Швачка, доктар, аграном. Новыя прафесіі, дзе рэжым дазволіў працаваць замежнікам замест беларусаў

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі пашырыла спіс прафесій, па якіх налета змогуць працаваць у Беларусі іншаземцы. Адпаведная пастанова набывае моц 1 студзеня 2024 года.

6_443_logo.webp

Новы спіс уключае ў сябе 20 прафесій рабочых і 15 пасад службоўцаў, на якія замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства ў 2024 годзе змогуць уладкавацца ў Беларусі ў спрошчаным парадку — толькі паведаміўшы органам унутраных спраў, піша «Наша Ніва».

Атрымліваць спецыяльны дазвол ім не спатрэбіцца. У папярэднім спісе такіх прафесій было толькі 5.

Цяпер у гэты пералік уключылі наступныя прафесіі:

  • медыцынскія работнікі (доктар-спецыяліст, памочнік доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, акушэрка, медсястра, санітар(ка)),
  • сельскагаспадарчыя прафесіі (аграном, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, аператар машыннага даення, ветэрынарны доктар, ветэрынарны фельчар, заатэхнік, жывёлавод),
  • інжынер, інжынер-канструктар, інжынер-праграміст, інжынер-тэхнолаг, інжынер-энергетык, інжынер-механік,
  • будаўнічыя прафесіі (бетоншчык, муляр, маляр, цясляр, токар, тынкоўшчык, фрэзероўшчык, электрагазазваршчык, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў),
  • а таксама: швачка, кухар, кіроўца аўтамабіля, слесар па рамонце аўтамабіляў, слесар механазборачных работ, слесар-рамонтнік.

Пры гэтым да іх не будуць прымяняць абмежаванні па абароне нацыянальнага рынку працы.

Варта адзначыць, што шмат беларусаў з такімі прафесіямі апошнімі гадамі масава скіраваліся на працу, а то і на пастаяннае жыхарства за мяжу, прытым нярэдка падставай для гэтага сталі палітычныя рэпрэсіі ці пагроза іх.

Летам 2023 года сярод дэфіцытных спецыяльнасцяў у Мінску лідзіравалі дактары і медсёстры. Больш за ўсё ў нас не хапае анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў і дыягностаў.