Хронікі рэпрэсій за 9 студзеня: Затрыманне Таццяны Севярынец, новая крыміналка супраць Мікалая Статкевіча

Сёння ў Беларусі зноў затрымлівалі «за палітыку», выносілі беспадстаўныя выракі, блакавалі «непажаданыя» сайты. Распавядаем падрабязнасці.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

У Віцебску затрымалі Таццяну Севярынец

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося сёння раніцай. 

Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

Таццяну Севярынец затрымалі нібыта за падпіскі ў Facebook

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook распавяла Ганна Севярынец.

«Мама затрыманая да суда за нейкія падпіскі ў фэйсбуку, якіх у яе даўно не было. Калі суд, невядома».

За сэлфі з бел-чырвона-белым сцягам мужчыну прысудзілі 2 гады «хіміі»

Суд Ленінскага раёна Мінска 14 снежня асудзіў індывідуальнага прадпрымальніка Канстанціна Васіленку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Судовы працэс вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч, паведамілі праваабаронцы «Вясны».

Па матэрыялах абвінавачання, Васіленка ў жніўні 2020 года, знаходзячыся на праспекце Пераможцаў, заўважыў натоўп грамадзян, у тым ліку з рознай атрыбутыкай пратэснага характару. Сумесна з імі, а таксама разам са знаёмым Е. ён прайшоў да праспекта Незалежнасці, пры гэтым рух ажыццяўляў па тратуары. У адным месцы выйшаў на праезную частку дарогі, каб зрабіць фота са сцягам бел-чырвона-белага колеру. Менавіта гэтае фота і паслужыла падставай для ягонага затрымання і абвінавачання.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Белорусско-грузинско-украинский чат "Россия это зло"», «FREEINFOBEL Chat»;
  • Instagram старонкі «тамошний Борисов», «Borisov Life News»;
  • Старонка ва «Укантакце» «luka.zоne»;
  • Старонка ў Х «1regby»;

  • TikTok-старонкі «Экстрым-Бел-TV», «97bye3».

Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку за ўдзел у маршах і каментары ў тэлеграме

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» супрацоўніка кампаніі па вытворчасці шчытоў «Электратэма». Паводле інфармацыі «Медыязоны», гаворка ідзе пра Аляксандра Маясеенку.

Паведамляецца, што ў затрыманага ёсць трое непаўналетніх дзяцей і жонка.

11e3e127_3ebe_4dfa_9a1a_39c375cb0ae9.jpg

МУС прызнала тэлеграм-чат «Баранавічы 97%» «экстрэмісцкім фармаваннем»

Інфармацыя пра гэта з'явілася ў праўладных тэлеграм-каналах, аднак у афіцыйным пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС «Баранавічаў 97%» пакуль няма.

Паведамляецца, што такое рашэнне прынята нібыта «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

Пастара з Чэрыкава арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Як паведамляе @BSDP_Hramada, Чэрыкаўскі раённы суд днямі разглядзеў справу сябра БСДП і пастара пратэстанцкай царквы Рамана Раждзественскага. Яго судзілі па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») да 14 сутак арышту.

54fcc6db_8fb0_423c_ab69_4791341280cb.jpg

У 2022 годзе мужчыну ўжо аштрафоўвалі за рэпост з «экстрэмісцкага» канала і «лайк» у фэйсбуку пад пастом ад 2020 года.

У Беларусі заблакавалі сайт расследавальніцкага медыя «Бюро»

Пра гэта распавялі самі журналісты ў сваіх сацсетках.

52e2a923_bd8e_49cf_b37a_5a9648d92bb6.jpg

Паводле іх, блакіроўка адбылася праз 30 хвілін пасля выхаду расследавання пра «Беларускі Чырвоны Крыж».

Адразу чатырох людзей асудзілі да «хатняй хіміі» за пратэсты


Стала вядома, што 21 снежня 2023 году вынеслі прысуд Сяргею Альшуку, Людміле Калядзе, Аляксею Асіпчуку і Алене Ліпік. Кожнага з іх асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Усе, акрамя Алены, да суду знаходзіліся пад вартай: іх вызвалілі пасля прысуду. Алена Ліпік знаходзілася пад закладам у памеры 3700 рублёў, паведамілі праваабаронцы «Вясны». Таксама вядома, што першапачаткова Людмілу Каляду затрымалі 12 верасня 2023 года паводле адміністрацыйнай справы, а ўжо пасля абвінавацілі паводле крымінальнага артыкула. 

Суддзя Ала Скуратовіч прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзіла за ўдзел у Маршы ў 2020 годзе.

У Віцебску за «экстрэмізм» арыштавалі грамадзяніна Расіі

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 28 снежня за «экстрэмізм» пакараў арыштам на 7 сутак грамадзяніна Расіі, работніка рэкламнай вытворчасці Дзмітрыя Чаркоўскага. У судовым пасяджэнні была агучана інфармацыя аб тым, што Аляксандр у Facebook нібыта быў падпісаны на інфармацыйныя рэсурсы «Рух за свабоду» і «Хартыя'97». У судзе мужчына віну не прызнаў. Ён паведаміў, што ў жніўні 2020 года ў выбарах не ўдзельнічаў і не ведаў аб тым, што інфармацыя з «экстрэмісцкіх» суполак накіравана «супраць Беларусі».

ByPol: Супраць Статкевіча ўзбудзяць новую крымінальную справу


Палітвязень Мікалай Статкевіч, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №13 (Глыбокае, Віцебская вобласць), змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў ByPol.

statkevicz2_logo.jpg__1__logo_1_logo_1.webp

Адміністрацыяй калоніі Статкевіч «летась неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго, на яго сабраны матэрыял для распачынання крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне"».