Школа польскай мовы PanProfesor ліквідуе беларускі офіс пасля візіту сілавікоў

Школа польскай мовы PanProfesor абвясціла пра закрыццё беларускага офіса, прычынай стаў ціск з боку сілавікоў па ананімным даносе.

panprofesor_logo_1128x752.jpg

«Два тыдні таму прадстаўнікі нейкіх спецыяльных службаў «прыйшлі ў госці» да аднаго з нашых супрацоўнікаў у Мінску, пасля зладзілі вобшук у офісе, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы кампаніі ў Фэйсбуку (захаваны арыгінальны стыль). — Як пазней выявілася, у тую раніцу, 21 снежня 2023 года, PanProfesor былі не адзінымі, каму давялося перажыць падобнае: у некалькіх іншых курсах польскай мовы былі затрыманыя дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых з іх прымусілі запісаць «пакаяныя відэа». Да вядомых ужо абвінавачанняў дадаліся «навучаў польскай мове» і да таго падобнае», — цытуе паведамленне школы «Позірк».

Сілавікі абвінавацілі моўную школу ў «мностве парушэнняў» і запазычанасцях («што з’яўляецца абсалютнай няпраўдай»), паведамілі, што ў дачыненні да кампаніі паступіла «нейкая ананімная заява», са зместам якой прадстаўнікам курсаў азнаёміцца не далі.

Кампаніі было прапанавана «спыніць рэкламу», «закрыць офіс і спыніць заняткі», «самастойна ліквідаваць» арганізацыю.

«З прычыны таго, што мы не маем ніякіх рэсурсаў і магчымасцяў хаця б нейкім чынам супраціўляцца падобнаму, а таксама «часам не да законаў», намі было прынятае рашэнне <…> закрыць беларускую кампанію, — гаворыцца ў паведамленні. — З прычыны таго, што рабіць нам даводзіцца гэта самастойна, на сённяшні дзень кампанія, якая яшчэ нават не прыступіла да ліквідацыі, сапраўды пачынае імкліва абрастаць даўгамі. Экстраны продаж часткі мэблі і абсталявання не прынёс нічога, акрамя засмучэння. Супрацоўнікі звольненыя, і ім неяк трэба працягваць жыццё ў гэтым дзівосным новым свеце».

Кліентаў, якія не паспелі завяршыць навучанне, давучыць у анлайн-рэжыме аднайменная польская арганізацыя-партнёр.

Летась 21 снежня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра візіт супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС у мінскую школу польскай мовы Polskipro, затрыманне яе прадстаўнікоў і кіраўніцтва. Сайт школы не працуе, сацсеткі выдаленыя, з дзвярэй арганізацыі знялі таблічку з назвай.

Глядзіце таксама