Як у Польшчы весці бізнес: досвед беларуса

Пра тое, як ў Варшаве ўкласці невялікую суму і адкрыць паспяховую справу, дзеліцца з «Польскім радыё» беларус Яўген.

01_33_logo.jpg.webp

Дапамагаў іншым і адкрыў сваю справу

Яўген Скарабутан вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага на філалагічным факультэце, займаўся даследаваннямі па развіцці памежнага турызму паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча пісаў працу па фінансаванні самакіравання. Увесь гэты досвед, як адзначае Яўген, быў скіраваны на тое, каб прынесці карысць Беларусі ў будучыні, аднак 2020 год змяніў гэтыя планы.

Ён таксама ў тыя дні быў сярод пратэстантаў, але, калі беларусы пачалі з’язджаць з-за пераследу, у Польшчы спатрэбіліся тыя, хто мог бы арганізоўваць для іх дапамогу.

— Тады ў Варшаве пачала дзейнічаць праграма дапамогі беларусам і мае сябры паклікалі мяне, маўляў, прыязджай будзеш дапамагаць, бо няма сэнсу там хавацца. І я прыехаў. А на наступны дзень пачаў працаваць.

Дзеля таго, каб нейкім чынам уладкаваць сваё жыццё Яўген вырашыў адкрыць прадпрымальніцкую дзейнасць.

— Я адкрыў беларускую кавярню ў Варшаве. Мы прадаем там уласную выпечку: печыва, торцікі, дэсерты і робім каву.

Што азначае гэта – беларуская кавярня

Пры гэтым Яўген кажа, што з задавальненнем падзеліцца гэтым досведам, паколькі бачыць, як часта многія беларусы нерашуча спрабуюць рабіць такія рэчы ў Польшчы. Але найперш тлумачыць, што значыць: адкрылі «беларускую» кавярню. У іх у кавярні на сцяне вялікімі літарамі напісана, што гэта беларуская кавярня.

— Размаўляем з кліентамі з нашых краёў па-беларуску. Палякі, якія да нас прыходзяць, як правіла, цікавяцца Беларуссю, але, відавочна, ім не хапае інфармацыі пра нашу краіну. Некаторыя згадваюць свае карані, якія паходзяць з нашага боку. У нас ёсць адзін пастаянны кліент — дзядуля, які нарадзіўся каля Маларыты і памятае, як у дзяцінстве хадзіў там у грыбы. Ён лічыць сябе палякам, хаця прызнаецца, што беларус і вельмі ганарыцца тым, што ў яго раёне ёсць беларуская кавярня.


Глядзіце таксама

Наогул Яўген нават і не ўяўляў, што для многіх гэтая беларускасць будзе так шмат значыць.

— Беларусы прыходзяць да нас, апроч усяго, паразмаўляць, ім падабаецца атмасфера, беларуская мова. Ёсць сталыя кліенты, якія прыязджаюць нават з далёкіх раёнаў Варшавы, сталыя кліенты — беларускія студэнты, якія жывуць у суседнім інтэрнаце. Тым не менш, больш за палову кліентаў — палякі, яны імкнуцца нас падтрымаць. І беларусы бачаць, што робім добрую справу, прапагандуем нашу мову — пакідаюць чаявыя, купляюць увесь асартымент. Гэта вельмі прыемна.

Быў прыемна здзіўлены мясцовай бюракратыяй

Дарэчы, вяртаючыся да таго, чаму раптам кавярня, Яўген кажа, што меў даўнюю мару пра гэта, праўда, у яго не было аніякага досведу. А таму, маўляў, вырашыў пачаць з невялікага бізнесу, якім таксама ніколі раней не займаўся.

— Зразумела, што не хацелася рызыкаваць вялікімі грашыма. Я ўклаў у справу на той момант 50 тысяч злотых — гэта было эквівалентна 10 тысячам долараў. Гэтыя грошы мы патрацілі на працягу чатырох месяцаў: рамонт памяшкання, закуплялі неабходнае абсталяванне, мэблю, прадукты. І гэта была тая сума, якой можна было рызыкнуць. Нават калі не атрымаецца, то грошы невялікія па варшаўскіх мерках. У нас быў бізнес-план, і шчыра скажу, што атрымалася нават лепей, чым мы планавалі.

Што датычыць афармлення рознага кшталту дакументаў, адносінаў з рознымі адміністрацыйнымі службамі, то, як кажа суразмоўца, ведаючы сітуацыю ў Беларусі, быў прыемна здзіўлены тутэйшымі парадкамі.


Глядзіце таксама

— Гэта ўсё было настолькі проста, што я дарма не спаў начамі, хваляваўся, баяўся зрабіць памылку, пастаянна адкладваў прыезд санэпідэмстанцыі на зацвярджэнне памяшкання, бо мне здавалася, што нечага не дарабіў. А калі прыехала дзяўчына з санэпіда, паглядзела і адразу сказала, што ўсё нармальна, падпісала пратакол, маўляў, пачынайце працаваць. Я сядзеў, адкрыўшы рот, і запытаўся: ці не будзеце мераць вышыню столі, ці выцяжка адпавядае нормам?.. Яна патлумачыла, што ў мяне ўсё зроблена добра, тым больш, што тут невялікая дзейнасць.

Мне стала зразумела, на што ідуць мае падаткі

Яўген пачаў працаваць як індывідуальны прадпрымальнік. Паводле яго, гэта спрошчаная форма вядзення дзейнасці, яна не выклікае ніякіх праблем з бухгалтэрыяй, падатковай службай, што для многіх на першы погляд здаецца вельмі складаным.

— Гэта аказалася вельмі нескладана. Больш за тое, на кожным этапе існуе інфалінія, куды ты можаш патэлефанаваць — і па незразумелых пытаннях цябе пракансультуюць. Няма праблемы, што табе не адкажуць ці пачнуць пасылаць у іншыя кабінеты. І вось тут, у Польшчы, я пачаў разумець, навошта мы плацім такія падаткі – гэтыя грошы сапраўды трацяцца на абслугоўванне бізнесу. Усе гэтыя чыноўнікі жывуць за нашы грошы, і яны не хочуць цябе тапіць, а яны наадварот табе падказваюць, каб ты функцыянаваў. І гэта вельмі істотная розніца паміж тым, як да бізнесу ставяцца ў Беларусі.

У гэтай сувязі Яўген звяртае ўвагу на тое, што некаторыя беларусы, якія пачалі займацца бізнесам у Польшчы не ўцямілі адразу, што тут выгодней весці законны бізнес, а не працаваць па схемах, якія дазваляюць абыходзіць падаткі.


Глядзіце таксама

— Я размаўляў з прыяцелямі, якія спрабавалі рабіць бізнес у Польшчы і не рэгістравалі яго. Раскруцілі Інстаграм, Фэйсбук, і адна вялікая фірма зрабіла ім даволі значны заказ, а яны не маглі за яго ўзяцца, бо не мелі магчымасці выставіць фактуру для заказчыка. І гэта выклікала вялікае здзіўленне ў палякаў: вы маеце мільён падпісчыкаў, а дзейнічаеце нелегальна? І мы падказваем людзям, каб яны ад пачатку дзейнічалі згодна з законам.

Не шыкую, але на жыццё хапае

У Яўгена кавярня існуе ўжо крыху больш за год. За гэты час, паводле яго, давялося праводзіць шмат эксперыментаў з асартыментам, каб максімальна задаволіць попыт кліентаў і ў той самы час мець сабе прыбытак. Гэты, як ён заўважае, творчы працэс працягваецца ўсю дзейнасць. Цяпер ёсць думкі пра пашырэннеі бізнес.

— Мы ўжо ад самага пачатку пачалі выходзіць у плюс, імкнуліся мінімізаваць затраты. Хапае грошай, каб заплаціць за жыллё, хапае на ежу. Як кажуць палякі, шалу няма, не разбагацееш з адной кавярні, але на жыццё хапае.


Глядзіце таксама

— Яўген, а ты ўяўляеш сабе, што мог бы адкрыць такую кавярню ў Беларусі?

— Вельмі б гэтага хацеў і нават бачу, як яна будзе выглядаць, дзе мы будзем сустракацца з сябрамі, дзе будзе гучаць беларуская музыка, дзе ўсё будзе па-беларуску, але гэта яшчэ не сёння. Вельмі шкада, што гэты час, хутчэй за ўсё, прыйдзе не хутка, на жаль. Пра гэта думалася больш за 20 гадоў таму, але мушу прызнацца, што большая частка майго жыцця за гэты час прайшла ў змаганні з лукашызмам.

Цікаўлюся ў Яўгена, ці сумуе па Беларусі. Ён кажа, што настальгічныя моманты перажыў яшчэ ў часы, калі быў студэнтам. Да ўсяго, большасць яго сяброў цяпер жывуць у Польшчы. Праўда, прызнаецца, што не хапае сустрэч са знаёмымі ў Зэльве, дзе ён нарадзіўся і хадзіў у школу. Вось гэтага найбольш не хапае.