Пяць нялёгкіх кнігаў Алексіевіч — катаржная праца (відэа)
Паэт Уладзімір Някляеў каментуе "Белсату" прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч.
Reuters
— Гэта падзея, якой да гэтага часу, прычым святочная падзея, не з адмоўным пасылам, якой у Беларусі не было. І можа стацца, што не будзе.
— Вы таксама былі ў Стакгольме, таксама былі намінаваныя. Якія там тады ў вас былі пачуцці?
— Канешне, я нават з усёй маёй фантазіяй, з разуменнем чалавека, з цяжкасцю ўяўляю, што адчувае Святлана. Гэта, канешне, варта было паўпірацца, напісаць пяць нялёгкіх для яе кнігаў. Яна ж не хуткапісная пісьменніца. Яна пакуль сказ адзін не выбудуе, не можа перайсці да наступнага. Трэба разумець, што гэта катаржная праца — напісаць такія кнігі. І яна заслужыла сённяшняе свята. І яна прыгожая сёння! Дарэчы, усё ж такі калі жанчынам кожны дзень даваць нейкія прэміі, яны заўсёды будуць прыгожыя.
— Вы таксама былі намінаваныя на Нобэля, і наш папярэдні госць Алесь Бяляцкі, і наш вялікі пісьменнік Васіль Быкаў.
— Ну што такое намінацыя? Гэта ж не тое, што цябе кудысьці выклікаюць. Але разглядаюць. І прыязнае было стаўленне да Быкава (быў намінаваны ў 2001-м годзе).
Вось чаго не хапіла ў эпізодзе: узнагароджвалі Святлану, гучаў Моцарт. Моцарт! Але гэта не беларускі кампазітар.
Гэта геніяльны, самы мажорны ў свеце кампазітар. Дарэчы, тут ёсць драматургічны ход: такая драматычная літаратура, як у Святланы, і вось гэтая мажорная святочная музыка. Але гэта і па прычыне таго, што кампазітараў беларускіх, музыку якіх можна было выкарыстаць пры такой нагодзе, проста не ведаюць. А я вам скажу: Адажыё Глебава з «Маленькага прынца» абсалютна лёгка магло б замяніць Моцарта. Але ніхто не ведае не толькі пра тое, што ёсць Адажыё Глебава. Думаю, у Швецыі не ведаюць, што ён напісаў гэты балет і што ёсць такая музыка. Дык вось тады не хапала ведання, што ёсць такі пісьменнік, як Васіль Быкаў. Бо не было перакладаў на той час.
— Зараз ёсць планы па-новаму перакласці Святлану Алексіевіч на ангельскую мову. Разам з гэтым здаецца, што ў прамаванні беларускасці ў свет непасрэдны ўдзел павінна займаць дзяржава. У Беларусі гэтага не адбываецца. З усіх шматлікіх прэміяў Святлана Алексіевіч не мае аніводнай дзяржаўнай беларускай. На вашую думку, чаму? Бо ў нас не тая дзяржава, якую можна назваць цалкам беларускай, ці яшчэ што?
— Тут і дзяржава і тое, які чалавек на чале дзяржавы. Чалавек, які на чале дзяржавы, у свой час, калі Быкаў зʼязджаў у замежжа, захацеў яго затрымаць. Я тады быў Старшынём саюзу пісьменнікаў. І ён праз свайго блізкага сябра Канаплёва, які тады быў намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету, сказаў: «А ну-ка давайце мы яго затрымаем!» Сказаў: «А, слухайце, калі ласка, хай ён (Васіль Быкаў) да мяне прыйдзе, і мы вырашым усе праблемы, якія яго непакояць. З кватэрай, з пенсіяй. » Я сказаў: «Ён да вас не прыйдзе». А было б з усіх бакоў прыгожа, калі б кіраўнік дзяржавы, а на той час — 1997 ці 1998 год — не такі яшчэ «забранзавелы», патэлефанаваў і сказаў: «Васіль Уладзіміравіч, а што ў вас за праблемы? Што вы надумалі ехаць кудысьці ў Фінляндыю? Давайце я прыйду да вас на гарбату». Што ён (Быкаў) — адмовіў бы? Вось нейкая для мяне незразумелая пыха ў гэтага чалавека — быў бы ён яшчэ з князёў. Хаця князь ніколі б так сябе не паводзіў. Цяпер тое самае: «Хто такая?!» А тут «хто такая» становіцца нобэлеўскім лаўрэатам! Гэта настолькі ўпоперак. Вось ён бурчыць і бурчыць. Афіцыйна трэба неяк падаваць — гэта ж на ўвесь свет. Але ўнутры: «гэта ж не я даў прэмію ці медаль».