Злачынец — бо не вучышся ілжы, злачынка — бо не вучышся ілгаць. ЕГУ хочуць прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй

Апошнія заявы прапагандыстаў гучаць дакладна не на карысць значнай часткі беларускай дыяспары ў Літве — студэнтаў і выкладчыкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Іх, больш за 1600 чалавек, раскіданых у тым ліку і па іншых краінах, цяпер абяцаюць дадаць у спіс экстрэмістаў. Чым гэта небяспечна, і ці сутыкаюцца беларусы ды беларускі з ціскам праз навучанне ў «недружалюбнай» установе адукацыі?

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Фота: Delfi Lietuva

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Фота: Delfi Lietuva


Што адбылося?

8 студзеня прапагандыст Ігар Тур у сваёй рубрыцы «Будзе дапоўнена» на дзяржаўным тэлеканале АНТ выказаў меркаванне, што ў хуткім часе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, што знаходзіцца ў Вільні, будзе абавязкова прызнаны экстрэмісцкай некамерцыйнай арганізацыяй. Асноўнай прычынай рашэння Тур называе пачатак супрацоўніцтва ЕГУ з Офісам Святланы Ціханоўскай, які раней быў прызнаны экстрэмісцкім у Беларусі. Па словах прапагандыста, ЕГУ нібыта страціў усё фінансаванне ад партнёраў з ЕЗ і Літвы, а слухачы ды выкладчыкі разам выступаюць супраць узаемаадносін з лідаркай Дэмакратычных сіл. 

«Як па мне, прызнанне ЕГУ ў Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй — гэта пытанне часу. Бо ЕГУ даўно перастаў быць ВНУ, а стаў проста дэструктыўнай НКА. Вы, дарагія, усё роўна апыніцеся ў пункце, калі з’явіцца закон, а падабаецца ён вам ці не, не мае сэнсу. Вы яго альбо парушыце і панесяце пакаранне, альбо паспееце забраць дакументы і ад гэтага ЕГУ адхрысціцца», — заявіў прапагандыст.

Тур у сваёй 8-хвіліннай перадачы падкрэслівае, што ЕГУ не дае дзецям адукацыю, а «прафесійна вучыць пратэставаць», называе факультэты «Медыя і камунікацыя», «Светавая палітыка» ды «Еўрапейская спадчына» «балабонствам, а не навукамі», а студэнтаў пасля прызнання ўніверсітэта экстрэмісцкім — калабарантамі, якія атрымаюць у Беларусі тэрміны і «прысядуць», альбо не вернуцца на радзіму.

Напрыканцы прапагандыст дадаў, што часу, каб забраць дакументы, па яго адчуваннях, засталося вельмі няшмат.

Якімі наступствамі небяспечнае рэальнае прызнанне ЕГУ экстрэмісцкім?


Выпуск студэнтаў ЕГУ. Фота: EHU Official

Выпуск студэнтаў ЕГУ. Фота: EHU Official

Па-першае, для юных беларусак і беларусаў, якія сёлета заканчваюць школы і каледжы, ЕГУ застаецца адным з гарных (і найпрасцейшых) спосабаў атрымаць ліберальную адукацыю са свабодай думкі, атэстатам еўрапейскага ўзору, магчымасцю ўладкавацца на працу па спецыяльнасці і працягнуць жыць у краіне Еўразвязу. Цяпер універсітэт аказвае поўнае асабістае суправаджэнне да атрымання шэнгенскай візы тыпу С у пусты пашпарт ці віда на жыхарства Літвы тэрмінам да двух гадоў: на яго можна падацца ў тым ліку знаходзячыся ў Беларусі.

Па-другое, гэта безумоўна створыць вялізныя праблемы для дзеючых студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ. Па даных за 2023 год, колькасць студэнтаў універсітэта перавышае 1500 чалавек, абсалютная большасць з якіх — беларусы, якія працягваюць жыць на радзіме ці перыядычна вяртаюцца з Літвы дадому. Што да выкладчыцкага саставу, сыходзячы з даных на сайце ЕГУ, арганізацыяй і вядзеннем навучальнага працэсу цяпер займаюцца 130 супрацоўнікаў. І калі спісы студэнтаў агалошваюцца выключна па студэнцкай пошце, то імёны ды прозвішчы прафесараў, лектараў, менеджараў публічна агучаны на сайце ўніверсітэта, што аўтаматычна зробіць іх «экстрэмістамі». (Так, некаторыя выкладчыкі таксама маглі вяртацца ў Беларусь).

Сесіі ў ЕГУ ўжо некалькі гадоў праходзяць дыстанцыйна, у фармаце творчых работ ці анлайн-канферэнцый у Zoom. Гэта зроблена для спрашчэння ўмоў тых беларусаў, што не пераехалі ў ЕЗ, зніжэння рызыкі ад лішніх праходжанняў мяжы і агульнай зручнасці. Да таго ж, сярод навучэнцаў прысутнічаюць і еўрапейскі-арыентаваныя грамадзяне Расіі, у якіх з атрыманнем візы справы абстаяць значна цяжэй. 

Сцягі Беларусі, Літвы і Еўразвязу на ўваходзе ў ЕГУ. Фота EHU Official

Сцягі Беларусі, Літвы і Еўразвязу на ўваходзе ў ЕГУ. Фота EHU Official

Патэнцыйная ідэнтыфікацыя студэнтаў можа праходзіць праз віды на жыхарства і нацыянальныя візы тыпу D, выдачу якіх Літва прыпыніла ў жніўні 2023 года. На іх прапісана слова «Studentas», што практычна ў 100% выпадкаў сведчыць пра навучанне ў ЕГУ, асабліва з улікам колькасці беларускіх студэнтаў у параўнанні з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Літвы. 

Менавіта з такім выпадкам ужо сутыкнулася нашая чытачка і студэнтка ЕГУ Леся (імя зменена дзеля бяспекі). Дзяўчына падзялілася сваёй гісторыяй пра ціск падчас праходжання адной з беларуска-літоўскіх мытняў перад дзяржаўным святам па прызнаку студэнцтва ў «недружалюбным» універсітэце: 

«У мяне ўзялі пашпарт, убачылі, што ў мяне студэнцкая віза і адразу павялі на допыт. Спыталі, дзе я навучаюся — я адказала, што ў ЕГУ, і яны адразу пачалі даглядваць тэлефон і задаваць пытанні».

Па словах Лесі, супрацоўнік у цывільным адразу запытаў, ці разумее яна, што «ў нас у краіне да іх ВНУ стаўленне… не вельмі…».

«Калі яны дазналіся, што я студэнтка ЕГУ, мяне сталі дапытваць, ці маеце вы дачыненні са Святланай Ціханоўскай, ці здымаецеся вы з ёй разам у відэа. Пачалі шукаць у кантактах яе нумар, падрабязна пыталі, якіх журналістах я ведаю, ці здымаю я якія-небудзь цік-токі апазіцыйныя, у такім духу», — адзначыла дзяўчына.

Агулам у памяшканні для дадатковага дагляду яе пратрымалі каля 40 хвілін, з улікам таго, што звонку стаяла вялікая чарга аўтобусаў і ўсе пасажыры прайшлі пашпартны кантроль. Увесь гэты час людзі ў цывільным задавалі шмат пытанняў пра сяброў з Украіны, полк Кастуся Каліноўскага, універсітэцкія чаты і суполкі. Але Лера лічыць, што не варта весціся на пагрозы прапагандыстаў, і не збіраецца адлічвацца з універсітэта.

Цяпер студэнтам ЕГУ варта выконваць максімальную асцярожнасць пры праходжанні мытняў з краінамі ЕЗ, чысціць чаты ці выдаляць акаўнт з вучэбнымі суполкамі, карыстацца запрашэннямі ў іншыя ВНУ, па магчымасці ўстрымацца ад паездак у Беларусь.