У якіх умовах беларусы сядзяць на «сутках» за «экстрэмізм»
Міліцыя сочыць за беларусамі ў інтэрнэце ў пошуках «забароненага»: «экстрэмісцкіх» падпісак, лайкаў і рэпостаў. За гэта даюць штраф ці — часцей — арышт. «Медыязона» спытала пра ўмовы ў ізалятарах трох беларусаў, якія адсядзелі суткі за «экстрэмізм» у розных гарадах (спойлер: упяцёх у двухмеснай камеры, спалі на падлозе і голых дошках).
Імёны герояў зменены для іх бяспекі. Даныя ёсць у рэдакцыі «Медыязоны».
«Ніякага свята». Новы год у ізалятары
Жыхар аднаго з райцэнтраў Міхась патрапіў у ізалятар перад Новым годам, а вызваліўся ўжо пасля свят. Суд арыштаваў яго на 15 сутак за старыя рэпосты з гуртоў, якія патрапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У міліцыі на Міхася склалі пратакол і адпусцілі дадому чакаць позву ў суд. Некалькі гадоў таму беларус ужо сядзеў на сутках і ў камеры моцна мерз, таму на гэты раз падрыхтаваўся. У суд ён ішоў, апрануўшы на сябе дзве футболкі, кашулю, байку, швэдар, куртку. Суддзя прызначыў яму 15 сутак.
У камеры, разлічанай на двух чалавек, Міхась быў пятым. Ён кажа, што ўсе яго сукамернікі атрымалі арышт або за рэпосты, або за падпіскі на «экстрэмісцкія матэрыялы». Толькі адзін раз у камеру патрапіў чалавек, затрыманы па іншым артыкуле.
У ізалятары арыштаваным не выдалі пасцельную бялізну і матрацы. Два чалавекі спалі на металічных ложках, двое на падлозе і яшчэ адзін — на стале. Спальнымі месцамі мяняліся кожную ноч.
— На падлозе — пыл і скразняк. Венік нам давалі, а вось памыць падлогу не было чым. Ложкі там жалезныя, жалеза стылае, халоднае. Я пад раніцу заўсёды замярзаў, нягледзячы на тое, што цёпла апрануты быў.
У затрыманых не было зубной шчоткі і пасты, у душ не выводзілі, перадачы ад блізкіх не прапускалі. Па словах Міхася, кармілі бедна. Для яго пастаяннае адчуванне голаду стала праблемай з-за захворвання, звязанага з парушэннем эндакрыннай сістэмы.
— Я падоўжным сказаў: калі раптам перастану варушыцца, то вы «не хвалюйцеся». Яны пытаюцца — а што рабіць? Адказваю – гарбата салодкая. Ну прынеслі мне цукар, гарбату. Я намяшаў, мне лягчэй стала.
Кніг у камеры не было (і ўзяць іх не дазвалялі), таму часта час бавілі за гульнямі ў «Кракадзіла», «Гарады», «Хто я».
— Смяяліся многа, жартавалі, нос ніхто не вешаў. Анекдоты расказвалі: «Думала бабуля, што будзе сядзець з унукамі, але не думала, што так». Яны [супрацоўнікі ізалятара], напэўна, на волі менш смяюцца, чым мы, арыштанты.
Новы год Міхась сустракаў у ізалятары. Ніякага свята не было — проста ляглі спаць: «Якое там свята... Я толькі парадаваўся, што дзеці не будуць за тату хвалявацца, дзе яно і што яно на Новы год. Бо дакладна ўжо ведалі, дзе я».
«На сутках я застудзіла спіну, мачавы пухір, застудзілася па-жаночаму»
Алену затрымалі позняй восенню, у іншым райцэнтры. Яе судзілі двойчы, другі раз — за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (лайкі ў «Аднакласніках» у 2020 годзе). Дзяўчына правяла ў ізалятары больш за 10 сутак.
Калі Алена адбывала першы арышт, умовы ў камеры былі лепшыя: затрыманым выдалі матрац, падушку і коўдру, дазвалялі перадачы. Курыць у камеры было забаронена. Калі яе затрымалі па «экстрэмісцкім» артыкуле, то «пачалося як звычайна»: голыя дошкі, кайданкі і адсутнасць перадач. У цябе два варыянты: ляжаць на дошках і накрыцца курткай. Або ляжаць на куртцы і нічым не накрывацца. Я выбрала першы варыянт. На сутках я застудзіла спіну, мачавы пухір, застудзілася па-жаночаму і пакуль не ведаю, што з лёгкімі.
— У камеры — холад сабачы. Дзве нары без другога яруса ў бетонным памяшканні. Паміж дошкамі, на якіх ты ляжыш, дзіркі памерам у палец.
Па словах Алены, у арыштаваных, якія сядзяць па бытавых адміністратыўках, умовы ўтрымання лепшыя, чым у палітычных.
— Мы — ворагі, спім на голых дошках. У іх — матрацы, падушкі і коўдры. Перад кожнай праверкай мне апраналі кайданкі, ім — не.
Сон на металічным ложку і начныя праверкі
Сяргей адбываў 15 сутак арышту ў іншым горадзе, але таксама за «экстрэмісцкія матэрыялы» і ў такіх самых нечалавечых умовах. Ніякіх матрацаў і падушак: спалі на голым металічным ложку.
Уначы камеру правяралі дзяжурныя; Сяргея будзілі літаральна кожную гадзіну. Днём нельга было прылегчы на ложак, а на праверку яго выводзілі ў кайданках. Па словах беларуса, умовы ў ізалятары сталі горшыя (Сяргей адбываў арышт і да 2023 года) і для тых, каго арыштавалі не за «экстрэмізм».
— Нават простым зэкам кажуць днём скручваць матрацы. Яны могуць днём толькі прысесці крыху збоку, ляжаць не могуць.
У камеры з Сяргеем сядзеў чалавек, якога арыштавалі за фота з даўняга канцэрта ў Вільні, на якім за ягонай спінай быў бчб-сцяг.