Медыя Вольгі Лойка Plan B просіць чытачоў падтрымаць выданне

Plan B запусціўся ў чэрвені 2023 года. Выданне прысвечана ў асноўным аўтарскай публіцыстыцы і погляду на Беларусь вачыма журналістаў і публіцыстаў. Медыя імкнецца тлумачыць важныя падзеі і распавядаць пра іх магчымыя наступствы, аб'ядноўваць беларусаў унутры і за межамі краіны.

chang_duong_zshvgzj6a_s_unsplash_1_1024x683.jpg

Plan B робяць журналісты, якія адседзелі ў СІЗА, вымушана пакінулі Беларусь, названыя ўладамі «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Выданне пачало працу ў чэрвені 2023 года, а ўжо ў ліпені сацсеткі і матэрыялы сайта былі прызнаныя экстрэмісцкімі, Plan B заблакавалі ў Беларусі.

Гэта не перашкаджае пісаць пра важнае і нават нарошчваць аўдыторыю, але перашкаджае прыцягваць рэкламу, забяспечваючы праекту стабільнае фінансаванне, паведамляецца на сайце.

Таму выданню патрэбна дапамога чытачоў, каб працягваць працу. Калі ў вас ёсць магчымасць зрабіць гэта бяспечна (не з Беларусі і не з дапамогай беларускіх карт), падтрымайце праект данатамі.

Выданне будзе ўдзячнае за любую суму. Але найлепшы спосаб падтрымкі — гэта «частаваць нас кубкам кавы штомесяц».

Падтрымаць праект можна на гэтай старонцы.

Нагадаем, што беларускія незалежныя медыя ў асноўным прызнаныя «экстрэмісцкімі», і працуюць за межамі краіны. Гэта азначае, што яны адрэзаныя ад наўпроставай падтрымкі чытачоў унутры Беларусі, не могуць ажыццяўляць падпіску і займацца рэкламнай дзейнасцю. З-за гэтага ў іх перыядычна ўзнікаюць цяжкасці з фінансаваннем, а значыць — працягам працы.

Нядаўна пра падобныя праблемы паведамляў Reform.by — сродкаў у іх заставалася на паўтара месяца працы. У выніку беларусы за два дні сабралі рэдакцыі 17 000 еўра, чым часова адклалі спыненне выхаду выдання.

Глядзіце таксама