«Ніхто нікога душыць за творчасць не будзе», таму што душаць ужо цяпер

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку» разважае пра тое, як Лукашэнка «апекаваўся» культурай. Ён і раней не асабліва шанаваў творцаў, але пасля 2020-га і ўвогуле аддаў гэтую сферу адэптам «рускага міру». Дык пра які «культурны суверэнітэт» ён марыць?

maxresdefault_162.jpg

Лукашэнка загаварыў пра тое, «як важна ўтрымаць у сваіх руках наш культурны суверэнітэт». Гэта прагучала 9 студзеня ў Мінску на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне». І прагучала вельмі фальшыва на фоне таго, як цяперашняя ўлада па кавалках здае Маскве суверэнітэт ва ўсіх сферах, уключаючы культурную.

Гэтак жа фальшывае запэўненне, што «ніхто нікога душыць за творчасць не будзе. Такога ніколі не было ў нашай найноўшай гісторыі і ніколі не будзе».

Рэжым і да 2020 года не дараваў творцаў з крытычнай у адносінах да яго грамадзянскай пазіцыяй. А ўжо пасля 2020-га яны сталі масава трапляць пад каток рэпрэсій.

Таварна-грашовы погляд на літаратуру і мастацтва

Наогул погляды беларускага кіраўніка на творчасць выглядаюць вельмі прыземлена, прымітыўна. На прэс-канферэнцыі ў снежні 2009 года прагучала: «Дайце прадукт, дайце тавар! Я калісьці сказаў: “Вайну і мір” на стол — я заплачу. Дзе “Вайна і мір” (Леў Талстой), хоць бы “Паднятая цаліна” (Міхаіл Шолахаў), дзе яна? За што плаціць?».

Ну, такіх эпапей, як Талстой, цяпер амаль не пішуць. У сучаснага чытача няма часу на падобныя фаліянты. А ўжо «Паднятая цаліна» — твор вельмі ідэалагізаваны.

Выступаючы з пасланнем у красавіку 2010-га, Лукашэнка распякаў творцаў, як звычайна чыхвосціць нядбайных гаспадарнікаў: «Як не было, так і няма ад нашых пісьменнікаў выбітных твораў, упадабаных шырокаму колу чытачоў. Прафесійныя Кампазітары не могуць напісаць песню, з якой Беларусь змагла б годна выступіць на конкурсе «Еўрабачанне». Дзе вы, пісьменнікі і кампазітары?.. Прынясіце свой шэдэўр. Мы заплацім вам вялікія грошы».

Паказальна, што з пункту гледжання прамоўцы вяршыня поспеху ў музыцы — «Еўрабачанне», дзе імкнуцца патрафіць масаваму густу. Што ў няволі салавей не спявае. І зноў гэты матыў: «раніцай — крэслы, вечарам — грошы». Як быццам літаратуру можна ўвагнаць у пракрустава ложа таварна-грашовых адносін. Ды пасярэднасць хоць з ног да галавы золатам засыпай — так і застанецца шэрасцю.

Глядзіце таксама

...І такія гогалі, каб нас не чапалі

Але вось у 2015-м Святлана Алексіевічатрымлівае Нобелеўскую прэмію па літаратуры — куды ўжо вышэй? І што ж? Улады не тое што не віншуюць, а абліваюць брудам. У дадатак лаўрэатка заплаціла з Нобелеўкі вялікі падатак. Кіраўнік дзяржавы мог ад яго вызваліць, але, самі разумееце, гэта не той выпадак. Погляды і меркаванні пісьменніцы кіраўніцтву — супраць поўсці.

А ў верасні 2020-га, у разгар пратэстаў, дыпламаты з Літвы, Германіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швецыі прымчаліся ў мінскую кватэру Алексіевіч, каб выратаваць яе ад верагоднага арышту (яна ўвайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай Рады, які стварылі па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай і членаў якога тады сталі хапаць). Пазней пісьменніца была вымушаная эміграваць. А яе кватэру ўлады цяпер пагражаюць канфіскаваць.

Лукашэнка ж у 2022-м заявіў, што Алексіевіч «здрадзіла» краіне і «збегла адсюль». Маўляў, «ніхто не выдвараў, не выганяў з Беларусі. Гэта яе права. Яна выбрала Германію. Там, напэўна, цяплей».

Так ужо, напэўна цяплей, чым у памяшканні камернага тыпу зімой на зоне ў Беларусі. Многія творчыя людзі, якія падтрымалі пратэсты ці проста стаялі на нонканфармісцкай пазіцыі, апынуліся за апошнія тры гады за кратамі. Іншыя, ратуючыся ад турмы, былі вымушаныя падацца на чужыну.

У свой час такім жа чужым для рэжыму Лукашэнкі аказаўся і вялікі пісьменнік Васіль Быкаў, які сімпатызаваў апазіцыйнаму Беларускаму народнаму фронту. Быкаў быў да таго ж франтавіком. Лукашэнка шмат кажа пра пакланенне перад ветэранамі, але, як бачым, яму патрэбныя толькі лаяльныя ветэраны.

Вось так рэжым песціць таленты, калі яны не могуць маўчаць, узвышаюць голас супраць гвалту, несвабоды. У гэтай сістэме творца па змаўчанні павінен быць паінькай у адносінах да ўладаў. Карацей, «нам патрэбныя дабрэйшыя шчадрыны і такія гогалі, каб нас не чапалі».

Глядзіце таксама

Настроіліся нават на мёртвых класікаў

Паводле звестак беларускага ПЭНу, на 31 снежня 2023 года ў зняволенні знаходзілася не менш за 152 дзеячы культуры. Трагічны лёс мастака Алеся Пушкіна, памерлага ў няволі, хутчэй за ўсё, таму, што не атрымаў своечасова медыцынскай дапамогі.

Паводле тых жа звестак, на 12 верасня 2023 года 153 дзеячы культуры былі ўнесеныя МУС у сумна вядомы «спіс экстрэмістаў», а 23 КДБ уключыў у пералік «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Для ўладаў крамольны дух такі страшны, што яны ўзяліся ўжо і за памерлых літаратараў. Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігі з вершамі класіка ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Са школьнай праграмы выкінулі гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Яны правініліся перад рэжымам паўстанцкім, антыімперскім духам сваіх твораў. Беларускае начальства, як бачым, лебезіць перад Крамлём, баіцца, каб там не разгневаліся. Вось вам і культурны суверэнітэт.

Глядзіце таксама

Гітары здаюцца спецслужбам аўтаматамі Калашнікава

Хтосьці скажа: а вось няма чаго дзеячам культуры і мастацтва палітыканстваваць. Але, па-першае, у творцы таксама можа быць актыўная грамадзянская пазіцыя, гэта яго права. Па-другое, улады зусім не караюць, калі палітыканстваваць ва ўгодным ім ключы пачынаюць прыдворныя персанажы з гэтай сферы.

Дастаткова ўспомніць нашумелае відэа, калі спявачкі сястры Груздзевы, выступаючы перад дзецьмі з акупаваных украінскіх тэрыторый, пажадалі са сцэны, «каб Байдэн здох», «а Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Украіну». Вось гэта, мабыць, ужо сапраўдны экстрэмізм. Але які чыноўнік абарве пявічак, калі правадыр часам выказваецца і больш рэзка?

А вось музыкам гурта Tor Band у кастрычніку мінулага года далі сталінскія тэрміны — ад сямі з паловай да дзевяці гадоў калоніі. Так улады адпомсцілі гэтым хлопцам з Рагачова за тое, што іх песні з гаваркімі назвамі — «Мы не народзец» («народцам» неяк грэбліва назваў беларусаў кіраўнік), «Сыходзь», «Жыве», «Хто, калі не ты», «Родная зямля» — гучалі на пратэстах 2020 года і пазней у асяроддзі праціўнікаў рэжыму.

Саму рок-групу КДБ прылічыў да «экстрэмісцкіх фармаванняў». Ужо і гітары здаюцца людзям сістэмы аўтаматамі Калашнікава, накіраванымі ў іх бок.

Дарэчы, у чорны спіс трапіў і гурт NaviBand, удзельнікі якога ў 2017-м прадстаўлялі Беларусь на так любімым правадыром «Еўрабачанні», але потым «сапсаваліся» — не ўтрымаліся ад пратэсных песень.

Нядаўна ж за кратамі апынуліся музыкі магілёўскага гурта Nizkiz, чые песні таксама гучалі на пратэстах. У той час як правадыр на блакітным воку запэўнівае, што «ніхто нікога душыць за творчасць не будзе», пякельны канвеер працягвае працаваць.

Глядзіце таксама

Кіруюць балем душыцелі

Калісьці Лукашэнка, адчуваючы імперскую пагрозу, прыжмурваў асабліва заўзятых адэптаў «рускага міру». Можна ўзгадаць справу «Рэгнума»: у 2018 годзе траім беларускім грамадзянам, якія пісалі для гэтага вялікадзяржаўнага расійскага рэсурсу матэрыялы, у якіх са здзекам гаварылася пра мову, культуру, самабытнасць беларусаў, далі па пяць гадоў турмы (праўда, з адтэрміноўкай) за распальванне нацыянальнай варожасці.

Але пасля 2020-га залежнасць Лукашэнкі ад Крамля каласальна ўзмацнілася. Кідаць пальчатку Маскве кіраўнік ужо не вырашаецца. І цяпер адыёзныя рускамірцы накшталт гарадзенскай актывісткі Вольгі Бондаравай адчуваюць сябе на кані.

Бондарава праславілася вайной супраць нацыянальнай сімволікі, помнікаў, беларускай лацінкі, «няправільных» экскурсаводаў і інш. Гэта ў выніку яе старанняў у Зэльве знік помнік паэтцы, былой вязніцы ГУЛАГу Ларысе Геніюш. Дый мастак Пушкін быў асуджаны пасля таго, як Бондарава «прасігналізавала» пра яго нібыта ўсхваляючай нацызм карціне на выставе.

Многім чыноўнікам не па нутры заўзятасць гэтай скандальнай асобы, але даць ёй рады амаль ніхто не вырашаецца. Бо сам кіраўнік пасля 2020 года шырока расчыніў «рускаму міру» браму ў Беларусь. Тут сёння пануюць расійская прапаганда, перш за ўсё тэлевізійная, тамтэйшая папса. Патрафляючы «старэйшаму брату», у Мінску ставяць помнік Аляксандру Неўскаму, які практычна не меў дачынення да беларускай гісторыі і чый вобраз Масква цяпер раскручвае ў антызаходнім духу.

А вось помнікаў шматлікім падзвіжнікам беларускага духу, вуліц у іх гонар няма і пры гэтай уладзе не будзе.

Дарэчы, наконт помнікаў. У цэнтры Мінска ёсць скульптурная кампазіцыя: «экстрэміст» Дунін-Марцінкевіч гутарыць на лавачцы з кампазітарам Станіславам Манюшкам, якога ў чорныя спісы пакуль, здаецца, не ўнеслі. Цяпер, па логіцы змагароў з крамолай, паўпомніка трэба адпілаваць.

І лозунг «Жыве Беларусь!», які трапіў пад забарону — з верша нацыянальнага генія Янкі Купалы. На гэтага класіка, якому пастаўлены не адзін помнік, ва ўладаў пакуль рука не падымаецца, але заўтра — хто ведае. У жаданні затаптаць свабодны нацыянальны дух, выпаліць яго сімвалы рэжым з кожным днём памнажае свой абсурд.

«Ніхто нікога душыць за творчасць не будзе», — фальшыва запэўнівае кіраўнік, прытым што ў сферы культуры, як і ў іншых, вядуць зачыстку шарыкавы, якія атрымалі карт-бланш.