Нобель Алексіевіч паўплывае на беларускае грамадства

Першая Нобелеўская ўзнагарода для беларускай пісьменніцы паўплывае на беларускае грамадства, лічыць Уладзімір Мацкевіч. 



aleksievich_reuters.jpg

Reuters

— Беларускія ўлады доўгі час рабілі ўсё, каб адзінай асобай, якая магла быць вядомай і аўтарытэтнай у Беларусі, заставаўся Аляксандр Лукашэнка, але цяпер дзякуючы Шведскай акадэміі, сітуацыя змяняецца, — цытуе Мацкевіча"Радыё Рацыя". — Святлана Алексіевіч стала такой асобаю, якая непадкантрольная ні Лукашэнку, ні ўладам. І ўжо па ўласнай ініцыятыве “Белавія” віншуе і шануе лаўрэатку Нобелеўскай прэміі. І газета “Советская Белоруссия” не можа пра гэта не згадаць, хоць і перакруціла, што толькі можна, але ўсё роўна працытавала значную частку Нобелеўскай лекцыі. І ў кнігарнях з’явіліся кнігі. Я думаю, што настаўнікі па ўласнай ініцыятыве будуць гэта згадваць. Схаваць, прамаўчаць цалкам гэта ўжо немагчыма.

Беларускія дзяржаўныя каналы напярэдадні амаль праігнаравалі ўручэнне прэстыжнай літаратурнай узнагароды Святлане Алексіевіч. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з крытыкай у бок Святланы Алексіевіч, якая ў сваіх розных выказваннях крытыкуе беларускі рэжым. У сваю чаргу інтэрнэт-супольнасць і незалежныя беларускія СМІ шырока транслявалі і каментавалі ўсе ўрачыстасці, звязаныя з уручэннем першай нобелеўскай прэміі грамадзянцы Беларусі.