Год сервісу «Новая Беларусь»: Павел Лібер расказаў, што зроблена

Лічбавай экасістэме «Новая Беларусь» споўніўся год. Літаральна праз некалькі тыдняў пасля запуску ўлады ў Мінску прызналі платформу экстрэмісцкай. 1 снежня 2023 года сузаснавальнік праекта Павел Лібер на прэс-сняданку ў варшаўскім бары GiGi распавёў, чаго ўдалося дасягнуць за год і якія планы ў каманды на будучыню, піша reform.by.

Фота reform.by

Фота reform.by

Паводле слоў Паўла, усяго яны зафіксавалі 58 тысяч карыстальнікаў экасістэмы і каля 33 тысяч чалавек выкарыстоўвалі непасрэдна мабільны дадатак. Прадказальна, асаблівую цікавасць выклікала медыцынская платформа для анлайн-кансультацый, якой актыўна карысталіся наведвальнікі як за межамі Беларусі, так і ўнутры краіны.

Спрацаваў і пілотны праект са зборам сродкаў праз дабрачынны падатак пры падачы дэкларацыі ў Польшчы і Літве падатковымі рэзідэнтамі. Нагадаем, калі вы плаціце падаткі ў гэтых краінах, у вас ёсць магчымасць пры падачы гадавой дэкларацыі пазначыць арганізацыю, якой вы хацелі б перадаць грошы. У адваротным выпадку дзяржава сама вырашыць, хто атрымае дабрачынны падатак.

Дык вось усяго такі крок зрабілі 250 карыстальнікаў, у тым ліку, імаверна,юрыдычныя асобы. У выніку «Новая Беларусь» атрымала на свой рахунак 42 тысячы еўра. Прама скажам, для пілотнага праекта нядрэнна. Як адзначыў Павел Лібер, каманда змагла адтэставаць мадэль і ўзаемадзеянне з донарамі, прыняцце калектыўнага рашэння і механізм далейшага размеркавання сабраных сродкаў. У бліжэйшыя гады гаворка можа ісці пра сотні тысяч еўра, сабраных такім чынам.

Удзельнікі вырашылі выдаткаваць сабраныя грошы на беларускую бібліятэку ў Літве і англамоўны партал па гісторыі Беларусі.

За год «Новая Беларусь «таксама дапамагла ў правядзенні 7 беларускіх фестываляў і стварэнні «Культурнай мапы», прасоўвала супольнасці.

Яшчэ адным вынікам гадавой працы стала больш цвярозае ўспрыманне рэальнасці. Асабліва, калі параўноўваць з тым, як аўтарам бачыўся праект на старце. Павел Лібер назваў гэта прызнаннем памылак. У першую чаргу каманда выразна не сфармулявала канцэпцыю праекта. Заява, што гэта будзе «лічбавая дзяржава», хутчэй адпудзіла патэнцыйных удзельнікаў. Аўтары таксама не чакалі, што беларусы настолькі стаміліся ад грамадска-палітычнага парадку дня. Прызнае Лібер і праблемы з камунікацыяй. Шырокая аўдыторыя проста не змагла даведацца пра магчымасці платформы.


Глядзіце таксама

Што плануецца ў 2024-м?

Ужо ў студзені будзе запушчаны так званы медыяагрэгатар. Размовы пра яго ідуць даўно, Павел дзяліўся ідэямі з рэдакцыямі беларускіх медыя, атрымліваў зваротную сувязь. Пасля таго як незалежныя медыя заблакавалі і выкінулі з многіх агрэгатараў, любыя ініцыятывы, звязаныя з прасоўваннем медыя, выклікаюць павышаную цікавасць.

Медыяагрэгатар «Новая Беларусь» пабудаваны на AI і будзе агрэгаваць Беларускія, мясцовыя і сусветныя медыя. Ён будзе ўмець збіраць навіны ў сюжэты, выбіраць важныя, фільтраваць у залежнасці ад налад карыстальніка і перакладаць на зручную для карыстальніка мову. Паглядзім, ці зможа сэрвіс прапанаваць скразны пошук па навінах і алерты на ключавыя словы.

Яшчэ адзін патэнцыйна запатрабаваны сервіс, які павінен быць запушчаны ў наступным годзе — сервіс арганізацыі івэнтаў. Мяркуецца, што там будзе рэалізаваная ананімная рэгістрацыя, мінімальная камісія на квіткі, інтэграцыя з Apple Wallet, Інтэрактыўная карта падзей і супольнасць для абмеркавання івэнтаў.

Гучыць бадзёра і маладзёжна ідэя сервісу бясплатных парадаў з працоўнай назвай «AI-Барадзед». Штучны інтэлект зможа даваць кансультацыі па легалізацыі ў асноўных краінах пражывання беларусаў. І не толькі. Пры гэтым, як распавёў Павел, інфармацыя будзе заўсёды актуальнай, у адрозненне ад статычных гайдаў на сайтах іншых ініцыятыў, таму што AI будзе збіраць яе ў рэжыме анлайн з афіцыйных крыніц.

Закрываць базавыя патрэбы беларусаў, якія жывуць за мяжой, «Новая Беларусь» будзе з дапамогай «беларускага ціндара». Аўтары называюць свой сервіс «сацыяльнымі знаёмствамі» і прызнаюць, што не ўсе карыстальнікі так ужо імкнуліся быць ананімнымі. Менавіта для такіх будуць запушчаны сервісы знаёмстваў для ўстанаўлення сацыяльных сувязяў і для пошуку бізнес-партнёраў.

Апошняя ідэя, якая была заяўлена на прэс-сняданку і будзе рэалізаваная ў 2024 годзе — віртуальны палітычны офіс. Гаворка ідзе аб стандартным наборы опцый для арганізацыі ўзаемадзеяння любой арганізацыі або ініцыятывы з патэнцыяльнымі партнёрамі і аўдыторыяй: зваротная сувязь, навіны, грамадскія абмеркаванні, расклад мерапрыемстваў і наведванняў.

«Мы па-ранейшаму не будзем збіраць персанальныя дадзеныя нашых карыстальнікаў, каб пазбегнуць уцечак. І мы працягнем удасканальваць нашы сістэмы асабістай бяспекі», — патлумачыў Павел Лібер.

Hastrafest Novaj Biełarusi

Бонусам стаў Hastrafest Novaj Biełarusi. Менавіта там «Новая Беларусь» прапануе карыстальнікам адзначыць яе першы дзень нараджэння. Фестываль беларускай гастракультуры ўжо пачаўся і працягнецца да 10 снежня ў трох краінах і пяці гарадах: Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. У ім удзельнічаюць 11 беларускіх бараў, кафэ і рэстаранаў.