Нобель Алексіевіч супраць Шнобеля Лукашэнкі

Беларуская прапаганда абыходзіць маўчаннем імя пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Улады раздражненыя крытыкай з вуснаў нобелеўскага лаўрэата, лічыць аглядальнік DW Наталля Макушына.



ale.jpg

dpa

"Дыктатура - прымітыўнае стварэнне, на чале яе стаяць звычайна недасведчаныя людзі". Гэтыя словы ўганараванай Нобелеўскай прэміяй па літаратуры Святланы Алексіевіч дакладна характарызуюць дзеянні афіцыйнага Мінска, які падкрэслена абыходзіць увагай імя пісьменніцы. У сувязі з атрыманай высокай узнагародай у яе гонар ўлады не зладзілі ўрачысты прыём, яе не запрасіў на сустрэчу прэзідэнт. Нобелеўскую лекцыю Алексіевіч не паказаў ні адзін канал дзяржаўнага тэлебачання, а газета прэзідэнцкай адміністрацыі "Советская Белоруссия" адгукнулася на гэтую падзею нататкай у 537 друкаваных знакаў - менш, чым у гэтым абзацы.

Не значыцца ў звярстанай праграме ТБ на 10 снежня і трансляцыя са Стакгольма ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі. Пра прычыну ўзвядзення афіцыйнай сцяны маўчання здагадацца няцяжка — кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не задаволены тым, як Святлана Алексіевіч ацэньвае вынікі яго 21-гадовага праўлення.

Беларускае “времечко”

Для беларускага афіцыёзу ўзнагароджанне Алексіевіч - відавочна не нагода для свята. У краіне з'явіўся аўтарытэтны лідэр меркаванняў — нобелеўскі лаўрэат. Да яе крытычнай ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі, будзе прыслухоўвацца ўвесь свет, і гэта галоўны фактар раздражнення асабіста для Лукашэнкі.

Ён і павіншаваў Алексіевіч не адразу, а толькі пасля таго, як пісьменніца ўжо прыняла віншаванні ад прэзідэнтаў Германіі і Францыі. А неўзабаве пасля гэтага беларускі кіраўнік прайшоўся па "некаторых лаўрэатах, якія вылілі цэбар бруду на сваю краіну". Яго абурэнне было выклікана выступам Алексіевіч у Кракаве, дзе яна сказала, што ў Беларусі Лукашэнка спыніў час. "Яго ўменне - прадаваць сваю біяграфію тое Еўропе, то Расіі. І атрымліваць за гэта газ і нафту", — падкрэсліла пісьменніца.

Крытыка беларускіх уладаў заўсёды багатая наступствамі для тых, хто іх крытыкуе, хоць наўрад ці Лукашэнка аддаваў спецыяльнае распараджэнне забараніць трансляцыю са Стакгольма і нобелеўскай лекцыі Алексіевіч, і цырымоніі ўручэння ёй прэміі. Мінскія прапагандысты і без указанняў трымаюць нос па ветры. Наўзамен трансляцый з Швецыі дзяржаўнае ТБ пакажа беларусам агляд крымінальнай хронікі, расійскія серыялы і праграму "Белорусское времечко".

Свята без ідэолагаў

Аднак на гэты раз афіцыйныя ідэолагі сваёй стараннасцю падклалі кіраўніку Беларусі сапраўдную свінню. Злыя языкі тут жа ўспомнілі пра Шнобелеўскую прэмію, якая ўручаецца за выбітныя глупствы. У 2013 годзе арганізатары гэтай прэміі ёю ўзнагародзілі Аляксандра Лукашэнкі — за суды над беларусамі толькі за тое, што яны апладзіравалі, удзельнічаючы ў масавых вулічных акцыях "маўклівага пратэсту".

Падобна на тое, што следам на прэмію для дурняў напрошваецца ідэалагічная служба беларускага кіраўніка за рашэнне не паказваць цырымонію ўзнагароджання Алексіевіч. Глупства прапагандыстаў на самой справе зашкальвае. Па-першае, таму, што сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць абысці любыя забароны на атрыманне інфармацыі. Па-другое, таму, што беларуская грамадзянская супольнасць паказала добры прыклад самаарганізацыі, разгарнуўшы ў сацыяльных сетках кампанію ў падтрымку Святланы Алексіевіч "Святкуем Нобеля разам!"

На спецыяльнай старонцы ў Facebook публікуюцца відэавіншаванні і спасылкі на артыкулы пра Алексіевіч, адрасы пляцовак у розных гарадах краіны, дзе можна сабрацца для калектыўнага прагляду праграм са Швецыі з удзелам Святланы. Арганізаваны спецыяльныя паштовыя скрыні для збору віншавальных паштовак. Амбасада ЗША ў Мінску запрасіла 10 снежня жадаючых убачыць цырымонію ўручэння Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі.

Прапагандысты проста не дадумаліся да таго, што святкаванне першага беларускага Нобеля можа абысціся і без іх дазволу. Вось ужо сапраўды, дыктатура — прымітыўнае стварэнне.

Наталля Макушына, Нямецкая хваля