Зборнікі твораў класіка новай беларускай літаратуры Дунiна-Марцiнкевiча прызнаны «экстрэмісцкімі»
Творчасць класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, заснавальніка нацыянальнай драматургіі і тэатра, прызнана ў судзе Жыткавічаў экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Суд Жыткавіцкага раёна 8 лістапада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі двухтомнік Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча; укладанне з тэкставай падрыхтоўкай, прадмовай, перакладам і каментаром Язэпа Янушкевiча (Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2007, 2008), паведамляюць праваабаронцы.
Глядзіце таксама

- Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевiча. — Мiнск : Маст. лiт., 2007. — 494 с.: [16] л. iл.;
- Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесцi i апавяданнi, вершы, публiцыстыка, лiсты i пасланнi, пераклады, Dubia / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер. Я. Янушкевiча. — Мiнск : Маст. лiт., 2008. — 598 с.: [16] л. iл.
У жніўні «экстрэмісцкімі» матэрыяламі прызналіпрадмову Язэпа Янушкевіча да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і вершы Дуніна-Марцінкевіча «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» ад 1861 года. Гэтыя вершы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў падчас паўстання Кастуся Каліноўскага супраць расійскага імперскага прыгнёту на беларускіх землях.
Глядзіце таксама

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры.
Адметна, што яшчэ падчас паўстання 1863—64 гадоў абвінавачваўся ўладамі Расійскай імперыі ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў (напрыклад, «Гутаркі старога дзеда»). Хоць прамы ўдзел В. Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, яго арыштавалі. 3 кастрычніка 1864-га да снежня 1865-га зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74 гадах, зноў устаноўлены ў 1876-м). Да самай смерці ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір і з 1863 года адбывала ссылку ў Салікамску.