Выклік, які нельга ігнараваць. Чаму ўлады «рэпрэсуюць» Дуніна-Марцінкевіча і Караткевіча

Літаратурныя творы, звязаныя з паўстаннем 1863-1864 гадоў, прызнаюць у Беларусі экстрэмісцкімі або выключаюць са школьнай праграмы. Улады ўсяляк дэманізуюць вобраз Кастуся Каліноўскага, і для дэмакратычных актараў гэта выклік, які нельга ігнараваць, піша ў «Позірку» палітычны аналітык і кансультант, кандыдат культуралогіі, рэдактар і складальнік «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка.

Беларусы ў час перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Фота Дзяніса Івашына

Беларусы ў час перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Фота Дзяніса Івашына

Рэха паўстання 160-гадовай даўніны

Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» некалькі кніг праекта «Беларускі кнігазбор» — ад класіка ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да сучаснага паэта Уладзіміра Някляева. А Вадзім Гігін — старшыня праўлення праўладнага таварыства «Веды» і гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі — пахваліўся, што менавіта па яго ініцыятыве са школьнай праграмы прыбралі гістарычны раманУладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Кантэкст даволі відавочны: і вершы Дуніна-Марцінкевіча, і раман Караткевіча цесна звязаны з паўстаннем 1863-1864 гадоў, таксама вядомым як паўстанне Каліноўскага. «Экстрэмісцкі» верш «Гутарка старога дзеда» быў надрукаваны лацінкай якраз напярэдадні тых падзей. А «Каласы...», хоць і напісаны на сто гадоў пазней, уяўляюць тагачасную грамадскую атмасферу і апісваюць перадумовы народных хваляванняў.

У савецкай гістарыяграфіі паўстанне 1863-1864 гадоў разглядалі пераважна праз прызму барацьбы з самадзяржаўем, таму нічога крамольнага ў падтрымцы гэтай гістарычнай падзеі не бачылі. І ў закліках Дуніна-Марцінкевіча да сялян не верыць расійскаму цару ключавымі бачыліся словы «сяляне» і «цар». Таму ў Мінску з савецкіх часоў і дагэтуль ёсць як вуліца Дуніна-Марцінкевіча, такі і вуліца самога Каліноўскага.

Глядзіце таксама

Зблізіліся да пахавання

У незалежнай Беларусі вобраз Каліноўскага грамадствам паступова пераасэнсоўваецца. Яго сталі ўсё часцей успрымаць не як сацыялістычнага антаганіста царызму, а як нацыянальна арыентаванага змагара з маскоўскім прыгнётам. Што, у сваю чаргу, накладвалася на актуальныя грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі. Таму нядзіўна, што ўвагу на важнасці Каліноўскага акцэнтавалі такія ініцыятывы, як, скажам, кампанія «Будзьма беларусамі», а дзяржаўныя прапагандысты, уключаючы таго ж Гігіна, усяляк ад рэвалюцыянера адхрышчваліся, падкрэсліваючы яго сувязі з Польшчай.

Зблізіцца — і тое са скрыпам — гэтыя наратывы змаглі толькі ў 2017-2019 гадах, падчас мяккай беларусізацыі. У Вільні якраз знайшлі парэшткі Каліноўскага і іншых паўстанцаў і пасля адпаведных экспертыз зладзілі ўрачыстае перапахаванне.

Так, у адрозненне ад Літвы і Польшчы, ад Беларусі на цырымоніі не было ні першых асоб, ні ўрачыстай варты. Але афіцыйную дэлегацыю ўсё ж такі ўзначальваў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які ў сваёй прамове падкрэсліў знакавасць пароля паўстанцаў «Каго любіш — люблю Беларусь».

І, вядома, як і ва ўсёй мяккай беларусізацыі, яшчэ большую ролю адыграла грамадзянская супольнасць. Пісьменнік Андрэй Горват напісаў адкрыты ліст у беларускі МЗС з заклікам узяць удзел у перапахаванні Каліноўскага і прызнаць яго нацыянальным героем. Грошы на нефармальныя беларускія жалобныя мерапрыемствы ў Вільні збіралі краўдфандынгам. На мяжы Беларусі з Літвой праз ахвотных трапіць на цырымонію ўтварыліся вялізныя чэргі. А на вуліцах літоўскай сталіцы ў дзень перапахавання пераважная большасць сцягоў былі бел-чырвона-белымі.

Глядзіце таксама

Каліноўцы як начны кашмар

Нядзіўна, што пасля падзей 2020 года погляды на Каліноўскага ўлады і грамадзянскай супольнасці кардынальна разышліся. Вобраз змагара з прыгнятальнікамі, за якімі стаіць Масква, апынуўся занадта актуальным. Дый Лукашэнку канфліктаваць з Расіяй стала асабліва небяспечна.

Паўстанне яшчэ больш палярызавалася пасля лютага 2022 года, калі ў складзе Узброеных Сіл Украіны беларускімі добраахвотнікамі быў створаны батальён (а потым — полк) імя Каліноўскага. Сучасныя каліноўцы сталі ўвасабленнем страхаў Лукашэнкі, якія неаднаразова выказваліся ім публічна: у суседняй краіне, маўляў, апазіцыянерам дапамагаюць атрымаць баявы досвед, а ў будучыні яны хочуць выкарыстоўваць гэтыя навыкі для звяржэння ўлады ў Мінску.

Гігін прама казаў, што матывам выключэння «Каласоў...» са школьнай праграмы стаў прадстаўлены Караткевічам вобраз Каліноўскага. Маўляў, там шмат выдумкі, якая супярэчыць гістарычным дакументам. Праўда, самога Гігіна, мякка кажучы, складана лічыць бесстароннім у ацэнцы гістарычных персанажаў. Бо адным з яго любімых герояў мінулага з'яўляецца віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, які падавіў паўстанне Каліноўскага на беларускіх землях.

У прынцыпе, лагічна, што лаяльны сёння Лукашэнка чыноўнік лічыць Мураўёва-вешальніка, а не Каліноўскага, «прыкладам для любога дзяржаўнага дзеяча».

Глядзіце таксама

Гісторыя на службе кан'юнктуры

Дзеля справядлівасці адзначым, што «Каласы...» у школьнай праграме замянілі не кнігамі расійцаў накшталт Захара Прылепіна або Мікалая Старыкава, а іншым яркім раманам Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Цяперашняя ж патрыятычная фігура Каліноўскага сапраўды супярэчлівая.

Яшчэ за два гады да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларускі гісторык Андрэй Вашкевіч у часопісе «Arche» звяртаў увагу на залішнюю мілітарызацыю лідара паўстанцаў у сучасным гістарычным наратыве: «Няма ніводнага сведчання, што Каліноўскі карыстаўся нейкай зброяй».

Але Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы, створаны ў Беларусі ў 2022 годзе, зацікаўлены не ў пошуку гістарычных фактаў, а ў «фарміраванні гісторыка-дзяржаўнага светапогляду». Гігін, які дакладваў на гэтым Савеце пра шкоду рамана Караткевіча, прама кажа: «Мы расстаўляем акцэнты на тых літаратурных творах, якія выконваюць задачу выхавання грамадзяніна нашай Рэспублікі Беларусь».

Глядзіце таксама

Сталенне ў новай рэальнасці

Не варта перабольшваць эфект ад такіх мер: школьная літаратурная праграма даўно не з'яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі пра свет для моладзі. А ўжо ўсякага роду абмежаванні і «экстрэмісцкія» цэтлікі толькі прыцягваюць увагу да забароненага плёну, які, як вядома, салодкі.

У той жа час ізаляцыя «няправільнай» літаратуры — далёка не адзіная мера, якую робяць улады для навязвання дзяржаўнага бачання гісторыі. Гэта адбываецца на фоне знішчэння арганізацый грамадзянскай супольнасці, зачысткі і прызнання экстрэмісцкімі ўсіх папулярных незалежных медыя, руцінізацыі палітычных рэпрэсій. Днямі, напрыклад, стала вядома, што гімназію імя Каліноўскага ў Свіслачы, дзе ён правёў дзіцячыя гады, перайменавалі ў гонар савецкай падпольшчыцы.

Праз пару гадоў студэнтамі ў сталіцу пачне прыязджаць пакаленне, якое ў 2020 годзе не было нават падлеткамі. Яно не бачыла на свае вочы пратэстаў, не чытала tut.by і не заспела святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі нічога не зменіцца, то для гэтай моладзі будзе нормай, калі з грамадскіх арганізацый побач толькі БРСМ, А з кніг — толькі тыя, што прадстаўляюць прымальны для ўлады погляд на мінулае і сучаснасць.

Гэта выклік для ўсіх грамадска-палітычных актараў з дэмакратычнага лагера, якія хацелі б больш разнастайных гістарычных і культурных наратываў у Беларусі. Сякерным мерам уладаў ёсць што супрацьпаставіць, але для гэтага трэба ствараць новыя каналы камунікацыі з моладдзю.