Святлана Алексіевіч на прэс-канферэнцыі: Сімвал Беларусі — вёска

Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч адказвае на пытанні журналістаў у Стакгольме. 



alexijewitsch.jpg

Са сталіцы Швецыі перадае журналістка “Белсату” Аліна Коўшык.
Японцы запыталі ў Святланы Алексіевіч пра ейнае стаўленне да атамнай энергіі.
«Чалавек прайграе з прыродай, атамная энергетыка — вельмі небяспечная, трэба развіваць альтэрнатыўныя віды энергіі», — заўважыла нобэлеўская лаўрэатка. Паводле яе, у Чарнобыльскай трагедыі і ў аварыі на Фукусіме шмат падобнага, бо дзяржавы падманвалі жыхароў і не казалі ўсёй праўды пра небяспеку. Вясною спадарыня Алексіевіч збіраецца наведаць Фукусіму.
«Жыццё вельмі цікавае, ніколі не было мэты атрымаць Нобэля. Хацела зразумець, хто мы навошта жывем, чаму людзі зноў пакутуюць», — заўважыла пісьменніца. Яна згадала цікавы выпадак з дзяцінства, які ёй запомніўся: калі пісьменніцы было 10 гадоў, ейная бабуля, атрымаўшы пенсію, цалавала грошы і плакала. «Я хацела пра гэта напісаць: чаму людзі добрыя, а жыццё кепскае», — заўважыла лаўрэатка.
Карэспандэнтка «Белсату» Аліна Коўшык задала пытанне, што з сабою ў Стакгольм узяла спадарыня Святлана?
«Я ўзяла радасць беларусаў, якія мяне віншавалі на вуліцах і абдымалі, — адказала пісьменніца. — Я не збіраю матэрыяльныя рэчы, а эмоцыі».
Сімвалам Беларусі нобэлеўская лаўрэатка лічыць беларускую вёску, «бо з аднаго боку яна аснова, а з другога не здольная рэфармавацца».
«Я шукаю праўду, зразумець новае расейскае сярэднявечча вельмі важна», — сказала пісьменніца. Паводле яе, у Расеі зноў смутны час, бо рэакцыя расейскіх уладаў вельмі агрэсіўная, а расейцы рэагуюць вельмі радасна на агрэсію сваёй краіны.
Святлана Алексіевіч на пытанне пра ўлюбёныя кнігі кажа, што яны былі «галоўным багаццем у дзяцінстве». Сярод галоўных аўтараў пісьменніца называе Алеся Адамовіча.
Святлана Алексіевіч пра свой метад працы:
«Праўда не змяшчаецца ў сэрцы. Трэба сабраць гісторыі некалькіх людзей, каб зразумець агульную карціну».
На чым палягае сёння складанасць адлюстравання рэчаіснасці?
Усё вельмі хутка змяняецца, патрэбныя новыя формы.
Вы адмовіліся ад традыцыйнай сукенкі на ўручэнне?
Лаўрэат вольны ў выбары строю. Я буду казаць пра Чарнобыль і Афганістан — дэкальтэ і сукенкі будуць неадпаведныя.
На пытанне, чаму новая кніга прысвечаная каханню, Алексіевіч кажа, што каханне патрабуе высілкаў усяго жыцця. Чалавек не нараджаецца, каб памерці на чарнобыльскім рэактары або на Данбасе.
Усе, што я зразумела пра Чырвонага чалавека, я напісала, — кажа Святлана Алексіевіч пра сваю апошнюю кнігу. «Час сэканд-хэнд» — энцыклапедыя чырвонай утопіі. Можа мы зразумеем, чаму атрымаўшы свабоду, мы зможам абмінуць рабства. Калі я скончыла кнігу, я падумала — а вакол чаго яшчэ круціцца Зямля? І зразумела, што вакол любові і смерці. Цяпер вось пішу пра кнігу пра каханне, у якой пра яго распавядаюць і мужчыны, і жанчыны. Калі будуць сілы, напішу потым пра старасць і смерць.