Лукашэнка можа сустрэцца ў Ашхабадзе з прэзідэнтам Турцыі
Лукашэнка другі дзень знаходзіцца ў Ашхабадзе: учора ён меў сустрэчу з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, а сёння ён наведаў мемарыяльны комплекс «Народная памяць».
president.gov.by
Аднак пікантнасць гэтаму візіту дадае той факт, што сёння ў Туркменістан таксама прыедзе прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, пра гэта паведамляе ягоны афіцыйны сайт. Цалкам магчыма, што ў Ашхабадзе адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Турцыі. Бо Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Ашхабадзе да 12 снежня.
Сустрэча можа адбыцца на фоне антытурэцкай кампаніі, што праходзіць у расійскіх СМІ і на вышэйшым дзяржаўным узроўні, пасля таго, як Турцыя збіла расійскі знішчальнік Су-24 на мяжы з Сірыяй, нагадвае "Наша ніва".
Расія ўвяла супраць Турцыі санкцыі. Ад 1 студзеня 2016 года ў Расіі забаронена прымаць на працу грамадзян Турцыі, таксама ўведзена эмбарга на продаж садавіны і гародніны. А пасольства Турцыі ў Маскве закідалі камянямі і фарбамі.
У такіх умовах сустрэча Лукашэнкі і Эрдагана сапраўды павінны ўспрымацца як вельмі нечаканы жэст.
10 снежня прайшлі перамовы Лукашэнкі з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым — спачатку адзін на адзін, а затым у пашыраным фармаце з удзелам дэлегацый.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што знаходзіцца ў Ашхабадзе напярэдадні знамянальнай для Туркменістана даты — 20-годдзя атрымання статусу пастаяннага нейтралітэту. Ен падзякаваў за запрашэнне прыняць удзел у канферэнцыі, якая збярэ тут 12 снежня лідараў дзяржаў рэгіёну, вядомых сусветных палітычных дзеячоў. Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва адзначыў, што тэматыка канферэнцыі - "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця" — адлюстроўвае ў тым ліку накіраванасць знешняй палітыкі Беларусі.
"Без міру і бяспекі няма стабільнасці. Гэта якраз на злобу дня. Вакол бушуюць пажары канфліктаў, сутыкненняў і войнаў. Не дай Бог, як я ўжо казаў, выступаючы ў ААН, нам дажыць да таго часу, калі гэта перарасце ў маштабную вайну. Гэта вельмі важны кантэкст размовы", — лічыць Лукашэнка.
Па выніках перамоў у Ашхабадзе быў падпісаны пакет дакументаў. У прыватнасці, Беларусь і Туркменістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2016-2017 гады. Дарожная карта ўяўляе сабой план сумесных мерапрыемстваў па развіццю супрацоўніцтва дзвюх краін.
Лідары дзвюх дзяржаў прынялі сумесную заяву аб паглыбленні адносін дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам, паведамляе прэзідэнцкая прэс-служба.
Падпісана таксама міжурадавае пагадненне аб узаемным заахвочванні і абароне інвестыцый, праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў на 2016-2017 гады. Акрамя таго, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў харчовай і легкай прамысловасці, па лініі акадэмій навук дзвюх краін, саюзаў прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.