае, напэўна, што мне нагадвае пра перажытае — моцны трэмар у левай руцэ. Ён з'явіўся пасля Акрэсціна. Часам немагчыма нешта ўзяць — настолькі яна «гуляе». А яшчэ пасля камер у мяне моцна пагоршыўся зрок (можа, каб не бачыць гэта ўсё?), я вымушаны быў надзець акуляры. Ну і мы, вядома, пакуль пастаянна задаём сабе пытанні: як ты не можаш прыехаць у сваю краіну? А на магілы сваякоў? Ну як жа так?! Ты ж усё роўна за мяжой чужы!
Распавядаючы сваю гісторыю і ўспамінаючы, што адбылося з ім у Беларусі, мужчына здзіўляецца і іншаму — званням некаторых сілавікоў, якія з ім працавалі ў кабінетах і пры ператрусах.
— Калі аналізаваў свае паперы, заўважыў, што адзін з «прыгажуноў», што ў мяне праводзілі апошні ператрус, быў падпалкоўнікам, пры гэтым складаў пратакол. Радавы аператыўнік! — здзіўляецца суразмоўца. — Ведаеце, якое званне ў аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіК, які мяне апрацоўваў і наносіў удары, потым завозіў у РАУС? Таксама падпалкоўнік. І следчая, якая мяне адпусціла, ведаеце, у якім званні была? Падпалкоўнік юстыцыі! Вельмі высокае званне. Гэта ўзровень вялікага кіраўніка. Падпалкоўнікам можа быць, напрыклад, начальнік РУУС з парай сотняў людзей падначаленымі. Але ніяк не аператыўны супрацоўнік. Уявіце, якія ў іх заробкі, пенсіі! І гэтыя «падпалкоўнікі» займаюцца тым, што фабрыкуюць справы, якія пры гэтым развальваюцца на вачах. Таму мая пазіцыя такая: пра ўсё трэба распавядаць. Людзі павінны ведаць рэальны стан рэчаў. Таму што да цяперашняй сітуацыі мы прывялі сваім маўчаннем і пасіўнасцю. Гэта наша віна — усіх грамадзян. Мы не павінны былі маўчаць яшчэ з 2000-га, пасля 2010-га. Мы ўсе баяліся, як бы не было горш. І вось да чаго ўсё прыйшло.