Сейм Літвы падтрымаў прапанову выдаваць ВНЖ беларусам адразу на тры гады
Літоўскі парламент зацвердзіў папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства. Адзін з пунктаў новаўвядзенняў наўпрост тычыцца беларускіх палітычных эмігрантаў, якія жывуць у гэтай краіне, піша lrt.lt.

Фота з тэлеграм-канала Антона Матолькі
Сейм ухваліў прапанову міністра ўнутраных спраў Агне Білатайтэ аб падаўжэнні тэрміну дзеяння часовага віду на жыхарства да трох гадоў для замежнікаў, якія прыбылі ў Літву па гуманітарных візах, пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў.
«Гэтая папраўка вельмі важная для прыхільнікаў беларускай апазіцыі, больш за 750 беларускіх грамадзян, уцекачоў у Літву ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Ім неабходна штогод падаўжаць дазволы на часовае пражыванне на гэтай падставе, а сітуацыя ў Беларусі не мяняецца і, на жаль, не зменіцца, напэўна, яшчэ доўга», — сказаў старшыня Камітэта па замежных справах Жыгімантас Павілёніс.
Варта адзначыць, што наконт гэтых паправак у літоўскім палітыкуме разгарнулася напружаная барацьба. Некаторыя дэпутаты сейма і прадстаўнікі служб бяспекі выступалі за больш жорсткія падыходы для беларускіх эмігрантаў, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што беларусаў у Літве сёння шмат і лукашэнкаўскія спецслужбы спрабуюць іх завербаваць для шпіёнскай дзейнасці. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа таксама выступае за гарманізацыю абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расіі.
Глядзіце таксама

Разам з тым у сейме шмат дэпутатаў, якія прыязна ставяцца да беларускіх мігрантаў, адзначаючы сярод іншага і ўнёсак іх у літоўскую эканоміку. Такое меркаванне падтрымлівае і прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ.
Беларускія дэммакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай таксама прыкладалі намаганні для больш ліберальнага стаўлення Літвы да беларусаў. Напрыклад, яны праводзілі сустрэчы і атрымлівалі падтрымку на ўзроўні профільных камітэтаў літоўскага парламенту.
Як бачым, высілкі далі плён. Цяпер тыя беларусы, якія
з’ехалі ў Літву з меркаванняў бяспекі, атрымаюць магчымасць не кожны год, а
толькі раз у тры гады падаўжаць свой від на жыхарства.