Як былыя палітвязні ствараюць з самага пачатку новы бізнeс у эміграцыі
У спісах беларускіх палітвязняў нямала прадпрымальнікаў, якія праз рэпрэсіі страцілі не толькі свабоду, але і сваю справу. Хтосьці пасля зняволення, ужо на эміграцыі, спрабуе пачаць усё нанова. Як запусціць бізнeс у чужой краіне, калі ўсё, што ты змог вывезці з Беларусі, — заплечнік з рэчамі і 300 еўра?
Беларускі адкрылі два хостэлы ў Варшаве
- Мне даводзіцца ўсё рабіць з нуля, у Беларусі я зарабляла, а цяпер я не магу скарыстацца гэтым рэсурсам. Але мая свабода і жыццё нашмат даражэйшая, — кажа былая палітвязня Вольга Рытус, якая зараз жыве ў Польшчы, у размове з DW.
У Беларусі яна працавала ў буйных кампаніях і самастойна вяла бізнес. Вольгу затрымалі ў красавіку 2022 года. Прычынай паслужылі відэа ў ТikTok, якія, паводле яе слоў, паказвалі сітуацыю ў Беларусі. Жанчына чатыры месяцы правяла ў СІЗА, пасля яе судзілі за «грубае парушэнне грамадскага парадку» (арт. 342 КК РБ) і прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- У мяне забралі пашпарт, аказвалі ўсялякі ціск, я разумела, што будзе яшчэ адзін тэрмін, і экстрана пакінула краіну з адным заплечнікам, - успамінае Вольга.
У Варшаве гераіня пазнаёмілася з экс-палітвязнем Вольгай Скрашчук. Разам яны вырашылі адчыніць хостэл. Вольга прызнаецца, што ім не хапала грошай на залог, але гаспадар памяшкання даў адтэрміноўку на 10 дзён, і беларускі змаглі зарабіць патрэбную суму.
Цяпер у іх ужо два хостэлы — на 20 і 16 месцаў. Па словах суразмоўцы, па сутнасці, гэта інтэрнаты для працоўных эмігрантаў.
- Мы ўсё пакуль робім самі: званкі прымаем, засяляем. Персанала ў нас як такога няма, мы ўдваіх спраўляемся, - распавядае беларуска. - Ты вырашаеш пытанні і днём, і ноччу, але гэта не дае бедаваць, для нас гэта яшчэ і нейкае выратаванне.
Вольга адзначае, што ёй падабаецца весці бізнес у Польшчы, таму што "тут не карная сістэма, а кансультатыўная", а таксама, напрыклад, можна разлічваць на падатковыя канікулы або датацыю ад дзяржавы.
- Мы плануем маштабаваць (бізнес) і далей, на наступны хостэл хочам атрымаць датацыю, - дзеліцца планамі Вольга.
Сямейная майстэрня ў Ізраілі
У былога палітвязня Алега Барадзіна таксама шматгадовы досвед вядзення бізнесу: у Гомелі ў яго было дзве фірмы па вытворчасці вырабаў са шкла і корпуснай мэблі.
Алега затрымалі ў сакавіку 2022 года. Паводле яго слоў, тады "свядомыя гамяльчане" імкнуліся фіксаваць інфармацыю аб дзеяннях і перамяшчэннях вайскоўцаў з РФ і перасылаць яе беларускім і ўкраінскім тэлеграм-каналам. Алег зрабіў фота і відэа, на якіх былі п'яныя расейскія вайскоўцы. Сілавікі вылічылі мужчыну па запісе з відэакамеры супермаркета.
- У КДБ мне заявілі, што дадзеным відэа і сваімі дзеяннямі я нібыта зганьбіў гонар і годнасць расейскай арміі, - успамінае Алег.
Мужчыну далі 15 сутак арышту, пасля чаго яму ўдалося ўцячы з Беларусі. Спачатку Алег з'ехаў у Грузію, потым разам з сям'ёй у Ізраіль. Цяпер ён працуе мэбельшчыкам. Таксама яны разам з жонкай стварылі сямейную майстэрню: жонка займаецца вышыўкай і вязаннем, а Алег робіць цацкі і сувеніры з дрэва. Вырабы сям'я ў тым ліку прадавала на мясцовых кірмашах, атрыманыя там грошы перадалі на патрэбы УСУ.
Алег прызнаецца, што пакуль іх брэнд не прыносіць нейкіх вялікіх даходаў, але гэта дапамога для сям'і, сродкі, якія можна адкласці на будучыню дзяцей.
- У нас не было стаўкі на нейкі даход, гэта больш аддушына, - кажа суразмоўца.
Сям'я жыве ў невялікім мястэчку недалёка ад сектара Газа, але плануе пераехаць у нейкі з цэнтральных гарадоў Ізраіля і там паспрабаваць пачаць сваю справу. Да прыкладу, купіць нерухомасць для здачы ў арэнду ці рабіць мэблю для мэблевых хат Нямеччыны ці Італіі. Жонка Алега думае над адкрыццём прыватнага дзіцячага сада.
Школа маркетынгу ў Літве
Экс-палітвязень Дзмітры Максімчык жыў у Баранавічах Брэсцкай вобласці. Мужчына працаваў у банку, таксама ў яго быў вендынгавы бізнэс і інтэрнэт-крама вокнаў і дзвярэй.
Дзмітрыя затрымалі ў лістападзе 2021 года, за фота з пратэстаў ён атрымаў тры гады абмежавання волі. У агульнай складанасці ў СІЗА і на «хіміі» Дзмітры правёў год, у снежні 2022-га вырашыўся бегчы з Беларусі:
- Жудасная праца і ўмовы ўтрымання для «палітычных»: ты нікуды не выходзіш, за табой пастаянны кантроль. У мяне было некалькі “парушэнняў” проста на пустым месцы, і далей гэта ўжо турма.
Цяпер Зміцер жыве ў Вільні, у сакавіку 2023 года ён адкрыў Школу лічбавага маркетынгу і сацыяльных навыкаў для падлеткаў. Заняткі праходзяць у Беларускім доме ў Літве. Па словах суразмоўцы, яго праект падтрымлівае беларуская дыяспара.
- Калі я бег з «хіміі», у мяне ў кішэні было 300 еўра, зразумела, не да бізнесу, - успамінае Зміцер. - Мне прапанавалі месца для заняткаў, далі ўсё неабходнае абсталяванне: праектар, ноўтбукі. Нават гарбату, печыва, цукеркі - гэта ўсё купляў Беларускі дом.
Таксама, па словах суразмоўцы, бацькі вучняў робяць невялікія данаты, якія ідуць на набыццё праграмнага забеспячэння, платных падпісак для заняткаў.
- Мы вырашылі, што будзем не проста вучыцца, а адразу спрабаваць манетызаваць свае веды, - распавядае суразмоўца. - Мая персанальная матывацыя - стварыць з хлопцамі сапраўды добры прадукт і прасунуць яго.
Дзмітры і ягоныя вучні запускаюць інтэрнэт-платформу Аrt Voronka, дзе можна купіць ці замовіць карціны сучасных мастакоў — у асноўным таксама беларусаў, якія апынуліся на эміграцыі. Плануецца, што вучні Дзмітрыя таксама будуць атрымліваць бонусы ад продажу, што, паводле яго слоў, вельмі іх матывуе на развіццё праекта.