Праблемы з матэматыкай. Як сілавікі падлічваюць арыштаваных «экстрэмістаў»

Ад 2020 году, за тры гады, Генпракуратура Беларусі налічыла 16 тысяч «экстрэмісцкіх» спраў. А ў «спісе экстрэмістаў» ад МУС Беларусі на цяперашні момант — 3478 чалавек. Дык колькі ў краіне «экстрэмістаў» і каго пакаралі за пратэсты?

hroniki_cihaha_pratestu___fota_novy_czas_27_kastrycznika__19.jpg

Генпракурор Беларусі Андрэй Швед налічыў 16 000 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў у Беларусі з 2020 году. Па ягоных словах, больш за 70% «злачынстваў» зьдзейсьнілі пры дапамозе інфармацыйных тэхналёгій. Што за лічбу агучыў Андрэй Швед і колькі экстрэмістаў у Беларусі, паспрабавала высветліць «Радыё Свабода».

«Экстрэмізм» у «глухарах»

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў апублікаваны сьпіс «грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства», датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці. У ім — 3478 чалавек, сьпіс пастаянна расьце. Збольшага гэта грамадзяне Беларусі, якія адбываюць пакараньне ці ў якіх «судзімасьць не пагашаная», то бок ім удалося зьбегчы зь Беларусі да суду.

Таму 16 000 спраў — гэта пэўна не 16 000 чалавек. Пра гэта кажа прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў Belpol Уладзімер Жыгар:

«Сказаць адназначна, якая колькасьць людзей праходзіць па гэтых справах, складана. Па адной крымінальнай справе можа праходзіць некалькі чалавек, а таксама адзін чалавек можа праходзіць па некалькіх справах. Па ходзе сьледзтва справы могуць быць далучаныя адна да адной», — кажа Уладзімер Жыгар.

Таксама некаторыя з гэтых «экстрэмісцкіх справаў» могуць быць «глухарамі». Справа ёсьць, а чалавека не знайшлі.

«Напрыклад, ёсьць акаўнт, які немагчыма вэрыфікаваць ці прывязаць да чалавека. Справа ёсьць па факце, а чалавека не ўстанавілі. На нашу думку, у іх шмат фактаў. Супрацоўнік знаходзіць, напрыклад, у Instagram нейкі адкрыты акаўнт, які мае з пункту гледжаньня рэжыму экстрэмісцкую сымболіку. Супрацоўнік піша рапарт, распачынаюць справу, а пасьля справа ідзе ў архіў. Нядаўна такое было наконт данатаў, там большая колькасьць фактавых справаў. Яны бачаць нейкія транзакцыі, але невядома ад каго, вядома толькі каму. Лёгікі ў гэтым няма, але трэба справаздачнасьць», — тлумачыць прадстаўнік Belpol.

Глядзіце таксама

«Іх можа быць недзе на 20% болей»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» з 2020 году адсочвае, колькі чалавек рэпрэсавалі ў Беларусі з прычыны падзей 2020–2021 гадоў. Напрыклад, па зьвестках цэнтру, пад крымінальны перасьлед за пратэсты падпалі больш за 5000 чалавек. Гэта дакладна вядомыя імёны.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка кажа, што лічбы Генпракуратуры проста характарызуюць узровень пратэставай актыўнасьці.

«Гэта нейкія эпізоды, якія зарэгістравалі спэцслужбы як “экстрэмісцкую дзейнасьць”. Гэта можа быць удзел у акцыі ці запіс у сацыяльных сетках. Абсалютна нельга сказаць, што 16 000 падпалі пад перасьлед, гэта факты ці дзеяньні. Людзей нашмат меней. На гэтым прыкладзе мы бачым, што палітычная актыўнасьць у Беларусі выражаецца ў тысячах, і актыўнасьць расьце лінейна. Яшчэ раней называлі меншую колькасьць», — кажа юрыст.

У лютым 2023 году генпракурор Швед гаварыў пра 3645 чалавек, якіх асудзілі за дзеяньні «экстрэмісцкага характару».

З 2020 году сілавікі завялі 5500 «пратэставых» крымінальных справаў. У сьпісе «Вясны» ўжо асуджаных па крымінальных справах за палітыку — больш за 4000 чалавек. І гэты сьпіс можа быць няпоўны.

«Гэта тыя, пра каго мы ведаем. Іх можа быць недзе на 20% болей. Гэта тая колькасьць, якую мы можам губляць», — кажа Павал Сапелка.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі цяпер 1460 палітзьняволеных. Гэта тыя, хто за кратамі. Іх менш, чым асуджаных па палітычных матывах, бо ня ўсе зь іх прызнаныя палітзьняволенымі. Часам супраць такога статусу выступаюць блізкія саміх асуджаных.

Глядзіце таксама

Праблемы матэматыкі ці «прыпіскі»?

Лічбы і ацэнкі сілавікоў з розных, а часам і з аднаго ведамства, часцяком не супадаюць.

Напрыклад, сёлета ў лютым генпракурор Швед казаў, што за «экстрэмізм» асудзілі 3545 чалавек. А яшчэ ў ліпені 2021 году Сьледчы камітэт паведамляў пра 4691 крымінальную справу за пратэсты.

Лукашэнка год таму на сустрэчы з Пуціным казаў, што ў 2020 годзе з прычыны пратэстаў выехалі «некалькі тысяч чалавек» і ён не перажывае з гэтай нагоды. Сёлета ў лютым Лукашэнка даў такую ацэнку: 2000–4000 чалавек зьехалі.

А ў кастрычніку гэтага году «Люстэрка» апублікавала выступ камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, дзе ён называе лічбу 350 тысяч чалавек — гэта тыя, хто зьехаў пасьля 2020 году.

Раней «Свабода» падлічвала колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу пасьля 2020 году на падставе дазволаў на жыхарства і візаў у розных краінах. Атрымалася падобная лічба — да 300 тысяч.

У лістападзе 2021 году Лукашэнка даў інтэрвію карэспандэнту Бі-бі-сі Стывэну Розэнбэргу. Падчас размовы ён казаў, што «на піку пратэстаў» у іх удзельнічала 47 700 чалавек. Гаворка ішла пра марш 30 жніўня 2020 году, калі Лукашэнка бегаў з аўтаматам каля сваёй рэзыдэнцыі.

Па ацэнках журналістаў, у той акцыі ўдзельнічала да 150 000 чалавек. Пазьней у той жа размове Лукашэнка раптам пагадзіўся з журналістам, што па ўсёй краіне агулам выйшлі 200 000 чалавек.

Тым часам па розных ацэнках журналістаў, якія прысутнічалі на маршах, агулам у пратэстах узялі ўдзел больш за мільён чалавек. «На піку», на самым масавым пратэсьце 23 жніўня, было да 250 тысяч чалавек толькі ў Мінску.

Захаваны правапіс арыгіналу