«Хацелася закрываць боль і канкрэтныя патрэбы». Беларуска ў Варшаве дапамагае іншым не страціць сябе

Выгнанне і эміграцыя — з'явы, з якімі тысячы беларусак і беларусаў вымушаны былі сутыкнуцца на ўласным досведзе, і далёка не кожная і не кожны гатовы былі да такога. Алеся Гмір дапамагае сваім суайчынніцам у Варшаве адаптавацца да новай рэальнасці.

Беларуская салідарнасць нікуды не знікае. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларуская салідарнасць нікуды не знікае. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Эміграцыя — заўсёды моцны стрэс. Чалавеку, вымушанаму пакінуць родную краіну на няпэўны прамежак часу, трэба нейкім чынам наладжваць жыццё, вучыць мову, шукаць працу і легалізавацца. Асабліва складана бывае жанчынам, якія не прывыклі клапаціцца пра сябе, бо ўвесь час клапоцяцца пра іншых. Пра тое, як можна дапамагчы беларускім эмігранткам знайсці новыя знаёмствы, падтрымку і не згубіць сябе, «Будзьма» пагаварылі з Алесяй Гмір — каардынатаркай жаночага клуба «ЯЁсць» у Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве.

— Алеся, калі і як Вы сама апынуліся ў эміграцыі?

— Я прыехала ў Польшчу яшчэ ў 2019 годзе па дастаткова празаічнай прычыне — праца. На працягу шасці гадоў я працавала брэнд-менеджарам, у Варшаве таксама займалася кіраваннем прадуктамі ў касметычнай індустрыі.

— Чаму Вы вырашылі змяніць месца працы?

— Усё змянілася пасля пачатку вайны ва Украіне: стала маральна цяжка працаваць у камерцыі. Я больш не хацела дапамагаць нейкаму багатаму мужчыну станавіцца яшчэ больш багатым праз маю працу (усміхаецца). Я даўно была знаёма з Алесем Лапко (кіраўнік Беларускага Моладзевага Хаба), ён прапанаваў мне стаць адміністратарам хаба. Я пагадзілася, бо разумела: гэта нейкі мінімум, які я магу зрабіць для грамадства. Для беларусаў, прынамсі. Праз некалькі месяцаў я стала каардынатаркай праекта «ЯЁсць». Яго стварыла і запусціла раней Стася Гліннік.


Алеся Гмір. Фота: budzma.org

Алеся Гмір. Фота: budzma.org

— Наколькі складаным для Вас быў пераход з бізнесу ў некамерцыйны сектар?

— Спачатку падавалася, што вельмі лёгка, але, канешне, пэўныя складанасці былі. Былі нюансы, напрыклад, у дакументаабароце, таму мне давялося вывучаць падатковае заканадаўства. Увогуле, трэба было прызвычаіцца, што на першы план ставяцца інтарэсы людзей, а не фінансавы чыннік.

Менавіта гэтага я шукала: мне хацелася дапамагаць людзям, але не ўсяму свету, а закрываць боль і канкрэтныя патрэбы. Я зразумела, што мне вельмі важная зваротная сувязь. Калі я працавала над запускам умоўнай губной памады, то ў выніку бачыла толькі лічбы ў маніторы, ад якіх няма аніякага маральнага задавальнення. У хабе ж мне асабіста дзякавалі жанчыны, калі праект скончыўся. Падыходзілі, бралі за рукі, абдымалі, плакалі і казалі, што мы іх выцягнулі. Зараз я гэта кажу — і зноў мурашкі па скуры.

— Раскажыце пра праект больш падрабязна.

— Гаворка вядзецца пра «ЯЁсць» — гэта праграма адаптацыі беларускіх жанчын у Польшчы. Мы намагаліся дапамагчы з самых розных бакоў. На першым этапе было 16 заняткаў з псіхолагам. Мы так зрабілі адмыслова, каб «раскалупаць» людзей, лепей зразумець праблематыку і потым паступова з рознымі спецыялісткамі закрываць нейкія «болі». Мы адмыслова адаптавалі праграму пад запыты ўдзельніц. Напрыклад, у нас былі лекцыі па легалізацыі. Там было і пра візы, і пра віды на жыхарства, і нават пра тое, як легалізаваць уласны бізнес. Потым у нас былі кар’ерныя кансультацыі, дзе, банальна, расказвалі, як скласці рэзюмэ.

Чаканні ад праграмы, калі ты сама яе прыдумляеш, і рэальныя патрэбы людзей моцна адрозніваюцца. Жанчыны былі настолькі разгубленыя, што ім былі патрэбны вельмі базавыя рэчы — як тое ж складанне рэзюмэ. Шмат каму падавалася, што з беларускімі дыпломамі яны нікому не патрэбны і давядзецца зарабляць на жыццё мыццём посуду. Аднак напрыканцы праграмы некаторыя ўдзельніцы пачалі хадзіць на сумоўі ў польскія кампаніі. То-бок было бачна, што змяняюцца ўстаноўкі і людзі змяняюцца разам з імі.

Таксама ў нас праходзіў базавы курс польскай мовы, каб дапамагчы ўдзельніцам сацыялізавацца ў Польшчы, і лекцыі, звязаныя з рознымі хобі, каб унесці разнастайнасць і каб праграма не ператварылася ў цяжкую працу. Напрыканцы для тых удзельніц, якія рэгулярна хадзілі на заняткі, мы прапанавалі некалькі індывідуальных сустрэч з псіхолагам бескаштоўна. Праект фінансава падтрымлівала амбасада Канады, таму мы запрашалі да ўдзелу прафесійных лектарак, псіхалагінь, зладзілі інтэграцыйныя івэнты.


Глядзіце таксама

Мы атрымалі вялікую зваротную сувязь: жанчыны былі моцна ўдзячныя і прасілі працягнуць праграму. Таму мы прынялі рашэнне працягваць, нагледзячы на тое, што канадскага праекта гэтым разам не атрымалі. Хутка ў нас пачнецца другі сезон, дзе зноў будуць сустрэчы з псіхалагіняй. Мы вырашылі пачаць з тэмы «Як перажыць зіму», бо шмат для каго з нас зіма — вельмі дэпрэсіўны час праз надвор’е і кароткі светлавы дзень, таму варта ведаць, як сябе падтрымаць. Акрамя псіхолага ў нас будуць і іншыя эксперты, але мы зноў будзем ісці ад запыту.

— Ці змогуць удзельнічаць тыя, хто не быў у першым сезоне?

— Абавязкова! Мы і не ставілі сабе абмежаванняў, што на заняткі могуць хадзіць толькі тыя, хто запісаліся ад пачатку. Былі дзяўчаты, якія пачалі хадзіць з сярэдзіны праграмы ці далучыліся толькі пасля апошніх сустрэч. Канешне, вакол праграмы ўжо сфарміравалася пэўная супольнасць: удзельніцы маюць свой чат, дзе перапісваюцца на самыя розныя тэмы і дамаўляюцца сустрэцца нефармальна.

— Як вы можаце апісаць сваю мэтавую аўдыторыю?

— Цяпер асноўная аўдыторыя — гэта жанчыны ад 30 да 50 гадоў. Гэта дастаткова шырокая «вілка», але мы наўмысна не ставілі абмежаванняў па ўзросце, каб усім было камфортна. Увогуле ў нашай сітуацыі засноўвацца на ўзросце ды іншых дэмаграфічных характарыстыках — не вельмі актуальна, бо з падобнымі праблемамі ў адаптацыі сутыкаюцца жанчыны і 30 гадоў, і 50-ці. Зразумела, што спецыфіка ўнутры будзе адрознівацца, але для гэтага і былі задуманы індывідуальныя кансультацыі.

Адзінае што — мы не запрашаем на гэту праграму мужчын. Нас нават адзначалі пад нейкімі допісамі ў Facebook, дзе нашу праграму называлі дыскрымінацыйнай датычна мужчын.

Насамрэч у нас была думка зрабіць падобную праграму для мужчын, але ад жанчын было значна больш зацікаўленасці. Да таго ж, я сама дзяўчына. Не ведаю, ці змагу зразумець «мужчынскую» праблематыку. Аднак, калі ёсць спікеры, якія маглі б арганізаваць падобную праграму для мужчын, мы будзем рады.

— Чаму вы вырашылі рабіць праграму менавіта для жанчын, а не накіраваную на людзей усіх гендараў, напрыклад?

— Мы засноўваліся на афіцыйных даследаваннях. Мы пабачылі, што, згодна з вынікамі даследаванняў, менавіта жанчыны-мігранткі знаходзяцца ў больш уразлівым стане. Даволі часта, калі пераязджае пара, мужчына і жанчына, то менавіта жанчына застаецца дома, не працуе, не вучыць мову і не сацыялізуецца. Паколькі ў такой мігранткі няма аніякага сацыяльнага кола, яна не можа ні да каго звярнуцца па падтрымку. Асабліва ў сітуацыі, калі пачынае адбывацца хатні гвалт з боку мужчыны, ад якога жанчына цалкам залежыць.

Мы самі разумелі з размоў з людзьмі, якія ходзяць у хаб, і па паведамленнях у такіх групах, як «Беларусы Варшавы», што праблема адаптацыі жанчын — актуальная.

— Колькі ў сярэднім прыходзіла ўдзельніц на заняткі ў межах праграмы?

— Гэта моцна залежала ад тэмы. У сярэднім было 25-30 удзельніц на занятку. Але, напрыклад, на тэмы легалізацыі і кар’ернай кансультацыі сабралася яшчэ больш людзей.


Глядзіце таксама

Мы потым падбівалі статыстыку, дзе палічылі колькасць людзей, якія наведалі, прынамсі, адну імпрэзу. Атрымалася, гэта 83 жанчыны. Падаецца, што лічба невялікая, але мы разумелі, што гэтым жанчынам было складана нават адзін раз прыйсці і паўдзельнічаць. Некаторыя дзяўчаты расказвалі, як прыходзілі на імпрэзу, на вуліцы бачылі, што ў будынку хаба ўжо нешта адбываецца, і не давалі рады зайсці.

Уявіце, жанчынам складана простапрыйсці па дапамогу на нейкае мерапрыемства. Уявіце тады, колькі з іх баяцца звярнуцца да лекара, да псіхолага, у паліцыю.

— Паколькі ў вашай ініцыятывы яўная гендарная скіраванасць, ці не думалі вы зладзіць калабарацыю з беларускімі ці польскімі феміністкамі?

— У нас было шмат розных планаў і ідэй, аднак апошнім часам шмат сілы і энергіі сышло на тое, каб аднавіць працу арганізацыі. Асабіста ў мяне не было сіл, каб запускаць новыя праекты. Аднак цяпер мы працягваем працу і будзем развівацца далей. Калі хтосьці прачытае артыкул і зразумее, што зможа быць карыснай для нашых жанчын, захоча «запартнёрыцца» нават на адну імпрэзу, мы будзем вельмі рады. Аднак мы самі пакуль не пачыналі такую працу.

— Калі вам, напрыклад, напіша гендарная даследчыца і прапануе правесці лекцыю, вы будзеце «за»?

— Абсалютна. Па-першае, гэта якраз профіль нашага праекта. Па-другое, мы заўсёды за адукацыйную і асветніцкую тэму. Да таго ж, гендарная тэматыка можа быць цікавая не толькі жанчынам на праекце, але, я думаю, нават і мужчынам.

— Ці можаце вы прыгадаць гісторыю, калі б жыццё кагосьці з удзельніц моцна змянілася пасля ўдзелу ў праграме?

— Магу прыгадаць нават дзве гісторыі.

Адна дзяўчына на пачатку праграмы была яўна ў дэпрэсіўным стане: казала, што ёй цяжка нават уставаць. Паступова праз удзел у праграме ў яе з’яўляліся сілы, яна стала больш упэўненай у сабе. Яна даўно марыла пра свой бізнес, звязаны з кулінарыяй, але гэта ўсё было толькі на ўзроўні хобі. Цягам праграмы яна зразумела, што можна спрабаваць незалежна ад таго, колькі табе гадоў, у якой ты краіне, ведаеш ты мову ці не.


Глядзіце таксама

Гэта дазволіла ёй пайсці на курсы, і на апошняй сустрэчы яна дзялілася канкрэтным паступовым планам, як і што яна будзе рабіць. Мы працягваем камунікаваць, і я бачу, што яна сапраўды рэалізуе гэты план.

З крышку больш сумнага, быў такі водгук, які зачапіў асабіста мяне. Пасля праграмы другая дзяўчына дазволіла сабе адпачынак. Гэта быў першы яе адпачынак за 20 гадоў. Падаецца, падумаеш, паехала ў адпачынак. Але я бачу, якую вялікую працу яна зрабіла, каб гэта сабе дазволіць.