Рэўнасць: БТ не пакажа цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч у прамым эфіры
Уладзімір Някляеў, які сам намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, тлумачыць гэта рэўнасцю Лукашэнкі.
euroradio.fm
Белтэлерадыёкампанія не будзе трансляваць у прамым эфіры ўручэнне Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч, паведамілі Sputnik ў прэс-службе холдынгу.
Як вядома, напярэдадні грамадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы" звярнулася да кіраўніка Белтэлерадыекампаніі Генадзя Давыдзькі з просьбай арганізаваць трансляцыю ў прамым эфіры цырымоніі ў Стакгольме.
"У сувязі з наяўнасцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і прававых пытанняў Белтэлерадыекампанія не планавала набыцце правоў на прамую трансляцыю цырымоніі Нобелеўскай прэміі за 2015 год", — сказалі ў кампаніі.
Паэт Уладзімір Някляеў кажа, што фінансавы стан і арганізацыйна-тэхнічныя магчымасці ў незалежнага тэлеканала “Белсат” не лепшыя, аднак ён будзе весці прамую трансляцыю са Стакгольма 10 снежня.
“У палітыцы, якую ўжо 20 гадоў праводзіць Лукашэнка ў Беларусі, не можа быць не толькі герояў, якія яму супрацьстаяць, значных асоб, а проста не можа быць іншых герояў, акрамя яго. Па прозвішчы Святланы Алексіевіч Беларусь стала распаўзнавацца ў свеце не як дыктатура, не як краіна лукашызму, краіна бяспраўя, а як краіна культуры, краіна, дзе, нягледзячы ні на што, ствараюцца духоўныя каштоўнасці. Такая канкурэнцыя Лукашэнку зусім недаспадобы і без патрэбы. І не трэба, каб імя, заслугі, неверагодны поспех Нобелеўскай лаўрэаткі стаў шырока вядомым для беларусаў, - цытуе Уладзіміра Някляева belprauda.org. - Гэта рэўнасць (Лукашэнка страшна раўнівы чалавек), гэта нянавісць да ўсяго, што супярэчыць ягоным меркаванням, поглядам на жыццё ў Беларусі. Ён нязменны як у эканоміцы, палітыцы, гэтаксама ён нязменны і ў сваім чалавечым характары. Лукашэнка лічыць сябе, як правільна сказала Алексіевіч, манархам, і толькі з ягоных можа быць кара і толькі з ягоных рук можа быць міластыня”.
Някляеў дапускае, што “наўпроставага загаду і не было, але загад і не патрэбны – лёгка ўгадаць жаданні таго, з чыіх рук кормяцца”.
Тым больш, як сказала сама Алексіевіч “Радыё Свабода”, у Нобелеўскай лекцыі на будзе гаварыць пра сучасную Беларусь, у тым ліку і пра Плошчу-2010:
"Буду казаць, як дзеці выйшлі на плошчу (хоць там былі і старэйшыя людзі) і як яны спрабавалі супраціўляцца. Але, відаць, прамежкавы час — ён доўгі. Не трэба думаць, што свабода можа прыйсці проста так, як мы наіўна ўяўлялі сабе ў 1990-я гады. Напэўна, патрэбны працяглы час”.
Пасля жорсткага разгону Плошчы-2010 Алексіевіч выступіла з адкрытым лістом на імя Аляксандра Лукашэнкі. Яна заклікала кіраўніка Беларусі праявіць літасць і спыніць рэпрэсіі. Аднак ніякага адказу на ліст не атрымала.