Прадстаўнікі СМІ ў 2023 годзе асуджаныя на 89,5 года пазбаўлення волі. Мы працуем для вас
Усяго ў месцах пазбаўлення волі знаходзіцца 32 супрацоўнікі медыя. Паводле даных БАЖ, у 2023 годзе было затрымана 46 журналістаў, прайшло 34 ператрусы, прызначана 16 адміністрацыйных арыштаў.
БАЖ адзначае, што 33 прадстаўнікі СМІ прызнаныя “экстрэмістамі”, 12 уключаныя ў спіс асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Журналіст Дзяніс Івашын, які супрацоўнічаў з нашым выданнем і ўкраінскім праектам InformNapalm, асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі паводле арт. 356 і арт. 179 («Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці») КК.
Таксама ў зняволенні знаходзіцца журналіст «Новага Часу» Мікола Дзядок.
У 2021 годзе фрылансер “Радыё Свабода” і адміністратар тэлеграм-канала “Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік прыгавораны ў рамках “справы Ціханоўскага” да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці») і арт. 293 («Масавыя беспарадкі») Крымінальнага кодэкса.
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў прыгавораны па “справе БелаПАН” да 14 гадоў зняволення паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), арт. 3611 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), арт. 356 («Здрада дзяржаве»).
Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава асуджаная на 12 гадоў зняволення паводле арт. 130, 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») КК. Генеральны дырэктар выдання Людміла Чэкіна прыгавораная да такога ж тэрміну паводле тых жа артыкулаў плюс арт. 243 КК.